Вы тут

Як здымаецца дзіцячая праграма «Дабраранак»


Дзіцячая праграма «Дабраранак» па ўзросце і сама яшчэ дзіця — у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» яна выходзіць крыху больш як 3 гады. Зрэшты, нават за такі непрацяглы час творчая група пацвердзіла якасць новага прадукту, атрымаўшы ў 2015 годзе «Тэлевяршыню» за найлепшую ў Беларусі праграму для дзяцей і юнацтва.


Рэ­жы­сёр пра­гра­мы вы­строй­вае кадр: рас­стаў­ляе рэ­кві­зіт і пры­бі­рае ўсё ліш­няе.

Улічваючы бязлітасныя лічбы рэйтынгаў і патрабавальнасць сваёй аўдыторыі — дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту — тэлевізійнікі рэгулярна абнаўляюць праект, прыдумляючы новых герояў, змяняючы эфірную застаўку і студыйнае афармленне, тэмы і рубрыкі. Маленькія гледачы і іх бацькі, у сваю чаргу, з задавальненнем ідуць на зваротную сувязь з аўтарамі. А «Звязда», скарыстаўшыся магчымасцю, зазірнула на здымачную пляцоўку праграмы і даведалася, аб чым «Дабраранак» расказвае сваім гледачам і чаму нельга абысціся проста мульцікамі.

Бадай, першае, што кідаецца ў вочы, калі пераступаеш парог дзіцячай студыі, — яркая пляма здымачнай пляцоўкі, стол пасярэдзіне і дзве пары доўгіх вушэй над ім. Пад сталом у гэты час ідзе нейкая валтузня і гучыць ціхая гаворка на розныя галасы — здаецца, там хаваецца цэлы лялечны тэатр Карабаса-Барабаса, а не два чалавекі, якія адказваюць за зайцоў Касю і Лесіка. Спачатку, дарэчы, зайцоў было трое, але камп'ютарны герой, сонечны зайчык Ясік, паступова знік з эфіру.

— А хто ў нас зайцы? — цікаўлюся я, пакуль зацягнутыя ў чорнае артысты «ўжываюцца» ў сваіх персанажаў.

— Акцёры вышэйшай катэгорыі сталічнага Тэатра лялек Наталля Кот-Кузьма і Дзмітрый Чуйкоў, — прадстаўляе рэжысёр Аліна Цітовіч. — Калі «Дабраранак», так бы мовіць, аддзяліўся ад «Калыханкі» і ў ім з'явіліся ўласныя, фірменныя персанажы-зайцы, мы праводзілі маштабны кастынг, на якім было вельмі многа прэтэндэнтаў. Улічвалася ўсё: тэмбр голасу, валоданне беларускай мовай, акцёрская харызма... У выніку, я лічу, атрымаўся проста цудоўны і непаўторны тандэм; хто б нас ні глядзеў, прызнаюць, што «вашы зайцы — проста супер». У іх дакладна прадуманыя вобразы і характары: Лесік — разумнік, а Кася — прыгажуня, і нашы акцёры выдатна падтрымліваюць гэта амплуа з праграмы ў праграму.

Нагадаем, з 1 сакавіка ў сувядучыя да зайцоў далучыліся чацвёра мінскіх школьнікаў, якія, паводле задумкі стваральнікаў праграмы, зробяць «Дабраранак» больш цікавым і блізкім для сваіх аднагодкаў. «Мы шукалі самых працаздольных, кемлівых і адказных дзяцей, якія змогуць удзельнічаць у здымках нароўні з дарослымі акцёрамі, — тлумачаць тэлевізійнікі. — Напрыклад, сёння мы здымаем дзве праграмы, а гэта два сцэнарыі старонак па 8 кожны, і іх трэба ведаць ледзьве не на памяць. Плюс, вядома, патрабаванне тэлегенічнасці, раскаванасці перад камерай — і, галоўнае, добрага валодання беларускай мовай! Мы бачылі на кастынгу выпадкі: прыходзіць дзіця, расказвае тэкст па-беларуску, але відавочна, што гэтыя словы проста завучаны механічна, без розніцы, на беларускай або кітайскай мове, і дзеці не разумеюць, аб чым гавораць... І пры ўсім гэтым вядучыя мусілі быць блізкімі па ўзросце да нашых гледачоў».

Та­кую кар­цін­ку ба­чаць з эк­ра­наў тэ­ле­гле­да­чы...

...а та­кую — зды­мач­ная гру­па «Даб­ра­ран­ка»!

«Прашарсціўшы» беларускамоўныя гімназіі і прагледзеўшы не адзін дзясятак кандыдатаў, прадзюсары адабралі ў «Дабраранак» двух хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. Але не спяшайцеся зайздросціць папулярнасці юных вядучых. Безумоўна, дзеля здымак іх раз на тыдзень вызваляюць ад школьных заняткаў — але гэтыя пропускі дзецям даводзіцца адпрацоўваць без усякіх паблажак з боку настаўнікаў. Дый самі здымкі, якія праходзяць на вуліцы Макаёнка, — гэта вам не пяціхвіліннае «сэлфі з зайцамі», а паўнавартасны працоўны дзень акцёра са шматлікімі дублямі, рэпетыцыямі, рэжысёрскімі папраўкамі і ўдакладненнямі. Не кожны дарослы вытрымае!

Зрэшты, як нам па сакрэце расказала сённяшняя вядучая — вучаніца 4 «А» класа 167-й сталічнай школы Варвара Саскавец, яе такі рэжым працы зусім не палохае і не напружвае. Ну, дык на тое Вара і выдатніца, якая, акрамя рускай і беларускай, добра ведае англійскую мову і дадаткова вывучае польскую.

— І што пра твае здымкі кажуць у школе: мабыць, крытыкуюць, асабліва настаўнікі беларускай мовы?

— Не-не, — круціць галавой дзяўчынка, — тут як быццам усё ў парадку. Наогул, у школе многія гавораць, што бачылі мяне па тэлевізары, і ўсім праграма падабаецца.

Таксама праграмы з удзелам Варвары пільна глядзіць яе сям'я, і калі заўважаць пэўныя хібы і памылкі, абавязкова звернуць на гэта ўвагу — не дзеля крытыкі, а каб наступны раз атрымалася лепш.

— А табе самой падабаецца?

— Вельмі! Я люблю здымацца, адчуваю, што камера — гэта дакладна маё. Ужо здымалася ў дзвюх рэкламах, а потым мама ўбачыла аб'яву пра гэты кастынг, ну вось — я і прайшла.

Тут дзяўчынку выклікаюць «на пазіцыю», і яна з дапамогай нейкай хітрай акрабатыкі ўладкоўваецца побач з зайцамі ў хісткім з выгляду высокім крэсле. Пасля доўгіх перастановак рэквізіту і лялек — так, каб усе героі ўмяшчаліся ў кадр і не заміналі адно аднаму, — Вара атрымлівае строгі наказ трымаць спіну роўна, чуе запаветную каманду рэжысёра: «Пачалі!». Вельмі ўпэўнена, дэманструючы гледачам талерачку з фігурным печывам, школьніца расказвае ў некалькіх словах пра свята Саракі, што традыцыйна адзначаецца ў сакавіку на вясновае раўнадзенства. Пасля культурнага экскурсу і дыялогу з сувядучымі можна крыху разняволіцца ды запрасіць гледачоў на мультфільм.

У новым сезоне і абноўленым фармаце «Дабраранак» запрашае сваіх гледачоў да інтэрактыву — і з задавальненнем прымае званкі, допісы ў сацыяльных сетках, лісты, малюнкі і змайстраваныя дзецьмі вырабы. Адну з дасланых на праграму вясенніх карцінак вядучыя дэманструюць гледачам, заахвочваючы ўсіх далучацца.

— Я пакуль аднясу малюнак у выстАвачную залу, — гаворыць Варвара.

— ВЫставачную! — хорам падказваем мы, дарослыя, і юная вядучая паслухмяна папраўляецца.

— Бачыце, — заўважае рэжысёр, — якое жыццё ў дзіцяці: націскі падобныя, камеры розныя — тут агульны план, там буйны, і трэба не пераблытаць, куды глядзець, кожную памылку даводзіцца выпраўляць і пераздымаць сцэну, — а яна ўсміхаецца і яшчэ пасля дзвюх праграм будзе ўсміхацца.

— Няхай прывыкае да жыцця артыста, — строга гудзе з-пад стала заяц Лесік — Дзмітрый Чуйкоў. Дзяўчынка ў адказ усё гэтак жа адкрыта ўсміхаецца, нібы і не сядзіць у студыі ўжо некалькі гадзін.

«За­раз мы ця­бе, брат, па­пра­вім», — уга­вор­вае свай­го пер­са­на­жа Дзміт­рый Чуй­коў.

Наогул, час на здымках дзіцячай праграмы бяжыць хутка. Ды і ў ранішнім тэлеэфіры, улічваючы бадзёрую зарадку, карысныя парады дзецям ад спецыялістаў (сярод якіх, напрыклад, урачы, псіхолагі, педагогі, прадстаўнікі МНС, супрацоўнікі розных музеяў) і мультыплікацыйныя перапынкі, паўгадзіны праходзяць зусім незаўважна.

Тым не менш «Дабраранак» выходзіць штодня, і кожную раніцу тэлевізійнікам трэба вырашаць няпростыя задачы — мала таго што зацікавіць сучасных дзяцей, для многіх з якіх беларуская мова ці не цяжэйшая за замежную, але і тыдзень за тыднем, месяц за месяцам не паўтарацца ў выбраных тэмах гаворкі. «Так, — пагаджаюцца сцэнарысты праграмы, — па вялікім рахунку, гэта канвеер, і, каб не паўтараць па сто разоў адно і тое ж, мы спрабуем чапляцца не за саміх дзяцей, а за навакольны свет — надвор'е, прыроду, новыя і старыя гульні... І ўсё адно, калі прыходзіць новая думка, перш за ўсё правяраеш: а я пра гэта раней не пісала? А іншыя сцэнарысты (нас на праграме працуе чацвёра)? І толькі тады пачынаеш разгортваць, развіваць тэму далей».

— Мы разумеем, што ёсць сур'ёзныя канкурэнты ў выглядзе расійскіх і замежных чыста мультыплікацыйных тэлеканалаў, — значна лягчэй пад мульцікі накарміць і апрануць дзіця, чым самастойна з ім займацца, — канстатуюць стваральнікі праграмы. — Але ў «Дабраранка» не толькі забаўляльны, але і пазнавальны кірунак, і для нас вельмі важна не толькі паказаць дзецям яркія карцінкі, але і расказаць ім, прычым на зразумелай і правільнай беларускай мове, пра цікавыя, карысныя і проста патрэбныя ў жыцці рэчы.

Да мовы ў «Дабраранка», як і ў тэлеканала «Беларусь 3», наогул падыход прынцыповы і максімальна строгі: рэдактары па некалькі разоў пераправяраюць па слоўніках словы і выразы, значэнне, правапіс і вымаўленне якіх выклікаюць сумненні. «У раздрукаваных для нашых вядучых сцэнарыях выверана кожнае слоўца, — запэўнівае рэжысёр, — вялікімі літарамі вылучаны правільныя націскі, а калі падчас здымак у нас узнікаюць спрэчкі: «паглядзІм або паглЯдзім», «садавінА ці садавІна», «зімУ ці зІму» — робім паўзу, тэлефануем рэдактарам і ўдакладняем гэтыя моманты, бо мы нясём адказнасць перад дзецьмі — вядучымі і гледачамі».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Зайцоў выклікалі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».