Вы тут

Як забяспечыць работай усіх?


Гэта пытанне застаецца адным з самых актуальных. З пачатку года ў службы занятасці па садзейнічанне ў працаўладкаванні звярнуліся больш за 37 тысяч беларусаў. 30 тысяч з іх пастаўлены на ўлік у якасці беспрацоўных. Пры гэтым колькасць вакансій на пачатак сакавіка — каля 40 тысяч, што амаль у паўтара раза больш, чым год таму. Амаль 49 працэнтаў свабодных месцаў — па рабочых прафесіях.


Неабходны вопыт ёсць

Трэба адзначыць, што за год напружанасць на рынку працы знізілася: калі ў сакавіку 2016-га на адну вакансію прыпадала 1,8 беспрацоўнага, то цяпер — 1,1. Магчымасць умоўнага працаўладкавання вырасла з 56 да 94 працэнтаў. А ў Гродзенскай, Магілёўскай абласцях і Мінску прапаноў ад наймальнікаў больш, чым афіцыйна зарэгістраваных незанятых грамадзян.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны працягвае рэалізоўваць меры актыўнай палітыкі занятасці. За студзень-люты на пастаянную работу былі ўладкаваны 19 тысяч чалавек (у тым ліку 15 тысяч беспрацоўных). 1,2 тысячы беларусаў накіравалі на курсы прафесійнай перападрыхтоўкі (на 34 працэнты больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года). У аплатных грамадскіх работах прынялі ўдзел амаль
11 тысяч чалавек.

У міністэрстве запэўніваюць: службы занятасці маюць неабходны вопыт і магчымасці аказаць якасныя паслугі тым, хто хоча працаўладкавацца ці атрымаць новую запатрабаваную спецыяльнасць.

Нагадаем, што летась на новыя месцы былі ўладкаваны 71,4 тысячы чалавек (пры задачы ў 50 тысяч). Мэта на гэты год — стварыць мінімум 70 тысяч новых працоўных месцаў.

Дапамога ўразлівым катэгорыям

У Мінску памер фінансавання на мерапрыемствы па садзейнічанні занятасці на гэты год павялічаны ў 1,2 разы — да 4,3 мільёна рублёў. Плануецца, што сталічныя органы па працы дапамогуць знайсці работу 13 тысячам гараджан.

Працягнецца таксама маніторынг сацыяльна-працоўнай сферы. Будуць рэгуляваць прыцягненне кадраў з-за мяжы, прымаць меры па папярэджанні вызвалення работнікаў і выхаду іх на біржу, па інтэграцыі ў эканоміку гараджан з нізкай канкурэнтаздольнасцю і матывацыяй да працы.

Прадугледжаны і новыя напрамкі дзейнасці. Напрыклад, будзе арганізоўвацца навучанне маці, якія гадуюць дзяцей да трох гадоў. Наймальнікам збіраюцца кампенсаваць выдаткі на перападрыхтоўку спецыялістаў, што знаходзяцца пад пагрозай звальнення, маюць доўгі (больш за год) перапынак у працы. Каб дапамагчы набыць практычны вопыт тым, хто доўга не працаваў у сувязі з доглядам дзіцяці да трох гадоў ці дзіцяці-інваліда да 18 гадоў, прадпрыемствы будуць часткова пакрываць расходы на выплату заробкаў для такой катэгорыі.

Цяпер у Мінску адкрыта амаль 9 тысяч вакансій. Сярод рабочых прафесій самыя запатрабаваныя — прадавец (207 прапаноў) і мантажнік будаўнічых канструкцый (195). Попытам у сталічных наймальнікаў карыстаюцца таксама кіроўцы аўтамабіляў, кухары, прыбіральшчыкі памяшканняў, бетоншчыкі. Калі казаць пра спецыялістаў і служачых, то рынку працы найбольш не хапае медыцынскіх сясцёр (703 вакансіі), урачоў (429) і інжынераў-праграмістаў (353).

Вакансіі — у сельскай гаспадарцы і гандлі

А якую работу могуць прапанаваць у рэгіёнах?

— У нас раён сельскагаспадарчы, таму і большасць вакансій адпаведнага профілю: пачынаючы ад спецыялістаў і заканчваючы аператарамі машыннага даення, жывёлаводамі, — расказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацабароне Драгічынскага райвыканкама Таццяна МАСЮК. — Уладкоўваем таксама прадаўцамі ў гандлёвыя пункты райспажыўтаварыства, урачамі.

Летась у Драгічынскім раёне было створана 118 новых працоўных месцаў. Большасць — у сферы гандлю і паслуг.

У Навагрудскім раёне рынак працы арыентаваны на рабочыя прафесіі. У мясцовай службе занятасці адзначаюць, што асноўны попыт фарміруе сфера матэрыяльнай вытворчасці: сельская, лясная і рыбная гаспадарка, прамысловасць. Такая сітуацыя застаецца ўстойлівай на працягу шэрагу гадоў. Пры гэтым свабодныя месцы на прадпрыемствах і гаспадарках не заўсёды адпавядаюць узроўню адукацыі, прафесійным навыкам і пажаданням грамадзян. З тых жыхароў раёна, што звярнуліся па садзейнічанне ў працаўладкаванні ў студзені-лютым, работу ўдалося падабраць 78 працэнтам.

На месцах актыўна ідзе перанавучанне грамадзян па запатрабаваных прафесіях. Так, у Бярозаўскім раёне летась на курсы накіравалі 59 чалавек. 64 працэнты з іх праходзілі адукацыю па заяўках наймальнікаў з гарантыяй працаўладкавання. Пераважна рыхтуюць па рабочых прафесіях: аператар кацельнай, электрагазазваршчык, машыніст-качагар, кіроўца пагрузчыка, цырульнік.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Саіскальнікам — прапановы, наймальнікам — кампенсацыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?