Вы тут

У Магілёўскім абласным тэатры прайшоў спектакль «Скарына»


Здавалася б, жанр «спектакль да даты» дыскрэдытаваў сябе за савецкім часам і адышоў у нябыт. Аднак 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і шэраг Францыскаў Скарынаў, што паступова пачынаюць з'яўляцца ў тэатральнай прасторы, правакуюць яго стыхійнае аднаўленне і кідаюць крытыкам выклік: «Ну што? Насамрэч усё так дрэнна?» Насамрэч — не.


У спектаклі «Скарына» Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра першадрукар паўстае перад гледачом нешаблонным героем — членам таемнага брацтва, папярэднікам масонаў. Ён упэўнены, што таямніцы свету і Бога могуць быць спазнаныя толькі дасканалым чалавекам, якім і імкнецца быць. Але ж кнігі і дасканаласць патрабуюць ахвяр...

Канфлікт паміж служэннем грамадству і ўласным шчасцем, паміж сэрцам і розумам — каркас п'есы Мікалая Рудкоўскага «Доктар вольных навук», паводле якой і пастаўлены спектакль. Скарына сутыкаецца з гэтым выбарам двойчы. На пачатку свайго кнігадрукарскага шляху, калі рашэнне ён здольны прымаць, кіруючыся гіпатэтычнымі аргументамі, і ў сталым веку, ужо шмат чым сапраўды ахвяраваўшы.

Гісторыя Скарыны, расказаная Мікалаем Рудкоўскім, набліжаная да міракля — сярэднявечнага тэатральнага жанру, адметнасцю якога з'яўляецца здзяйсненне цуду. Рэжысёр Саўлюс Варнас падхоплівае гэтую ідэю і пазначае ў анатацыі да спектакля: «У 1517 годзе выйшла першая друкаваная беларуская кніга — «Псалтыр». Сапраўдны прарыў у выдавецкай справе, культурная рэвалюцыя, ды чаго там — сапраўдны цуд!» А ў самой пастаноўцы падтрымлівае ідэю ілюзіянісцкімі прыёмамі і цыркавымі алюзіямі. На сцэне, бы ў густоўным шоу фокусніка, з'яўляюцца дзяўчаты на шарах і веласіпедах, жывыя пітоны, старонкі раскрытай кнігі натуральна пачынаюць гарэць, расліна з'яўляецца з пяску, як трус з цыліндра.

Варнас — бясспрэчны майстар атмасферы на сцэне. У «Скарыне» гэта асабліва заўважна ў містычных эпізодах. Напрыклад, у пачатку другой дзеі, калі да пажылога Францыска на Дзяды прыходзяць яго памерлыя сябры, сваякі, каханая. Цяжка апісаць, з чаго менавіта ўтвараецца адчувальнае для гледачоў памежжа таго свету і гэтага. Дый ці магчыма ўвогуле? Бо не толькі ж у мізансцэнах, святле ды рэжысёрскай устаноўцы справа. Магія Саўлюса Варнаса — у асаблівай здольнасці спалучаць складнікі, прычым не заўсёды для нас прыкметныя. Гэта асаблівае ўменне выяўляецца шмат у чым. Так, некаторыя з «акцёраў» з'явіліся ў спектаклі дзіўным чынам. Варнас ішоў па вуліцы Магілёва і заўважыў хлопца, які нёс на шыі невялікага пітона, дома яго чакаў яшчэ адзін, вялікі. Рэжысёрскі малюнак склаўся, і пітоны атрымалі тэатральныя ролі.

Аднак атмасфернасць асобных сцэн і іх трапнае сцэнічнае ўвасабленне не пакідаюць па-за ўвагай пэўныя складаныя моманты ў адносінах да рэжысёра і матэрыялу. Так, Саўлюс Варнас практычна ігнаруе іранічны складнік п'есы. Сцэна пасвячэння Скарыны ў члены таемнага брацтва, напрыклад, пазбаўленая моманту злучэння вядомых клятваў (ад піянерскай да клятвы Гіпакрата) у адну. Рэжысёр практычна не робіць акцэнтаў на шматлікіх рэпліках, дзе гістарычныя рэаліі супадаюць з сённяшнім парадкам дня. Акрамя таго, Варнас замяняе пралог Рудкоўскага (гутарку чатырох пасажыраў цягніка пра тое, якія кнігі сёння больш зручна чытаць — электронныя ці папяровыя) на своеасаблівую энцыклапедычную даведку пра Скарыну. Безумоўна, для пэўнай часткі гледачоў такая даведка неабходная. Аднак п'еса Мікалая Рудкоўскага — гэта не біяграфія, не жыццяпіс, а, хутчэй, рэфлексія. Кароткая даведка не надта стасуецца з рэфлексіяй, а сцэнічны аповед пазбаўляецца пралога, які падкрэслівае падабенства часоў. Мы ізноў перажываем інфармацыйную рэвалюцыю. Свет ізноў, як у часы Скарыны, мяняецца, і мы не разумеем яго слоў.

Сярод акцёрскіх работ увагу прыцягвае трохкутнік: Скарына ў маладосці (Іван Трус), Скарына ў сталыя гады (Аляксандр Палкін), Майстар (Васіль Галец). Аднак варта заўважыць пэўны рэжысёрска-акцёрскі рэфрэн: на мой погляд, вобразы Івана Труса і Васіля Гальца ў «Скарыне» — своеасаблівы працяг вобразаў (і нават акцёрскага дуэта) у «Крэйцаравай санаце». Я маю на ўвазе сюжэтастваральнасць, распарадчасць персанажаў Гальца і пэўную нервовасць, апантанасць ідэяй вобразаў Труса. Гэта не разбурае ансамблевасці трохкутніка, але Скарына Аляксандра Палкіна забірае на сябе значную частку ўвагі не толькі нечаканай трактоўкай, надзяленнем вобраза першадрукара неўласцівай глядацкім уяўленням сталасцю (можа быць, нават большай, чым закладалася ў тэкст драматургам), аднак і адсутнасцю дыптыха з «Крэйцаравай санатай».

«Скарына» — складаная з'ява для нашага кантэксту. Папярэднім работам Саулюса Варнаса спектакль значна прайграе. Магчыма, з-за таго, што звычайна рэжысёр не ставіць сучасныя тэксты. Таму напрацаваны інтэрпрэтацыйна-метафарычны інструментарый не дазволіў сучаснай драматургіі раскрыцца поўнасцю. Аднак у той жа час «Скарына» — першая пастаноўка пераможцы леташняга драматургічнага конкурсу «Францыск Скарына і сучаснаць», а значыць, і першае сведчанне цікавасці, на якую разлічвалі арганізатары: Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Беларусбанк. Ну і, вяртаючыся да пачатку, «Скарына» — гэта чарговае пераасэнсаванне, якім можа быць спектакль «да даты», ды разбурэнне драматургам і рэжысёрам канона параднага партрэта, які не дазваляе пабачыць Асобу шматгранна.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Фота Дзяніса Васількова

Загаловак у газеце: Францыск Скарына: паміж сэрцам і розумам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».