Вы тут

Тры ідэі для вясновых вандровак


Шаноўны чытач! У першых радках ліста да цябе паведамляю, што выразы накшталт «візітная картка мястэчка», «маўклівыя сведкі мінуўшчыны», «маляўнічы куток», «незабыўныя ўражанні», «беларуская Швейцарыя», «маленькі Версаль» і іншыя ў такім духу не прасунуцца на гэтай старонцы ні на радок ніжэй.

Я пакрысе ствараю сціплы турыстычны даведнік, пазбаўлены штампаванага пафасу. У гэтым «буклеціку» ты знойдзеш ідэі для новых вандровак.


Ува­хо­дзім у храм праз «дзве­ры», зроб­ле­ныя ў на­шы дні май­страм Аляк­санд­рам Ада­мчы­кам. Дзвя­ры­ма без дву­кос­сяў на­зы­ваць іх не вы­па­дае.

Ідэя першая. У Гервяты

Калі б ты, чытач, выбіраўся ў гэтую вёску на Астравеччыне колькі соцень гадоў таму (ну раптам), то трапіў бы не ў Гервяты, а ў Германты. Бо, кажуць, так яна павінна была называцца, але нешта тады пераблыталася, і памылка, як гэта часта здараецца, узяла ды ўзаконілася. І вось — Гервяты. Трапіць у іх не машынай, а грамадскім транспартам, каб дамоў вярнуцца ў той жа дзень, калі ты не жыхар Астравеччыны ці блізкага наваколля, складана, амаль немагчыма з-за тамтэйшага раскладу руху аўтобусаў і цягнікоў. А з іншага боку, не пад турыстаў жа падладжвацца, ці не так? У любым выпадку ў Гервяты лепш ехаць аўтамабілем. Недзе ў яго бардачку пасля гэтай вандроўкі з'явіцца кавалачак хлеба Святой Агаты (пазней пра яго) — і аўтамабіль апынецца пад дадатковай аховай. Не забудзь навігатар! Патрэбная кропка — 54.68707, 26.14407, трохнефавая базіліка з трансептам у заходняй частцы і вежай са шпілем ва ўсходняй, назва — Траецкі касцёл. Без гэтага касцёла і яго суседа — вадзянога млына Гервяты былі б проста вёскай, а з імі, ды пры пэўным настроі, гэты населены пункт можна лёгка паблытаць з кутком старой Аўстрыі.

Трап­ля­ю­чы ў ся­рэ­дзі­ну, трап­ля­еш у каз­ку.

Калі табе хто-небудзь казаў, што гервяцкі Траецкі касцёл другі ў Беларусі па вышыні пасля храма ў Відзах на Віцебшчыне, дык вер таму чалавеку, бо ён казаў праўду. Але 64 метры ў вышыню, 57 метраў у даўжыню, 28 метраў упоперак па шырыні трансепта, які з асноўным нефам утварае крыж, — гэта толькі вонкавыя ўражанні. Трапляючы ў сярэдзіну, трапляеш у казку, назва якой часткова залежная ад сезона. Проста гэты храм не мае ніякага ацяплення — яно пры такой вышыні губляе ўсю мэтазгоднасць. Таму і вандроўка ў Гервяты рэкамендуецца як вясновая — калі ўжо цёпла і сонечна, і настрой рамантычны, і неагатычныя высачэзныя сцены касцёла нагадваюць казку, але не пра Снежную Каралеву.

Казка тут у кожнага свая. Нехта чытае яе на карунках каваных варотаў — казку пра добрага майстра Аляксандра Адамчыка, што жыве ў Баранавічах. Нехта казачна ўражваецца вітражамі, з якіх узіраюцца ў вясковае наваколле 163 лікі святых. А некаму падаюцца героямі казкі драўляныя фігуры злачынцаў, распятых з Хрыстом, — гэта казка пра пакаянне і дараванне, пакору і Божую ласку, рай і пекла, і перамогу любові над смерцю.

Хлеб святой Агаты — яшчэ адна чароўная казка. Вазьмі сабе з падноса ў храме некалькі маленькіх кавалачкаў, каб раскласці па адным у сумачку, кішэню, бардачок аўтамабіля, куды-небудзь у хаце і на працоўным месцы. Як толькі ў цябе з'явіцца гэты хлеб, усё пачне мяняцца ў лепшы бок. Праверана.

Тра­ец­кі кас­цёл у Гер­вя­тах. Ці гэ­та ку­то­чак Аў­стрыі?

Ідэя другая. У Косава

Зноў памылка, гэтым разам ва ўласна лакацыі. На самой справе трэба выбірацца ў Мерачоўшчыну, але такой геаграфічнай назвы на сучаснай карце няма. То выбіраемся быццам у Косава, хоць ад яго да патрэбнага месца не менш як паўтара кіламетра. На навігатары, калі ён у цябе паслухмяны, выстаўляй 52.76561, 25.12146 — палац Пуслоўскіх.

З таго часу, як я ўбачыла гэтыя сцены, усе падзеі новачытаных апавяданняў пра старыя маёнткі і закінутыя пакоі, загавораныя свечкі і зачараваныя партрэты, запыленыя манускрыпты і выццё ваўкоў уначы адбываюцца тут. Герой «Чырвонага пакоя» Уэлса менавіта тут вырашыў развеяць свае ўяўленні наконт таго, што можа хавацца ў цемры, і рушыў на пошук той сілы, якая заўсёды за спінай, куды ні глядзі. І прывід пакоя містэра Б., прыдуманы Дзікенсам, не інакш як адсюль паходзіць. Пакояў у гэтым вялізным палацы, даўжынёю 120 метраў, было, натуральна, шмат. Кажуць, іх было ажно 132, дык і не дзіўна, што ў кожным мог разгарнуцца містычны сюжэт спецыяльна для самых уражлівых. Атрамантавыя люстэркі і вадзяныя гадзіннікі Борхеса, яго аднабокія медалі і ўсе гаротныя карыстальнікі гэтых прадметаў таксама, як хочацца думаць, знаходзяцца тут. І недзе тут, вакол гэтых сцен, пра якія мо ніхто не напіша аповесць, блукаюць у начной цемры ваўкі роду Цэрнаграц, як у аднайменнай гісторыі Сакі.

Палац Пуслоўскіх, пабудаваны як звычайнае неагатычнае месца жыхарства вялікай заможнай сям'і, сам не ведае, чым насамрэч можа ўразіць. А я ведаю чалавека, які хавае ў сваім зборы гістарычных знаходак ключ ад якіхсьці былых тутэйшых дзвярэй. Мне здаецца, што тыя легенды, якія ён друкуе з працягамі ў адной папулярнай газеце, не сачыняюцца ім за пісьмовым сталом, а здабываюцца іншым чынам, і што ўся справа ў тым ключы.

Палічы вежы, якія высяцца над палацам. Павінна іх быць дванаццаць — па колькасці месяцаў года. І ў кожнай вежы, пакуль ты іх будзеш лічыць, разгортвацца будзе свая надзвычай захапляльная гісторыя. Бо такая ўжо ў цябе, чытач, фантазія, і толькі з ёю сюды варта ехаць, каб атрымаць асаблівыя ўражанні.

На­ве­даць Пус­лоў­скіх і не за­ві­таць да Кас­цюш­каў? Ні­як не­маг­чы­ма.  Два аб'­ек­ты ванд­роў­кі на ад­ным ма­люн­ку Ор­ды 1871 го­да.

Ідэя трэцяя. Да Тадэвуша

Наведаць Пуслоўскіх і не завітаць да Касцюшкаў? Ніяк немагчыма. Тут знаходзіць сваё пацвярджэнне адно чароўнае адкрыццё: бываюць месцы, у прасторы якіх нават у выпадку поўнага іх узнаўлення пануе стары гаспадарскі дух, а мо нават і лад, і парадак.

Дом Касцюшкаў быў цалкам знішчаны, цяпер ён цалкам узноўлены — па фотаздымках пачатку ХХ стагоддзя, па малюнках Орды (1871 года) і Кулешы (1845 года). Калі ўрочышчам Мерачоўшчына валодаў Вандалін Пуслоўскі, сядзібны дом Касцюшкаў, вялікі, хоць аднапавярховы, але з высокім, модным для першай паловы ХVІІІ стагоддзя «ламаным» двух'ярусным дахам, ужо быў закінуты і занядбаны. Але пан Вандалін паважаў памяць Тадэвуша, і зрабіў з домам, дзе той нарадзіўся, такую самую добрую справу, якую зрабілі і нашы сучаснікі, — аднаўленне і музеефікацыю. Апошняе, між іншым, не трэба тут разумець як сінонім ператварэння сядзібы ў музей. Апынуўшыся ў доме Касцюшкі, ты і адчуеш сябе ў доме Касцюшкі, а не ў музеі. Тут, ведаеш, хочацца застацца. Гэта адно з тых нешматлікіх месцаў вандровак, якое прагнеш наведваць, як лецішча старога сябра,— як мага часцей, а знаходзіцца ў ім — як мага даўжэй, для загойвання ран і для ўзняцця настрою. Што так адмыслова прываблівае? Ды хто ведае... Я ж ужо напісала пра стары гаспадарскі дух. Ён пануе тут і дагэтуль, і не трэба ніяк намагацца, каб, зірнуўшы на тамтэйшы стол, паверыць, што сам Тадэвуш вось толькі што з-за яго выйшаў і недзе пакрочыў. І ты недзе крочыш таксама. Мо завітаць у карчму? Карчма «У Тадэвуша» стаіць якраз побач. Стравы ў ёй, як я памятаю, такія ж сапраўдныя беларускія, як і ўсё навакольнае.

У 1927.

Сёння.

Я люблю такія месцы за тое, што пакідаю іх заўсёды нейкай іншай, самой сабе невядомай, новай.

Па­да­рож­ні­ча­ла Свят­ла­на Во­ці­на­ва

Каментары

Падцвярджаю: вандроўка на Астравеччыну мела месца быць. Вандравалі ў адной кампаніі са Святланай Воцінавай, галоўным рэдактарам “Маладосці”, яе намеснікам Дзмітрыем Шулюком і галоўным рэдактарам “Бярозкі” Кацярынай Захарэвіч. У сваім турыстычным даведніку аўтарка сапраўды пазбавіла Гервяцкі касцёл “штампаванага пафасу”. Думаецца, што такія ўзнёслыя радкі стануць нагодай для новага падарожжа для таго, хто яшчэ не наведаў гервяцкую казку. А той, хто бачыў гервяцкі цуд, пажадае ажывіць успаміны і ўбачыць, захапіцца нечым новым. Як адзначалі сталічныя госці, “падарожжа засталося ва ўспамінах на палічках “казачнае”.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.