Вы тут

Як пенсіянеры смартфоны асвойваюць


«Блютуз ці блютус? А што гэта такое?» У адной руцэ смартфон, у другой — ручка, якой старанна запісваюцца ў канспект новыя словы. Віджэты, Wі-Fі, свайп. На курсе па сучасных гаджэтах, які два гады таму запусцілі ў Мінскім універсітэце трэцяга ўзросту, пенсіянеры вучацца карыстацца скайпам, устанаўліваць праграмы на планшэты і нават здымаць відэа для YouTube-канала.


Курс «Андроід» — самы папулярны ў пажылых людзей. Настолькі, што месцаў у групах не хапае на ўсіх ахвотных.

— Мы з мужам запісаліся яшчэ ў верасні, але той раз не трапілі. Чакалі да лютага, — расказвае Таццяна Канстанцінаўна.

Летась яна закончыла камп'ютарныя курсы, цяпер вось асвойвае смартфон. «Ехала ў санаторый, устанавіла на тэлефон WhatsApp: перапісвалася бясплатна. А яшчэ крокамер спампавала. Ведала, колькі кіламетраў накручвала па тэрыторыі са скандынаўскімі палкамі», — дзеліцца пенсіянерка.

Таццяна Канстанцінаўна прызнаецца: унукі даўно казалі, што трэба вучыцца карыстацца смартфонам, каб ісці ў нагу з часам. Дый сувязь цяпер дарагая, а праз інтэрнэт званіць куды больш танна.

За суседняй «партай» — Валянціна. Тэхнар. У тым, каб разабрацца ў функцыях гаджэтаў, для яе, здаецца, няма ніякіх цяжкасцяў. «Мне ўсё гэта надзвычай цікава. Я зразумела, што тэлефон — мой незаменны памочнік па жыцці. Эканоміць кучу часу і грошай».

З дапамогай смартфона Валянціна цяпер пракладвае маршруты па горадзе, сочыць за сваёй актыўнасцю (звярае з крокамерам, ці нахадзіла за дзень неабходныя шэсць тысяч крокаў).

— Ці вось выпісалі мне лекі. Набіраю tabletka.by. Гляджу, у якой аптэцы гэты прэпарат ёсць, дзе танней каштуе, якія ў яго аналагі, — расказвае жанчына.

— А я прыйшоў, каб асвоіць скайп і звязвацца са сваякамі. У мяне родныя ў Іспаніі ёсць, — дзеліцца адзіны мужчына сярод сённяшніх слухачоў і прызнаецца, што ў сучасных тэхналогіях ён — поўны нуль.

Сёння на занятку пенсіянеры разбіраюцца, як падключыцца да сеткі Wі-Fі, перадаць звесткі па Bluetooth і перавесці батарэю ў рэжым энергазберажэння. Апошні пункт усіх асабліва зацікавіў.

— Цёмачка, а ў мяне тут значкі зялёненькія і шэранькія, што гэта значыць?

— Адны ўключаны, а другія — не.

Цёмачка — гэта валанцёр Арцём Юркевіч, які вядзе курс «Андроід». Хлопец цяпер заканчвае БДУІР, таму тэма выкладання яму добра знаёма. Арцём расказвае пажылым людзям пра ўстройства планшэтаў і тэлефонаў, іх тэхнічныя характарыстыкі (і нават дапамагае пенсіянерам пры пакупцы гаджэтаў), асноўныя элементы кіравання і ўстаноўку праграм.

— Асобныя заняткі па просьбах слухачоў будуць аб тым, як карыстацца вайберам, скайпам, рабіць фатаграфіі. Будзем праходзіць таксама YouTube: некаторыя хочуць весці свой канал, — дзеліцца планамі валанцёр.

Узровень ведаў у студэнтаў розны. Адны толькі што свой першы смартфон набылі, другія даўно ім карыстаюцца, але знаёмы не з усімі функцыямі. Па назіраннях Арцёма, інтэрнэт для пенсіянераў — гэта ў першую чаргу крыніца кулінарных рэцэптаў, парадаў па вырошчванні кветак і сувязь са сваякамі. «Самае вялікае захапленне было, калі яны даведаліся, што ў вайберы можна адпраўляць графіці», — усміхаецца выкладчык.

Стараста групы Ала Васілеўна ў мінулым інжынер-канструктар. Толькі што выйшла на пенсію. «Інтэрнэт мне патрэбны для самага неабходнага: навіны пачытаць, кіно паглядзець, талончык замовіць, за кватэру заплаціць, — пералічае пенсіянерка. — Калі працавала, не было вольнага часу, каб асвоіць гэта. Цяпер ёсць, трэба развівацца».

— А што такое «сэлфі» ведаеце?

— Калі сам сябе фатаграфуеш? Чула. Я камерай часта карыстаюся, але сэлфі не раблю, — смяецца суразмоўніца.

Ала Васілеўна любіць актыўны лад жыцця. Ходзіць у грыбы, штогод за мяжу ездзіць, запісалася на кітайскую гімнастыку «цыгун» у тэрытарыяльны цэнтр. Навучыцца карыстацца інтэрнэтам магла б і дома (унук-праграміст гатовы ўсё растлумачыць), але на курсах з аднагодкамі цікавей. Таму ходзіць і па веды, і па душэўныя размовы. Для студэнтаў гэтага ўзросту важныя абодва складнікі.

Дарэчы

У гэтым навучальным годзе Мінскі ўніверсітэт трэцяга ўзросту набраў 1073 слухачы. Самыя старэйшыя з іх — ва ўзросце 80+.

Адкрыта 25 вучэбных кірункаў. Сярод новых — чэшская мова, візуальная культура, вусная гісторыя, «Пісьменны турыст», «Сем нот жаночага шчасця» (курс псіхалогіі). Запрацавалі два клубы — падарожнікаў (яго ўдзельнікі ходзяць у музеі, ездзяць у экскурсіі па Беларусі) і дамскі (там жанчыны абмяркоўваюць літаратуру, музыку, збіраюцца ў кавярнях). Самымі папулярнымі вучэбнымі кірункамі, акрамя «Андроід», застаюцца камп'ютарныя курсы і англійская мова. Вялікім попытам карыстаецца таксама ландшафтны дызайн.

Заняткі вядуць валанцёры. Гэта студэнты, працуючыя спецыялісты. Ёсць тыя, хто выкладае ўжо чацвёрты год — з самага пачатку стварэння ўніверсітэта.

— З мінулага года пачалі прыцягваць у валанцёры пажылых людзей, — расказвае куратар вучэбных кірункаў Мінскага ўніверсітэта трэцяга ўзросту Вольга ШЫШЛО. — Калі чалавек падаваў заяўку ў якасці слухача і мы бачылі, што ён некалі выкладаў, прапаноўвалі яму паспрабаваць весці курсы. Пенсіянеры спачатку баяліся. Па-першае, даўно не практыкавалі. Па-другое, яны вялі заняткі для моладзі, а не для сваіх аднагодкаў. Але практыка паказала, што групы, дзе выкладалі пажылыя людзі, былі паспяховымі. Некаторыя засталіся ў валанцёрах і на гэты навучальны год.

Універсітэт трэцяга ўзросту, дарэчы, дапамагае пенсіянерам яшчэ і арганізаваць свой вольны час. Два разы на месяц слухачам на электронную пошту прыходзіць рассылка з падборкай мерапрыемстваў, якія могуць іх зацікавіць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: «У інтэрнэце шукаю, дзе купіць лекі»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.