Вы тут

Чаму для конкурснага адбору лепш падыходзіць рэйтынгавая сістэма?


У якой форме павінны праходзіць уступныя іспыты ў ВНУ? Ці можа тэст аб'ектыўна ацаніць, наколькі прэтэндэнт на студэнцкі білет добра арыентуецца ў дакладных або гуманітарных навуках? Адказы на гэтыя пытанні шукаюць не толькі ў нашай краіне. Напрыклад, у Расіі пасля прыходу на пост міністра адукацыі Вольгі Васільевай праціўнікі Адзінага дзяржаўнага экзамену чакалі, што яго, нарэшце, адменяць. Але радыкальных перамен пакуль не адбылося... Ёсць і іншае меркаванне: калі АДЭ рэзка адмяніць, гэта рашэнне моцна ўдарыць па ўсіх, таму што школа — не хуткасны аўтамабіль, у якім руль можна круціць туды-сюды.

Пра тое, што сістэма цэнтралізаванага тэсціравання павінна змяняцца, часта кажуць і ў нас. Перыядычна ў розных аўдыторыях узнімаецца пытанне пра неабходнасць увядзення профільнай часткі ўступнага экзамену — так званай часткі С, якая ёсць у расійскіх тэстах. Хапае ў нас таксама ініцыятараў сумяшчэння выпускных іспытаў у школе і ўступных у ВНУ, якія ківаюць у бок расійскага Адзінага дзяржаўнага экзамену... Ці будуць калі-небудзь беларускія абітурыенты пісаць на ЦТ эсэ, мы вырашылі пацікавіцца ў дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалая ФЯСЬКОВА.


Тэставы бал — не школьная адзнака

— Цэнтралізаванае тэсціраванне — гэта добра адпрацаваная тэхналогія, якая з году ў год якасна вырашае сваю задачу: ранжыруе абітурыентаў для іх наступнага залічэння ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і мае шэраг неаспрэчных пераваг перад іншымі формамі правядзення экзамену. Дзякуючы цэнтралізаванаму тэсціраванню, усе пастаўлены ў роўныя ўмовы. Уступныя выпрабаванні пазбаўлены нервознасці, уплыву чалавечага фактару, выключаны любыя карупцыйныя праявы. Да таго ж цэнтралізаванае тэсціраванне з'яўляецца малазатратнай і найбольш тэхналагічнай формай правядзення ўступных іспытаў.

Мяркую, не зраблю вялікага адкрыцця ў педагогіцы, калі засведчу, што экзамен у любой яго форме (вуснай, пісьмовай ці тэставай) павінен выконваць кантрольную функцыю. Безумоўна, вусны экзамен — гэта класіка вучэбнага працэсу. Але для маніторынгу вялікай колькасці экзаменуемых, пры ўмове высокага ўзроўню аўтаматызацыі працэсаў падрыхтоўкі і апрацоўкі матэрыялаў, больш падыходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне.

На ЦТ у аснову методыкі разліку тэставага бала пакладзена стабальная шкала, якая дазваляе не толькі прыняць пад увагу колькасць правільна выкананых заданняў тэста, але і ўлічыць адносную складанасць кожнага выкананага ці нявыкананага задання. Рэйтынгавая сістэма вельмі добра спрацоўвае ва ўмовах высокіх конкурсаў, аднак для выніковай атэстацыі яна не падыходзіць. У нас, каб не заахвочваць муштраванне па тэстах, выпускныя экзамены пасля школы захаваліся ў традыцыйнай форме. Але колькі б мы ні казалі, што цэнтралізаванае тэсціраванне — гэта не выпускны экзамен за курс сярэдняй школы, а конкурсны адбор ахвотных працягнуць навучанне на больш высокай (!) ступені адукацыі, тэставы бал у сертыфікаце па-ранейшаму параўноўваюць з адзнакай у школьным атэстаце, спрабуюць праводзіць паралелі. А гэта абсалютна няправільна...

Спрашчаць ці ўскладняць?

— Падводзячы вынікі апошняй прыёмнай кампаніі, грамадскасці паведамілі, што Міністэрствам адукацыі разглядаюцца розныя варыянты ўдасканалення зместу тэстаў, у тым ліку з выкарыстаннем перадавога міжнароднага вопыту. А якім шляхам ідуць іншыя еўрапейскія краіны? Дзе-небудзь яшчэ засталіся вусныя экзамены пры паступленні?

— Зазначу, што і змест, і структура, і форма тэставых заданняў удасканальваюцца на працягу ўсяго часу правядзення ў нашай краіне ЦТ. Гэта бесперапынны працэс. І мы дасягнулі ў гэтым плане пэўных поспехаў. Нашы тэставыя заданні неаднойчы праходзілі экспертызу ў міжнародных спецыялістаў і атрымалі ад іх станоўчую адзнаку. Мы, у сваю чаргу, вывучаем вопыт іншых краін у падыходах да стварэння заданняў, арганізацыі і правядзення іспытаў у тэставай форме.

Іспыты, як выпускныя, так і ўступныя, у большасці краін свету праходзяць пісьмова ў форме розных тэстаў. «Заканадаўцамі моды» выступаюць сусветныя арганізацыі, якія праводзяць розныя педагагічныя даследаванні адначасова ў многіх краінах у тэставай форме. Напрыклад, толькі тэставыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ва ўсіх маніторынгавых і параўнальных міжнародных даследаваннях: PІSA, TІMMS і PІRLS. Гэта стымулюе да ўніфікацыі формаў экзаменаў на ўзроўні асобных краін, што, у сваю чаргу, дазваляе затым экспертам аб'ектыўна параўноўваць вынікі вялікай колькасці ўдзельнікаў іспытаў.

— Мікалай Сцяпанавіч, асобныя педагогі з гімназій і ліцэяў са шкадаваннем канстатуюць, што тэсты па фізіцы і матэматыцы сталі занадта лёгкімі. Некаторыя лічаць, што тэсты павінны ўтрымліваць заданні, да якіх трэба даваць поўныя, доказныя рашэнні, бо матэматыка без доказаў — не матэматыка. А арыентацыя на адны адказы дрэнна адбіваецца на тэхналогіі навучання ў школе.

— Між іншым, былі часы, калі нас папракалі ў занадта складаных заданнях па згаданых прадметах. Кожны год мы карэктуем нашы тэсты, каб «дагадзіць» так званаму сярэднестатыстычнаму абітурыенту. Аналізуем вынікі абітурыентаў папярэдняга года, вынікі ўдзельнікаў усіх трох тураў рэпетыцыйнага тэсціравання... Задача, як вы разумееце, няпростая, і, каб вырашыць яе, часам даводзіцца крыху зніжаць складанасць некаторых заданняў. Але тэсты проста не будуць спраўляцца са сваёй задачай па ранжыраванні абітурыентаў, калі яны будуць вельмі складанымі або, наадварот, вельмі лёгкімі.

Спецыялісты інстытута штогод праводзяць абнаўленне зместу (мадэляў, тыпаў і формаў заданняў) тэстаў на 15—20%. Гэта робіцца як з мэтай пастаяннай ратацыі заданняў і максімальнага ахопу зместу ўсяго курса, так і для супрацьдзеяння прыёмам муштравання абітурыентаў з боку асобных настаўнікаў і рэпетытараў. Пры гэтым бярэцца пад увагу той факт, што ў нас няма так званай ручной праверкі работ, а ідзе іх машыннае сканіраванне. Напрыклад, з самага пачатку ажыццяўляецца віртуальнае раздзяленне кожнага бланка адказу на вобласць рэгістрацыі, субтэсты А і В. Таму заданні павінны быць складзены такім чынам, каб ніякія выпадковыя фактары не паўплывалі на якасць праверкі, а камп'ютарныя праграмы маглі распазнаць усё, што напісаў абітурыент у бланку.

Ці ёсць месца ў нашых тэстах доказам, напрыклад, тэарэм па матэматыцы? Хачу падкрэсліць, што асобныя меркаванні аб тым, што тэставыя заданні пазбаўлены магчымасці праверыць творчыя здольнасці абітурыентаў, — загадзя памылковыя. Вынік творчай дзейнасці любога чалавека — гэта прымяненне на практыцы набытых ведаў і сфарміраваных уменняў.

Нават пры вызначэнні ў тэставым заданні патрэбы ў шпалерах для рамонту кватэры абітурыент звяртаецца да формулы, па якой вызначаецца плошча прамавугольніка. Гэта значыць, прымяняе раней набытыя прыёмы творчай дзейнасці. І нельга пагадзіцца, што заданне, дзе трэба знайсці залежнасць відавога складу расліннасці ад тыпу глебы, тэмпературных паказчыкаў і колькасці вільгаці, будзе творчым, а квадратнае ўраўненне тыпу ax2+bx+c=0 — не творчым.

Між тым ці ёсць увогуле патрэба ў праверцы так званых творчых здольнасцяў абітурыента? Падчас экзамену правяраць трэба пэўныя веды, уменні і навыкі, якімі авалодаў абітурыент за час навучання. Пазнавальны працэс у гэтым выпадку не можа быць аб'ектам кантролю, гэта толькі сродак авалодання ведамі і навыкамі. А найбольш падыходзячы фармат для выяўлення «таленавітых неардынарных асоб» — алімпіядны рух. Разам з тым я не прыгадаю ніводнага выпадку, каб пераможцы алімпіяд былі аўтсайдарамі на цэнтралізаваным тэсціраванні.

Што тычыцца, як вы кажаце, «стандарту навучання матэматыцы», то прыемна адзначыць, што нашы тэставыя заданні ўсё часцей сустракаюцца ў падручніках і вучэбных дапаможніках. Ці гэта не прыклад прызнання іх якасці?

Угадаць ці падумаць?

— Адно з самых распаўсюджаных абвінавачанняў у бок ЦТ — наяўнасць у тэстах заданняў з варыянтамі адказаў, дзе правільны адказ быццам бы можна ўгадаць. Расіяне ад такіх заданняў цалкам адмовіліся. Можа, і нам ёсць сэнс пакінуць у тэстах толькі вобласць В?

— Мы скарацілі ў тэстах частку А, пашырыўшы частку В настолькі, наколькі дазваляе тэхналогія. Суадносіны адкрытых і закрытых заданняў дасягнулі сваёй мяжы, каб можна было захаваць аўтаматызаваную апрацоўку бланкаў адказаў у ранейшыя тэрміны.

З пункту гледжання тэорыі верагоднасці, пэўны шанс на выпадковы правільны адказ існуе. Аднак нашы разлікі сведчаць, што гэты паказчык вельмі маленькі і не можа ўплываць на агульны вынік асобнага абітурыента. Хачу заўважыць, што заданні субтэста А (а іх усяго 18) даволі просценькія, таму маюць вельмі малы ацэначны каэфіцыент — у межах 1.0 за кожнае з іх. У такім выпадку прасцей рашыць задачу, чым займацца вынаходніцтвам методыкі ўгадвання.

Між іншым, Вышэйшая школа бізнесу ў Лондане прапануе сваім абітурыентам падчас ўступных іспытаў тэст з 30 заданняў. І ўсе заданні толькі з вобласці А, гэта значыць, з варыянтамі адказаў. А меркаванні, што заданнямі ў частцы В веды абітурыента правяраюцца лепш, чым часткай А, не падмацаваны ніякай аналітыкай. Больш таго, мы часта сутыкаемся з тым, што аднатыповыя заданні абітурыенты лепш выконваюць у заданнях часткі В. Вельмі падобныя дыстрактары часта заблытваюць абітурыентаў, тым больш у тэстах па мовах, дзе можа быць некалькі правільных адказаў. Нават з двух варыянтаў складана выбраць правільны, а што казаць, калі праўдападобных дыстрактараў 4—5? Угадаць можна, толькі калі ведаеш матэрыял...

Няспраўджаныя чаканні

— А што мог бы даць у плане павелічэння творчага складніка тэста субтэст С? Ці аналізавалі вы, якую армію экзаменатараў трэба было б прыцягнуць да праверкі экзаменацыйных работ, каб правесці ўступную кампанію ў тыя ж тэрміны, што і цяпер?

— Субтэсты А і В — гэта не вынаходніцтва нашага інстытута, а сусветная практыка: тэставыя заданні адкрытага і закрытага тыпу цалкам адпавядаюць тэхналогіям тэсціравання. А вось субтэст С — кампанент традыцыйнай экзаменацыйнай сістэмы ў мініяцюры (кароткае выкладанне зместу пэўнага працэсу, з'явы або кароткая характарыстыка зместу літаратурнага твора). І яго ніяк нельга аднесці да тэсціравання, бо пры ўсім жаданні аўтаматычная апрацоўка субтэста С немагчымая. Правяраць яго і выстаўляць адзнакі павінны экзаменатары.

Вельмі шмат пытанняў і да крытэрыяў ацэньвання, і да падрыхтоўкі спецыялістаў, якія правяраюць работы і выстаўляюць адзнакі. У Расіі такіх спецыялістаў рыхтуюць на працягу года, пасля чаго яны здаюць адпаведныя экзамены. У маленькай Літве на праверцы часткі С задзейнічаны 800 чалавек, у нашай краіне спатрэбіцца каля трох тысяч чалавек, каб выканаць праверку тэстаў у вызначаны тэрмін. А самае галоўнае, што пры ручной праверцы тэставых работ з'яўляецца пралаз для карупцыйных праяў. Пры ўсіх нашых намаганнях па іх мінімізацыі вельмі цяжка будзе пераканаць грамадства ў аб'ектыўнасці ручной праверкі, пойдзе цэлы шэраг апеляцый.

Нездарма ў свеце практычна адмовіліся ад часткі С у тэстах: эфект нязначны, бо вынікі часткі С, як правіла, карэлююць з часткамі А і В, а затраты на яе падрыхтоўку і правядзенне велізарныя. У той жа Расіі да выканання субтэста С прыступае менш за палову абітурыентаў, гэта значыць, што ён не выконвае той функцыі, на якую разлічаны. Расійскія філолагі лічаць, што 50 працэнтаў эсэ, напісаных на адзіным дзяржаўным экзамене па рускай мове, — гэта набор гатовых фраз, якія падыходзяць да любой тэмы. Імітацыя разважанняў. Яны толькі нагадваюць тэксты, хоць імі насамрэч не з'яўляюцца.

Уводзіць субтэст С для ўсіх, я лічу, абсалютна нерацыянальна. Між тым у нашай краіне дастаткова паспяхова выкарыстоўваюцца ўступныя іспыты ва ўніверсітэтах на так званыя творчыя спецыяльнасці: музыка, вакал, харэаграфія, архітэктура, журналістыка... Што тычыцца іншых прапаноў па ўдасканальванні формы ўступных іспытаў, то зазначу, што кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі вядзецца пэўная работа ў гэтым кірунку.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Эвалюцыя ЦТ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.