Вы тут

Пітная вада ў Беларусі: добрая ці дрэнная?


У Беларусі сапраўды шмат вады: водазабеспячэнне аднаго беларуса ў кубаметрах у разы перавышае аналагічны паказчык у Польшчы і Украіне. Гэты рэсурс штодня выкарыстоўвае кожны, аднак успамінаюць пра яго значна радзей, чым пра нафту або газ. Таму сумесна з дзяржаўнай установай «Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» і ўнітарным прадпрыемствам «Мінскводаканал» мы падрыхтавалі артыкул, у якім адказалі на пытанні зацікаўленых пра ваду. Гэтую інфармацыю павінен ведаць кожны беларус.


Пітная вада ў Беларусі: добрая ці дрэнная?

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пітным водазабеспячэнні» якасць вады, якую атрымліваюць спажыўцы, павінна адпавядаць патрабаванням нарматыўных прававых актаў. Таму трэба карыстацца паняццямі «адпавядае патрабаванням нарматыву» або «не адпавядае». «Дрэнная» ці «добрая» — гэта суб'ектыўная ацэнка. А па выніках лабараторных даследаванняў пітная вада як у Мінску, так і па краіне адпавядае патрабаванням СанПіН — дакумента, у якім адлюстраваны гігіенічныя патрабаванні да яе якасці.

Чаму ў розных рэгіёнах вада адрозніваецца?

Нормы СанПіН па ўсёй краіне аднолькавыя (яны аднолькавыя, дарэчы, і для большасці краін СНД, а па асобных паказчыках у Беларусі нормы нават больш жорсткія). Адрозніваюцца ж фактычныя паказчыкі — у залежнасці ад крыніцы водазабеспячэння. Каб даведацца, якая вада цячэ ў вашай кватэры ці доме, можна здаць яе на аналіз у спецыяльную лабараторыю: яны існуюць па ўсёй краіне. Жыхарам сталіцы пашанцавала больш: сёння на сайце «Мінскводаканала» ўстаноўлены спецыяльны модуль, з дапамогай якога можна на працягу некалькіх хвілін даведацца пра стан вады ў Мінску. Дастаткова ўвесці ў поле на карце назву вуліцы і нумар дома, і карыстальнік атрымлівае табліцу з дакладнымі значэннямі канцэнтрацыі розных рэчываў.

Штогод беларускімі лабараторыямі адбіраецца звыш 105 тысяч проб, выконваюцца больш за 330 тысяч аналізаў прыроднай і пітной вады. Акрамя рэалізацыі працоўных праграм, адбіраюцца пробы вады пасля лакалізацыі аварый, паводле скаргаў насельніцтва, пры адпрацоўцы тэхналогіі водападрыхтоўкі.

Што ўплывае на якасць вады ў кватэры ці доме?

Якасць вады ў кватэры спажыўца залежыць і ад стану унутрыдамавых камунікацый. За належную эксплуатацыю ўнутрыдамавой сістэмы водазабеспячэння адказвае арганізацыя, якая абслугоўвае дом, — напрыклад, ЖЭС. Несумненна, варта і самому звяртаць увагу на стан труб ва ўласнай кватэры або доме.

Чаму ў сталіцы вада не аднолькавая?

Водазабеспячэнне Мінска ажыццяўляецца з двух відаў крыніц. Ёсць падземныя — так званыя артэзіянскія свідравіны, а ёсць паверхневыя — рэзервовае вадасховішча Крылова. На сённяшні дзень 30% горада (Фрунзенскі раён і часткова Маскоўскі) атрымліваюць ваду з паверхневых крыніц водазабеспячэння. Жыхары менавіта гэтых раёнаў часцей за ўсё наракаюць на нізкую якасць пітной вады. Большая частка горада — Савецкі, Першамайскі, Цэнтральны, Ленінскі, Партызанскі, Заводскі, вялікая частка Кастрычніцкага і частка Маскоўскага раёнаў — спажывае ваду з падземных крыніц.

Прыродная вада з Вілейскага вадасховішча па канале Вілейска-Мінскай воднай сістэмы паступае ў рэзервовае вадасховішча Крылова, адкуль падаецца на ачышчальную водаправодную станцыю для ачысткі перад падачай у сетку. Тут ужываюцца розныя тэхналогіі водападрыхтоўкі, накіраваныя на зніжэнне канцэнтрацыі шкодных рэчываў. Для паляпшэння каляровасці, паху і смаку выкарыстоўваюцца азанаванне і вугляванне вады. А вось вада з артэзіянскіх крыніц пераважна падаецца спажыўцам без дадатковай ачысткі і апрацоўкі хлорам.

Чаму раёны сталіцы атрымліваюць ваду з розных крыніц?

Гэта звязана з гістарычным пралікам. У далёкія 70-я гады перспектыва развіцця Мінска разглядалася крыху па-іншаму. Планавалася, што ў тых раёнах, у якія вада сёння паступае з паверхневай крыніцы, будзе прамысловая зона. А для многіх прамысловых прадпрыемстваў не патрэбна такая чыстая вада, як для піцця. Гэта практыкуецца ў многіх краінах, дзе няма такіх вялікіх запасаў вады, як у Беларусі. Гэта значыць на прадпрыемства — напрыклад, у сталовую — паступае вада высокай якасці, а ў вытворчым цэху выкарыстоўваюць «тэхнічную» ваду. Аднак сёння ў Мінску можна піць ваду ў любым раёне, проста ў некаторых яна мае свае асаблівасці.

Акрамя таго, вада з паверхневай крыніцы выкарыстоўваецца для дадатковага водазабеспячэння сталіцы з-за росту насельніцтва.

Ці бяспечна піць ваду з калодзежа?

Так, але трэба пастаянна адсочваць стан вады ў такой крыніцы. Калодзеж патрабуе своечасовай ачысткі і рамонту. Акрамя таго, важную ролю адыгрывае месца яго размяшчэння. Калодзежы з'яўляюцца найменш абароненымі месцамі водазабеспячэння, і вада ў іх моцна залежыць ад уплыву надвор'я. Часцей за ўсё яны размяшчаюцца ў прыватным сектары, дзе часта няма каналізацыі, таму найважнейшае правіла — будаваць калодзеж як мага далей ад памыйных ям. Акрамя таго, існуюць грамадскія і прыватныя калодзежы. Грамадскія калодзежы знаходзяцца пад наглядам па ўсёй краіне. Калі ж гэта асабісты калодзеж, то ўладальнік папросту можа не пусціць правяраючых, таму яго стан вызначыць складана. Каб спакойна карыстацца вадой з уласнай крыніцы, не адмаўляйцеся ад дапамогі спецыялізаваных органаў: гэта можа захаваць вам здароўе. Дарэчы, патрабаванні да вады з калодзежа ніяк не адрозніваюцца ад патрабаванняў да водаправоднай вады.

Чаму ваду ачышчаюць хлорам?

У адпаведнасці з нарматывамі пітнога водазабеспячэння вада з паверхневых крыніц падлягае абавязковаму абеззаражванню. Апрацоўка вады хлорам забяспечвае доўгі бактэрыцыдны эфект і дазваляе захаваць эпідэмічную бяспечнасць вады пры яе транспартаванні да спажыўца. Колькасць хлору ў пітной вадзе рэгламентуецца як міжнароднымі, так і нацыянальнымі нарматывамі. Яны разлічаны такім чынам, каб забяспечвалася поўная дэзынфекцыя вады, але без ўплыву на здароўе людзей.

Па меры руху вады ад станцыі водападрыхтоўкі да спажыўца канцэнтрацыя хлору паступова зніжаецца, таму нават у розных раёнах горада пах можа адчувацца па-рознаму. Таксама на канцэнтрацыю астаткавага хлору ўплывае тэмпература вады: чым яна ніжэйшая, тым даўжэй у ёй захоўваецца хлор, таму яго пах летам адчуваецца менш, чым зімой.

Нам прапаноўваюць розныя фільтры. Гэта сапраўды дапаможа ачысціць ваду?

«Мінскводаканал» падкрэслівае, што ў выпадку даачышчэння вады, у тым ліку бытавымі фільтрамі, магчыма пагаршэнне паказчыкаў фізіялагічнай паўнацэннасці. Але што гэта такое?

Акрамя гігіенічных нарматываў СанПіН, для здароўя чалавека вялікае значэнне маюць паказчыкі фізіялагічнай паўнацэннасці вады. Гэта паказчыкі агульнай мінералізацыі, колькасці макра- і мікраэлементаў, якія забяспечваюць прафілактыку розных захворванняў. Якасць вады, якая падаецца ў размеркавальную сетку па Беларусі, адпавядае і патрабаванням да фізіялагічнай паўнацэннасці пітной вады.

Часцей за ўсё сустракаецца незадаволенасць спажыўцоў, выкліканая пахам хлору ў водаправоднай вадзе, але з гэтым лёгка спраўляюцца простыя вугальныя фільтры. Таксама, паколькі хлор з'яўляецца лятучым рэчывам, для выдалення паху ваду перад ужываннем можна адстойваць на працягу некалькіх гадзін.

На думку спцыялістаў, галоўную праблему абезжалезвання вады бытавыя фільтры не вырашаюць. Трэба глядзець, што заяўляе вытворца: можа прыбраць яго фільтр злучэнні жалеза або не. Для гэтага патрэбныя спецыяльныя фільтры.

Чым адрозніваецца пітная вада ў бутэльках і вада з-пад крана?

Тут ёсць нюанс. Калі вы купляеце невялікую бутэльку, каб проста папіць, то яна наўрад ці доўга прастаіць ў кватэры. Аднак калі вы купляеце ваду, каб на ёй гатаваць, то гэта можа быць бутля ў 20 літраў, які надоўга затрымаецца на вашай кухні. Па сутнасці, там будзе тая ж вада з артэзіянскай свідравіны, якая бяжыць па нашых водаправодах. Аднак калі вада з бутэлькі стаіць у пакоі некаторы час пры тэмпературы 20—22 Со, то яна становіцца спрыяльным асяроддзем для размнажэння мікраарганізмаў, якія трапілі ў яе ў працэсе вытворчасці. У свідравіне вада стэрыльная, аднак у працэсе перагонкі праз трубы яна на выхадзе атрымлівае нармальны мікробны склад, які адпавядае санітарным патрабаванням.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Цэнім ваду, калі высыхае калодзеж...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».