Вы тут

Як мясцовыя ўлады вырашаюць праблему занятасці


Чым у лес далей — тым гусцей. Прыказка, што трапна характарызуе сітуацыю на рынку працы. Чым меншы населены пункт, тым больш праблем з працаўладкаваннем, тым складаней знайсці работу. І калі ў мегаполісе ў беспрацоўных ёсць прастора для самастойнага пошуку вакансій, то ў невялікім райцэнтры людзям застаецца спадзявацца толькі на дзяржаўныя службы занятасці. Што перашкаджае жыхарам невялікага горада атрымаць работу? Чаму звальненне — гэта не прыгавор? Якія практычныя парады можна даць беспрацоўным? Адказы на вострыя пытанні, узнятыя ў тым ліку і на нарадзе ў Прэзідэнта, мы шукалі разам са спецыялістамі ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны Калінкавіцкага райвыканкама.


Без навукі як бязрукі

Невялікі горад, дзе ўся мясцовая эканоміка трымаецца на некалькіх прадпрыемствах. І калі ў іх пачынаюцца праблемы, гэта адбіваецца на ўзроўні жыцця ўсяго насельніцтва. Пад такое апісанне падпадае ці не большасць беларускіх райцэнтраў. І беспрацоўе па іх б'е найбольш балюча. Бо куды можа пайсці чалавек, які дагэтуль быў заняты, напрыклад, на вытворчасці? У сферу паслуг? Але ж у маленькіх гарадах гэты рынак даволі вузкі. У прыватны бізнес? А дзе ўзяць пачатковы капітал? Дый асноўныя нішы даўно занятыя. Застаецца або шукаць шчасця па-за межамі роднага горада, або спадзявацца на дзяржаўныя службы занятасці. Але ці здольныя яны даць рады цяпер, калі эканоміка перажывае не самыя лепшыя часіны?

На амаль 60 тысяч насельніцтва — 1306 «першасных» зваротаў ад беспрацоўных у мясцовае ўпраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны. Гэта лічбы па Калінкавіцкім раёне за мінулы год. Цікава, што сітуацыя павольна, але паляпшаецца. Бо яшчэ пазалетась па дапамогу ў пошуку работы звярталася 1435 гараджан і вяскоўцаў. «Мы перажылі напружанасць, — кажа Алена Змушка, начальнік аддзела занятасці і сацыяльна-працоўных адносін. — На 1 сакавіка 2016 года на 333 беспрацоўных, што стаялі на ўліку, мы мелі толькі 154 вакансіі. А сёлета ў пачатку сакавіка 269 беспрацоўным можам прапанаваць 263 вакансіі».

На паперы лічбы выглядаюць прыгожа. Але ў рэчаіснасці не ўсё так проста. Бо амаль палова беспрацоўных не мае за плячыма ніякай адукацыі, акрамя школы. Ім застаецца некваліфікаваная фізічная праца. Нездарма бацькі часам пужаюць гультаяватых дзяцей: «Не будзеш вучыцца — пойдзеш у дворнікі!» Ды цяпер і ў дворнікі трапіць няпроста. Вакансіі грузчыка таксама днём з агнём не адшукаеш. Схема «папрацаваў — напіўся — выгналі — узялі новага» цяпер не актуальная — людзі трымаюцца за свае месцы. Бо ведаюць: варона з куста — пяць на куст. «Попыту на некваліфікаваных працаўнікоў бадай што няма, — сцвярджае Алена Змушка. — Наймальнікам патрэбныя людзі, якія маюць спецыяльнасць. Хай без досведу, але хоць бы з разуменнем, што і як трэба рабіць». Жывая ілюстрацыя да прыказкі, што без навукі як бязрукі. Не маеш прафесійнай адукацыі — добрай вакансіі табе не відаць.

Але­на Змуш­ка, на­чаль­нік ад­дзе­ла за­ня­тас­ці і са­цы­яль­на-пра­цоў­ных ад­но­сін.

Не пераацэньваць сябе

Сярод запатрабаваных у Калінкавіцкім раёне спецыялістаў — заатэхнікі, ветэрынарныя ўрачы і фельчары, трактарысты, кухары, тынкоўшчыкі, зваршчыкі, электраманцёры, станочнікі дрэваапрацоўчых станкоў і вальшчыкі лесу. Не хапае таксама педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, музработнікаў. І ўжо каторы год трымаецца попыт на прадаўцоў. Але нават пры наяўнасці патрэбнай кваліфікацыі не ўсе беспрацоўныя спяшаюцца займаць прапанаваныя вакансіі. Прычыны гэтага розныя: ад нізкай зарплаты да неспрыяльных умоў працы. «Прыходзіць да нас жанчына-прадавец з вопытам работы, — расказвае Алена Змушка, — але яна шматдзетная маці. А крамы, самі ведаеце, і да дзясятай, і да адзінаццатай вечара цяпер працуюць. І калі ёй дзяцей глядзець з такім графікам?»

Таксама многія саіскальнікі пераацэньваюць свой «кошт» на рынку працы. «Некаторыя не могуць пісьменна запоўніць дакументы, а хочуць мець «на старце» тысячу рублёў у месяц. Па чалавеку адразу відаць, што не «цягне» ён на такую зарплату. У той жа час талковы работнік можа паступова прэтэндаваць на яе павышэнне. Але сваю вартасць трэба спачатку даказаць працай».

І швец, і жнец...

Наяўнасць кваліфікацыі істотна павышае шанцы, але стопрацэнтных гарантый працаўладкавання не дае. Жыхар Калінкавічаў Арцём заканчвае адну з прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў. Ва ўпраўленне ён прыйшоў, каб даведацца пра вакансіі. «Па спецыяльнасці я кранаўшчык, — расказвае ён. — Вучуся на бюджэтным аддзяленні і ў перспектыве павінен адзін год адпрацаваць па размеркаванні. Але ў маёй установе развялі рукамі: размеркаваць нікуды не могуць, бо няма вакансій. Таму працоўнае месца даводзіцца шукаць самастойна. Нават неабавязкова па спецыяльнасці. І нас такіх цэлая група — 28 чалавек. Магчыма, у цэнтры занятасці падкажуць нейкія варыянты». Сітуацыя невясёлая, але зразумелая: будаўнічая галіна апошнім часам прыкметна «прасела». І працоўных месцаў не заўсёды хапае нават работнікам са стажам.

Дарэчы, прафесійна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную адукацыю маюць амаль 45% калінкавіцкіх беспрацоўных. Яшчэ 9% — уладальнікі ўніверсітэцкіх дыпломаў. Але кан'юнктура рынку працы не заўсёды складваецца на карысць таго ці іншага спецыяліста. І тым, хто не можа ўладкавацца па спецыяльнасці, аддзел занятасці прапаноўвае прайсці перападрыхтоўку. Бо чым болей прафесій чалавек асвоіў, тым большыя ў яго шанцы знайсці сваё «месца пад сонцам».

Гэта пацвярджаюць і патрабаванні работадаўцаў. Тыповы прыклад: адно з калінкавіцкіх прадпрыемстваў шукае вартаўніка з правамі кіроўцы. Каб ён мог пры неабходнасці замяніць іншага работніка. Сёння няма эканамічнай рацыі адначасова трымаць у штаце і электрыка, і сантэхніка. Прасцей узяць аднаго чалавека, які будзе ладзіць праводку, а пры патрэбе і кран памяняе. Словам, і швец, і жнец. Такім чынам, аптымізацыя кадраў — гэта не абавязкова звальненні.

Бу­ду­чы прад­пры­маль­нік Іры­на Лук'­ян.

Не прыгавор, а штуршок

Дый звальненне часам не «прыгавор», а штуршок да новага этапу ў жыцці. Ірына Лук'ян 20 гадоў адпрацавала ў банку. Але патрабаванні да кваліфікацыі работнікаў сталі больш строгімі. І каб працаваць у крэдытным аддзеле, цяпер неабходна мець у дыпломе спецыяльнасць «Банкаўская справа». У выніку паўстала пытанне выбару: мяняць работу або пачынаць працаваць на сябе. Ірына выбрала другое. «Мяне зацікавіла сфера турызму, — расказвае жанчына. — З'явілася думка адкрыць уласнае турагенцтва. Але пачынаць усё адно было боязна. Ды ў цэнтры занятасці мяне маральна і матэрыяльна падтрымалі».

11 бюджэтаў пражытковага мінімуму, або каля 2000 рублёў, — субсідыю на адкрыццё ўласнага бізнесу Ірына атрымала як беспрацоўная. Навучылі яе і асновам прадпрымальніцкай дзейнасці, накіраваўшы на адпаведныя бясплатныя курсы. І ўжо ў красавіку ў Калінкавічах павінна з'явіцца новае турагенцтва. Вядома, Ірыне давялося ўкласці ў гэтую справу і ўласныя сродкі. «Працуючы ў банку, я ведала, як важна рабіць зберажэнні, хоць бы невялікія. І гэтыя грошы мне дапамаглі ў складаны момант. Але без дзяржаўнай дапамогі і фінансавай падтрымкі я наўрад ці рызыкнула б пачаць уласную справу. Затое цяпер упэўненая: пры жаданні ўсё магчыма!»

Валянцін БОЙКА

boіka@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Знайсці сябе... і працу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.