Вы тут

Гісторыкі Беларусі і Германіі стварылі выстаўку аб Трасцянцы


Трагедыя Трасцянца — чацвёртага па велічыні лагера смерці ў свеце — стала адкрыццём для замежнай грамадскасці. У той час як беларусы ўжо больш як 70 гадоў аплакваюць ахвяр, для якіх невялікая тэрыторыя, што на ўскрайку сучаснага Мінска, ператварылася ў брацкую магілу, жыхары многіх еўрапейскіх краін, чые продкі ў тым ліку знайшлі ў Трасцянцы апошні прытулак, да нядаўняга часу не ведалі, дзе абарвалася жыццё блізкіх ім людзей...


Тое, што трасцянецкая трагедыя прагучала ў міжнародным маштабе, — перш за ўсё заслуга беларускіх і нямецкіх гісторыкаў, навукоўцаў. Агульнымі намаганнямі праведзены даследаванні, вынікамі якіх сталі шматлікія міжнародныя навуковыя канферэнцыі. Беларускія навукоўцы расказваюць пра лагер смерці ў Еўропе, замежныя гісторыкі перадаюць нам інфармацыю пра дэпартаваных у Мінск заходнееўрапейскіх яўрэяў... Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, а таксама з фінансавай дапамогай нямецкага боку ў Трасцянцы ідзе будаўніцтва сучаснага мемарыяльнага комплексу.

Наступны крок у справе захавання памяці аб ахвярах лагера смерці — адкрыццё перасоўнай выстаўкі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыю ўжо бачылі ў нямецкіх гарадах, цяпер чарга беларусаў больш паглыблена даведацца аб тым, што адбывалася на нашай зямлі больш як сем дзесяцігоддзяў таму.

— Для Беларусі, якая ў гады Другой сусветнай вайны страціла кожнага трэцяга жыхара, ушанаванне памяці ахвяр нацызму — неад'емная частка дзяржаўнай палітыкі, — зазначыў падчас адкрыцця выстаўкі намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег КРАЎЧАНКА. — Стварэнне мемарыяльнага комплексу "Трасцянец" знаходзіцца ў фокусе ўвагі кіраўніцтва краіны і асабіста Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У Трасцянцы неразрыўна спляліся лёсы тысяч жыхароў Еўропы. Экспазіцыя ўяўляе сабой добры прыклад паспяховага супрацоўніцтва Беларусі і Германіі ў сумесным асэнсаванні трагічных старонак агульнай гісторыі. Сумесная сістэмная работа па супрацьдзеянні адраджэнню нацызму павінна заставацца важным прыярытэтам міжнароднага парадку дня.

Дзяржаўны міністр па еўрапейскіх справах Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі Міхаэль РОТ лічыць вельмі важным нагадаць аб непамерных пакутах ахвяр фашызму, аддаць даніну памяці загінулым у гады вайны і ўсвядоміць, што такое злачынства супраць чалавечнасці больш не павінна паўтарыцца. "Такое трансгранічнае супрацоўніцтва гісторыкаў — не сам сабой зразумелы факт, — лічыць Міхаэль Рот. — Занадта доўга гэтыя злачынствы выцясняліся з нашай памяці. Сёння мы павінны памятаць і нагадваць аб тым, што адбывалася ў Трасцянцы. Гэта наш доўг перад народамі, якія найбольш пацярпелі ад нацыянал-сацыялістычнага рэжыму. Сумеснае сістэматычнае асэнсаванне тых падзей з'яўляецца не толькі рухаючай сілай паміж Мінскам і Берлінам, а і крокам да прымірэння паміж нашымі грамадствамі".

Выстаўка робіць акцэнт на малавядомых аспектах трасцянецкай трагедыі. Не столькі расказваецца пра гісторыю лагера смерці, колькі аб лёсах канкрэтных людзей, чыё жыццё тут абарвалася...

У Трасцянцы загінулі і бацькі Курта Маркса. Сын дэпартаваных з Германіі яўрэяў прыехаў у Мінск, каб расказаць, што Трасцянец — гэта не толькі боль беларусаў.

Ён нарадзіўся ў 1929 годзе ў Кёльне. Хадзіў у яўрэйскую школу. Пасля пагромаў так званай Крыштальнай ночы ў 1938 годзе разам з 130 дзецьмі яго вывезлі ў Лондан. Развітваючыся з бацькамі, хлопчык не сумаваў: у хуткім часе сям'я павінна была ўз'яднацца ў Амерыцы. Але лёс распарадзіўся інакш: бацькі Курта былі ў тым цягніку, які рушыў у Трасцянец. Яны нават заплацілі за білеты...

— Апошні ліст, які я атрымаў ад іх, быў дасланы ў ліпені 1942 года, — расказвае Курт Маркс. — У мяне якраз быў дзень нараджэння... Яны мяне віншавалі. І ўсё, больш лістоў не прыходзіла. Сёння мы ведаем чаму...

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.