Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра вынікі першых матчаў новага футбольнага сезона, выступленне Дар'і Домрачавай на чарговым этапе Кубка свету па біятлоне і паўфінальныя сустрэчы чэмпіянату краіны па хакеі.


1. На стадыёне ФК «Мінск» стартаваў новы футбольны сезон. Па традыцыі ў матчы за Суперкубак краіны біліся чэмпіён краіны і ўладальнік Кубка Беларусі. Барысаўскі БАТЭ папоўніў рахунак сваіх тытулаў, атрымаўшы перамогу над «Тарпеда-БелАЗ» з лікам 3:1. Галы з боку барысаўчан на рахунку Міхаіла Гардзейчука (ён аформіў дубль) і Мірка Іваніча, з тарпедаўцаў галявым ударам адзначыўся толькі Андрэй Хачатуран.

Такім чынам, гэта ўжо 7-я перамога БАТЭ ў Суперкубку Беларусі. Нагадаем, трафей разыгрываецца з 2010 года, і ва ўсіх без выключэння паядынках за гэты прыз спрачаўся 13-разовы чэмпіён Беларусі БАТЭ. Прычым толькі аднойчы ў сямі папярэдніх спробах барысаўчане не выйгралі трафей. Здарылася гэта 6 сакавіка 2012 года, калі БАТЭ прайграў «Гомелю» (0:2).

Тым часам у розыгрышы Кубка Беларусі па футболе згуляны першыя паядынкі чвэрцьфінальнай стадыі. Футбалісты салігорскага «Шахцёра» атрымалі буйную перамогу ў Гомелі над мясцовым «Лакаматывам» — 3:0. На полі ФК «Мінск» у дэрбі сталічнага і брэсцкага «Дынама» каманды згулялі ўнічыю — 2:2. Яшчэ два паядынкі першага раўнда 1/4 фіналу адбудуцца 15 сакавіка: «Мінск» — БАТЭ, «Тарпеда-БелАЗ — «Слуцк».


2. Дар'я Домрачава здолела другі раз у сезоне падняцца на п'едэстал. На этапе Кубка свету ў фінскім Кантыялахці яна заняла трэцяе месца ў спрынце, пераадолеўшы дыстанцыю 7,5 км з двума агнявымі рубяжамі за 19 хв. 38,8 сек., не дапусціўшы ніводнага промаху. У гонцы пераследу Дар'я стала чацвёртай, утрымацца ў тройцы лідараў ёй не дазволілі памылкі ў стральбе.

Восьмы этап Кубка свету завяршыўся змешанымі эстафетамі, у складзе Ірыны Крыўко, Надзеі Пісаравай, Дзмітрыя Абашава і Максіма Вераб'я зборная Беларусі заняла 11-е месца, і гэта лепшы вынік у сезоне.

Апошні этап Кубка свету пройдзе ў наступны ўік-энд у нарвежскім Халменколене.


3. Працягваюцца паўфінальныя серыі чэмпіянату Беларусі па хакеі. Сталічнае «Юнацтва» ў двух сустрэчах перайграла салігорскі «Шахцёр» і лідзіруе ў серыі з лікам 2:0. Трэці паядынак адбудзецца ў Салігорску сёння.

У другой паўфінальнай пары хакеісты «Нёмана» перамаглі «Гомель» з лікам 5:2 у першай дамашняй гульні. Другая сустрэча гэтых камандаў завяршылася ўчора позна ўвечары.


4. Беларускія лыжныя акрабаты не здолелі падняцца на п'едэстал чэмпіянату свету па фрыстайле ў іспанскай Сьера-Невадзе. Бронзавы медаліст ЧС-2015 Максім Гусцік гэтым разам заняў 7-е месца, а Станіслаў Гладчанка у параўнанні з мінулым сусветным форумам падняўся на 11 радкоў, замкнуўшы пяцёрку лепшых.

Нагадаем, алімпійскі чэмпіён Сочы-2014 Антон Кушнір, які заняў у гэтым сезоне 3-е месца ў агульным заліку Кубка свету, з-за праблем са здароўем першынство планеты прапусціў.

Аляксандра Раманоўская не здолела пераадолець кваліфікацыйны бар'ер і заняла выніковае 19-е месца сярод 22 удзельніц.


5. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова прайграў польскаму «Віве» ў апошнім матчы групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў — 27:35. У 1/8 фіналу беларускі клуб згуляе супраць нямецкага «Фленсбурга». Першы матч адбудзецца ў Брэсце ў перыяд з 22 па 26 сакавіка, паядынак у адказ — з 29 сакавіка па 2 красавіка. Дакладныя даты вызначацца пазней.

Мінскі СКА ў чвэрцьфінале Балтыйскай лігі двойчы ўпэўнена ўзяў верх над латвійскім «Добеле» і выйшаў у «фінал чатырох».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Вясновы футбол з добрай гульнёй

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.