Вы тут

Энергія развіцця


Старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложачнік верыць у будучае «зялёнай энергетыкі».


— Сяргей Васілевіч, апошнім часам Шчучынскі раён на слыху як лідар альтэрнатыўнай энергетыкі. Колькі ў вас зараз такіх станцый?

— Сапраўды, у нашым раёне найбольш у вобласці сонечных станцый. Актыўная работа з інвестарамі дала свой плён, і два гады таму ў пасёлку Ражанка была пушчана ў дзеянне першая на Гродзеншчыне сонечная станцыя. Літаральна праз год яе магутнасці павялічыліся. Эфектыўна працуе і станцыя, якая ўведзена летась на пяці гектарах былога ваеннага аэрадрома і выпрацоўвае 2,5 МВт экалагічна чыстай энергіі. У эквіваленце спатрэбілася б спаліць дзве тысячы тон вугалю. Такім чынам, у нас за два гады з'явілася тры сонечныя станцыі, якія працуюць круглы год. І рэзервы яшчэ ёсць. Швейцарская кампанія, якая прыступіла да рэалізацыі ў раёне праекта па будаўніцтве свінакомплекса, плануе на даху плошчай 10 тысяч квадратных метраў размясціць сонечныя батарэі. Так што раён не збіраецца саступаць лідарства ў развіцці альтэрнатыўнай энергетыкі і выкарыстанні энергіі сонца.

— А якія яшчэ ўведзеныя за апошні час аб'екты вы б аднеслі да «знакавых» і якія плануецца ўзвесці?

— Дарэчы, у працяг папярэдняй тэмы хачу адзначыць, што, акрамя сонечных станцый, у раёне робіцца стаўка і на развіццё біяэнергетыкі. Так, на тэрыторыі ААТ «Васілішкі» ў хуткім часе пачнецца будаўніцтва трох біягазавых установак: з адходаў будзе выпрацоўвацца каля 3 МВт электраэнергіі. Гэтым ужо зацікавіліся інвестары, якія маюць намер пабудаваць па суседстве цяпліцы, каб карыстацца больш таннай цеплавой энергіяй.

Што датычыць свінакомплекса з сонечнымі батарэямі, то з гэтым аб'ектам мы звязваем добрыя перспектывы развіцця раёна. Комплекс на 12 тысяч галоў размесціцца на тэрыторыі былой воінскай часці, якая доўгі час не выкарыстоўвалася, а цяпер будзе ўключана ў гаспадарчы абарот. Да таго ж новыя тэхналогіі павінны значна знізіць сабекошт прадукцыі.

Не стаяць на месцы і нашы градаўтваральныя прадпрыемствы. Маштабная рэканструкцыя адбылася на Шчучынскім масласырзаводзе. Гэта дало магчымасць значна пашырыць асартымент прадукцыі, асвоіць выпуск новых гатункаў сыру і заняць дастойную нішу ў экспарце. Нядаўна была падпісана дамова аб салідных пастаўках нашай «малочкі» ў Казахстан.

Сапраўды знакавым праектам можна назваць новы завод па перапрацоўцы малочнай сыроваткі «Праймілк», запушчаны ў верасні мінулага года. Прадпрыемства атрымала на ўзбраенне самыя сучасныя тэхналогіі і арыентавана на выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі. Пры гэтым асноўнай сыравінай з'яўляюцца, па сутнасці, адходы ад перапрацоўкі малака. Больш паловы вырабленай прадукцыі накіроўваецца на экспарт. Сёлета завод выходзіць на поўную магутнасць. Рынкі збыту — Расія, Кітай, а ў будучым і Еўропа.

— Ведаю, што сёлета Шчучын адзначае 500-годдзе. Магчыма, ужо ёсць планы наконт свята. Чым будзеце здзіўляць гараджан і гасцей горада?

— Так, сапраўды ў гэтым годзе мы святкуем вельмі адметны юбілей горада — 500 гадоў з моманту першага згадвання Шчучына ў пісьмовых крыніцах. Цікава, што гэту дату мы ўдакладнілі некалькі гадоў таму, раней лічылася, што Шчучын маладзейшы. Але знайшліся новыя архіўныя дакументы, датаваныя 1 верасня 1517 года. Да таго ж 31 жніўня споўніцца 55 гадоў існавання Шчучына ў статусе горада раённага падпарадкавання. Зараз ідзе актыўная работа над канчатковай праграмай урачыстых мерапрыемстваў. Мяркуем правесці свята на працягу двух дзён. У межах падрыхтоўкі да юбілею плануецца ажыццявіць добраўпарадкаванне прыбярэжнай зоны возера, устанавіць на свежым паветры спартыўныя трэнажоры, скульптурныя кампазіцыі.

У горадзе свята разгорнецца на шэрагу тэматычных пляцовак. Адной з галоўных, безумоўна, стане былы палац князёў Друцкіх-Любецкіх. Яго аднавілі год таму і перадалі дзецям і моладзі, дзе яны займаюцца творчасцю. Тут будуць ладзіцца гістарычныя рэканструкцыі, канцэрты, балі. Таксама адным з элементаў свята стане авіяшоу, якое праводзіцца ўжо некалькі гадоў запар на адроджаным аэрадроме. Думаю, што шматлікім гасцям сумаваць дакладна не прыйдзецца.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.