Вы тут

Віталь Артыст: Не хочам станавіцца дарослымі і сур'ёзнымі


Ужо з першых дзён сакавіка ў нашай краіне пачынаюцца традыцыйныя святы гукання вясны. Але калектыў «Без білета», які днямі выступіў у сталічным клубе Re:Publіc, пайшоў крыху далей. Прадстаўляючы новы міні-альбом «Жара», хлопцы фактычна адразу загукалі лета і прывезлі ў Мінск з далёкіх вандровак цёплыя лацінаамерыканскія рытмы і вясёлыя спевы. Падтрымалі беларусаў хлопцы з Украіны: каманда «Антитіла» ў межах гэтага вялікага канцэрта прадставіла новы поўнафарматнік «Сонце». Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да свята лета, гарачых рытмаў і вясёлых танцаў. Таксама мы задалі некалькі пытанняў лідару «Без білета» Віталю АРТЫСТУ.


— Віталь, многія гурты адмыслова прызначаюць першыя канцэрты сезона на пачатак вясны. І ваша каманда падтрымлівае гэтую завядзёнку...

— Калі паслухаць нашы песні ўважлівей, то будзе зразумела, што ўся творчасць гурта «Без білета» планетарная. У кожнай кампазіцыі ёсць згадка пра пэўныя мясціны, геаграфічныя назвы, увесь час гучыць заклік сарвацца з месца і некуды паехаць. Гэта музыка вандроўнікаў, сонечнае танцавальнае свята. Таму, вядома, вельмі любім нашы традыцыйныя вясновыя канцэрты. Сёння мы выклалі ў інтэрнэт міні-альбом «Жара», які запісалі зусім нечакана для сябе, праз творчы парыў. У рэліз увайшло 5 новых песень, адна з якіх створаная ў супрацоўніцтве з украінскай камандай «Антитіла».

— Гурт не так даўно вярнуўся з вялікай вандроўкі па свеце. Напэўна, маеце шмат уражанняў?

— Мы ў першую чаргу музыканты, таму хваляваліся, як нашу творчасць будуць успрымаць на іншых кантынентах, асабліва ў Лацінскай Амерыцы, жыхары якой вядомыя сваім выбухным тэмпераментам. Іх успрыманне свету значна адрозніваецца ад нашага, больш уласцівага паўночным скандынаўскім народам. Але, дзякуй богу, аказалася, што і нам ёсць што паказаць: бразільцы, перуанцы на ўра прынялі творчасць гурта «Без білета». Нас гэта таксама натхніла, таму па вяртанні напісалі песню «Мы выклікаем лета», пранікнутую лацінаамерыканскім настроем.

— А як з беларускага боку ўспрымаюцца вашы новыя песні з такім выбухным настроем?

— Да таго як мы выдалі гэтую музыку ў выглядзе кліпаў і аўдыязапісаў, выконвалі яе некалькі разоў на канцэртах, таму завочна можна лічыць песні хітамі.

— Вы досыць часта выступаеце ў Беларусі. Акрамя Мінска, наведваеце маленькія гарады, напрыклад, хутка будзе канцэрт у Мар'інай Горцы.

— Зазвычай, калі гурт мае многа канцэртаў, ён аб'яўляе тур. У «Без білета» такі тур як пачаўся гады тры таму, так працягваецца і сёння. Нам няма часу нешта аб'яўляць, мы проста едзем. У межах гэтых вандровак па краіне часта наведваем гарады, дзе да нас гадоў 20 ніхто не выступаў. Прыязджаем у невялікія мястэчкі, дзе памятаюць толькі выступленні «Песняроў». Так, ладзіць канцэрты ў гэтых месцах вельмі складана з тэхнічнага пункту гледжання: там няма тэхнічнай базы, каб прыняць жывы калектыў. Але мы такія непаседы і ўсё возім з сабой. Мы ўвесь час у туры, лавіце нас (смяецца)!

— Напэўна, калі папярэднім канцэртам у глыбінцы былі «Песняры», то «Без білета» выглядаюць дзіўна. Як мясцовая публіка рэагуе на вашу музыку?

— У нашых выступленняў ёсць фірмовы почырк. Таму, прыязджаючы ў раённыя дамы культуры, перарабляем залы з крэсламі ў танцпляцы. Калі спачатку бачым спалоханых слухачоў у футрах, а напрыканцы наша выступленне нагадвае найлепшае вяселле ў жыцці, то мы лічым, што канцэрт атрымаўся. І ў 99 працэнтах выпадкаў так і здараецца.

— А кіраўніцтва дамоў культуры не супраць такіх эксперыментаў?

— Галоўнае, што людзі пасля канцэртаў шчаслівыя, натхнёныя. Таму мне падаецца, што мы робім добрую справу. І сабе, і іншым даём надзею, праз музыку дзелімся сонечнай энергіяй і дорым жыццёвыя сілы. Людзі пачынаюць верыць у сябе. Мы дзелімся тым, што людзям патрэбна, а менавіта жаданнем жыць і ствараць. Нічога страшнага, што ў нас на канцэртах часам адбываецца вэрхал. Ахвяр не было (смяецца). Шчаслівымі застаюцца і кіраўнікі, і слухачы.

— Вы таксама шчаслівыя?

— Так.

— Гурт «Без білета» — досыць сталы, з багатай гісторыяй. Не хочацца супакоіцца, адзець касцюм і рабіць больш сур'ёзную, спакойную музыку, не «крыўляцца» на сцэне?

— Я не сказаў бы, што мы менавіта «крыўляемся». Проста робім тое, што нам падабаецца. Падабаецца стан свята, які мы ствараем на канцэртах. Стараемся ў сваёй музыцы асіміляваць сусветную культуру, не толькі лакальную, толькі беларускую ці суадносную з пэўным тыпам музыкі. Можна сказаць, іграем папулярную world musіc. Так, мы часта дурэем на сцэне і ў сваіх песнях, гэта ж хочам рабіць і надалей, заставацца такімі ж дзецьмі да канца жыцця. Спадзяюся, атрымаецца.

Не хочам станавіцца дарослымі і сур'ёзнымі. Мы проста ездзім, весялім народ і не заўважаем, што некаму сумна.

— За час існавання гурт досыць істотна змяніў стыль, фірмовы почырк, гук — ад меланхалічнасці да танцавальных рытмаў...

— Гэта нармальная эвалюцыя. Мы ж увесь час нешта пішам. Таму і выдалі — нават нечакана для сябе — гэты міні-альбом «Жара». Гурт рухаецца далей, развіваецца. Але так, зараз схіляемся ў бок танцавальнай музыкі. Нават калі зірнуць на папярэдні альбом «Море», ужо відаць, што гэта была ветраная, пляжная, дыскамузыка.

— А якім будзе наступны альбом?

— Давайце пачакаем і пабачым, што мы напішам. Я думаю, ёсць магчымасць праз паўгода нешта новае ад нас пачуць. Творчых планаў хапае. Пакуль «Без білета» былі ў вандроўцы па свеце, утварылася паўза ў напісанні песень, а вярнуўшыся, мы кінуліся ў студыю, запісваць.

— Ствараючы новую песню, адразу ведаеце, як яна павінна гучаць?

— Не, кожны раз гэта як з самага пачатку нашай творчасці. Мы не ведаем сакрэтаў напісання песень. Працэс іх нараджэння для нас дагэтуль terra іncognіta.

Як дзеці, адкрываем усё для сябе, баімся, што нешта не атрымаецца, па сотні разоў перарабляем, пакуль не прыходзіць разуменне, што атрымалася нешта класнае. Тады і паказваем гэта людзям.

— Маеце мноства ўзнагарод, тытулаў, прэмій. Якая з іх самая знакавая, дарагая для вас? І ў цэлым, наколькі важна быць адзначанымі?

— Самая вялікая ўзнагарода — поўная зала слухачоў, разам з якімі мы спяваем. А фактычнымі дыпломамі, тымі, якія я не пагубляў, валодае мая мама. Яна іх збірае на лецішчы.

— Ведаю, што вы нарадзіліся ў Вілейцы. Часта там выступаеце?

— Даўно не быў, але мару там арганізаваць выступленне «Без білета». Магчыма, гэты тэкст прачытаюць віляйчане, і нешта самі задумаюць. Мы гатовыя прыехаць і падняць Вілейку на вушы. Горад будзе танцаваць!

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».