Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


«Кабыла на ганак не палезе»

У аднаго чалавека (яго Іванам звалі) ружовая мара была: купіць сабе матацыкл. І ён яго, вядома ж, купіў бы, калі б не жонка...

— Мала ты возам платоў у вёсцы знёс? — пыталася яна. — Мала з ровара ў кусты агрэсту куляўся? Даставала ўсяго абадранага... Але ж хоць бы жывога. А тут — матацыкл... Гэта ж хуткасць! А колькі конскіх сіл? Не хапала, каб ногі паламаў ці галаву скруціў...

Іван жонку слухаў, але ж розум меў: ці не кожны дзень стаў «маляваць» сваёй палавіне розныя прывабныя карціны: то ўдваіх на матацыкле яны ў лес паедуць — ягад-грыбоў набяруць, то ў суседнюю вёску да яе сястры ў госці падскочаць, то з кірмашу парасят прывязуць...

Урэшце жанчына здалася: Іван старгаваў у суседскага сына старэнькі ІЖ з каляскай! Былы гаспадар нават прыгнаў яго ў двор, за чаркай і ва ўсіх падрабязнасцях давёў Івану «парадак эксплуатацыі».

Новы гаспадар усё зразумеў і запомніў, а потым стаў святкаваць. Найперш ён узяў мяккую чыстую анучку і да бляску нацёр у матацыкле ўсё, што толькі можна было нацерці. На гэтым — цалкам шчаслівы — забурыўся спаць.

Раніцай устаў разам з сонейкам, пагаліўся, памыўся, адзеўся ў чыстае, але снедаць не сеў: карцела як мага хутчэй праехацца на «стальным кані», пахваліцца пакупкай перад вяскоўцамі. Ён ліха завёў матацыкл, выруліў са свайго двара і, замест таго каб павярнуць направа і паехаць па вуліцы да калгаснага цялятніка, чамусьці... перасек тую самую вуліцу, ускочыў у двор бабкі Маланні, збіў у яе драўляны ганак і разам з усімі ча-
тырма прыступкамі «ўляцеў» у расчынены бабулін хлеў.

Там ва ўсе бакі разляцеліся куры, замэкалі перапуджаныя козы, загарлапаніў певень. Тузік, абураны такім нахабствам, — рваў ланцуг і аж заходзіўся ад брэху.

На шум выскачыўшы з хаты, бабка Малання тут жа
адчула і «радасць свабоднага палёту», і боль ад непрыемнай пасадкі, бо падмурак у хаце быў досыць высокі, а пра тое, што ганка няма, яна ж не ведала.

Да ўсяго яе страшэнна спужаў Іван: увесь у павуцінні і курыным пер'і, ён якраз паказаўся з хлява...

Куды пасля гэтай прыгоды падзеўся злашчасны матацыкл, ніхто не ведае. Іван, ва ўсякім разе, стаў усюды раз'язджаць на Камеце (трэба сказаць, што мянушка ў яго кабылкі зусім не адпавядала хуткасці) ды яшчэ і расказваць, як гэта файна, як выгадна, бо Камета, маўляў, і бензіну не «бярэ», і давязе куды хочаш...

А галоўнае — лёг на воз ды едзь сабе — радуйся жыццю. Кабылка ж на ганак не палезе.

І сапраўды, яна — жывёліна разумная.

Ды і ганак у бабкі Маланні новы, дыхтоўны, на бетонным падмурку. Іван паставіў — як помнік сваёй ружовай мары.

Алена Несцяронак, г. Докшыцы


Дзед? Парашутыст!

Хата Васіля Раманчыка стаяла на ўскрайку. Гаспадар яе ў свае семдзесят з добрым гакам яшчэ рухавы быў, непаседлівы. Тупае неяк па двары ды кажа сваёй палавіне:

— Нешта сёлета мы з дровамі пралічыліся. Можа не хапіць да вясны.

— Дык папрасіў бы на ферме каня ды прывёз якога галля, — параіла жонка.

— Не дадуць — заняты конь: кармы падвозіць... Я лепей саматужкі вазьму. Глядзіш, і прыцягну штось.

Праз нейкую гадзіну-другую дзед Васіль ужо нагрузіў дроўцаў, якія з восені яшчэ нагледзеў у лесе, прывязаў іх да саматужак, выкурыў папяросу ды стаў прабівацца да дарогі.

Раніцай па ёй прайшоўся трактар — расчысціў снег, так што санкі слізгалі лёгка. Але ж — што гэта? — ззаду загула машына. Шафёр знаёмы — спыніў свой ГАЗік, выглянуў з кабіны:

— Дзед, — сказаў, — чапляй вазок ды лезь у кабіну. Падвязу.

— А што, можна, — згадзіўся стары.

Але ж (колькі там той дарогі?) нікуды не палез: прывязаў да машыны санкі, сам прымасціўся на дровах і паехаў. Спачатку дык нават шчаслівы быў...

Але ж што гэта? Шафёр (ці не задумаўся ён там?)... націснуў на газ — павялічыў хуткасць. Санкі завіхлялі...

— Тармазі! — што ёсць моцы закрычаў дзед і тут жа на паваротцы... нырнуў у снег. Дроўцы яго паляцелі следам. Хіба санкі на вяровачцы яшчэ паматляліся крыху — адарваліся потым.

І толькі тады ўжо машына спынілася, з кабіны выскачыў збялелы шафёр, падбег да дзеда, які — нібы той пабуджаны мядзведзь — выпаўзаў з гурбы.

— Цэлы? — спалохана спытаў кіроўца. — Нічога не зламаў? Нідзе не баліць?.. Давайце падсаджу вас у кабіну... А дровы і санкі ў кузаў закінем.

— Ідзі адсюль, — паслаў маладога стары, — каб мае вочы цябе не бачылі. Падвёз называецца... Ледзь на той свет не адправіў!

...Дзед, як толькі машына ад'ехала, вохкаючы, сабраў дровы, яшчэ раз увязаў, запрогся ў саматужкі і памаленьку патупаў дадому. Пакуль дабраўся, у вёсцы ўжо ведалі, як ён «пакупаўся» ў снезе. Ды што там — у старога нават мянушка з'явілася — парашутыст.

Уладзімір Пугач, м. Навасёлкі, Петрыкаўскі раён


Пакуль муж у ад'ездзе

У кожнай жанчыны ёсць мары, якія нам, мужчынам, мусіць, цяжка зразумець. Ну па-першае, у любым узросце ім хочацца быць маладымі і прыгожымі, па-другое, каханымі ці хоць бы любімымі, па-трэцяе, прыбранымі, па-чацвёртае, паспяховымі і багатымі...

Многім удаецца... многае, асобным — толькі нешта, але ж мы, як правіла, бачым знешні бок, так бы мовіць, фасад — «варыянт канчатковы». А вось нейкія прамежкавыя...

Вы не бачылі? Тады і глядзець не раю, бо...

Некалі сярод маіх вучняў быў хлопчык Коля. Зорак з неба ён не хапаў, але ж вучыцца стараўся, і мы, настаўнікі, на кожным бацькоўскім сходзе рады былі сказаць аб гэтым Міколавай маме. Тата ў хлопчыка таксама быў, але ў школу ён чамусьці не заходзіў — мы зусім не ведалі, хто ён ды што. Затое мама...

Трэба сказаць, што гэта была не жанчына, а проста багіня: прыгожая, з густам прыбраная, нафарбаваная, заўсёды з прычоскай, з манікюрам, ножкі на «шпілечках», а ўжо фігурка...

Здавалася, што ніводзін мужчына, займеўшы такую жонку, не будзе прападаць на працы, паляванні альбо рыбалцы, не будзе сядзець з сябрамі ў гаражы ды ездзіць па камандзіроўках.

Але ж аднойчы здарылася непрадбачанае: Коля захварэў, цэлы тыдзень не хадзіў на заняткі. Трэба, думаю, праведаць малога, падцягнуць па матэматыцы, па мовах. Ды і з бацькам яго пазнаёміцца...

Дзверы мне адчыніў сам Коля. «Тата, — сказаў, — у камандзіроўку з'ехаў, а мамка дома».

Дома дык дома — я ж не да яе прыйшоў. Мы з Колем селі за стол у ягоным пакоі, дасталі падручнікі, сшыткі, сталі разам меркаваць, калі сустрэнуцца цягнікі, якія выехалі з пункта А ў пункт Б, як раптам...

— Сынок, ты з кім размаўляеш? — пачулася з глыбіні кватэры.

Тут жа расчыніліся дзверы і... Я сваім вачам не паверыў: дзе падзелася тая багіня і мара мужчын? Фігура «ўтапілася» ў доўгім старым халаце, недзе знікла і ўсё астатняе. Твар, у прыватнасці, быў апухлы, чырвоны, павекі — нібы вадою налітыя, саміх вачэй амаль не відаць...

Але ж мяне яны, падобна, убачылі. Бо жанчына войкнула і мігам знікла. У мяне ж ад убачанага дух перахапіла: я хацеў быў спытаць у вучня, што здарылася з ягонай матуляй, але голасу чамусьці не было.

Коля выручыў сам: ён быццам прачытаў мае думкі і з ахвотай растлумачыў, што тата маму не біў... І пчолы яе не кусалі. Проста прыгажосць патрабуе ахвяр ды розных там працэдур. Вось гэтая — называецца лазерны пілінг скуры. Твар пасля яго прыходзіць у норму, але не адразу: дзён колькі трэба пачакаць, а ўжо тады...

Карацей, па дарозе дадому я міжволі думаў пра Колеву маму. Нават пра... дзвюх: пра тую, што сёння так напужала, і пра тую, якую часта бачыў у школе. Пра бацьку гэтага хлопчыка думаў таксама.

І, як ні круці, атрымлівалася, што мы, мужчыны, мужы, усё ж павінны ездзіць у камандзіроўкі, на рыбалку і паляванне, хадзіць у гараж...

Хоць бы для таго, каб не перашкаджаць сваім чароўным палавінкам наводзіць марафет, спраўджваць мары...

На першы погляд — іхнія, жаночыя, а калі задумацца, то і нашы, мужчынскія.

Генадзь Рыняк, г. Бялынічы

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?