Вы тут

Прыватны складнік


У кожнай агульнай памяці напачатку дамінуе менавіта ён.


Я не ведаю, як было поўнае імя майго дзеда. У адзіных дакументах, якія захаваліся — бацькавым і дзядзькавым пасведчаннях аб нараджэнні, — у 30-х гадах напаўпісьменны сельсавецкі пісар запісаў яго як Валька Тамашоў. У справе, заведзенай на яго ў 1937-м, ён значыўся як Валянцін Фаміч, але тыя, хто выпісваў яго сынам пашпарты ў розных месцах і ў розны час, пра тое не здагадваліся, таму бацька атрымаўся Валянцінавіч, а дзядзька — Валяр'янавіч. Так і пражылі свой век родныя браты з розным іменем па бацьку, так і ляжаць на нашых вясковых кладах — старэйшы Валянцінавіч побач з маці, малодшы Валяр'янавіч — крыху наводдаль, у іх у нагах. Самога Валянціна Фаміча (магчыма, у новых, пасляваенных дакументах дзеда запісалі б менавіта так) на тых могілках няма. У яго наогул няма магілы. Валька Тамашоў па прозвішчы Ляўковіч, просты селянін з-пад Койданава, ляжыць дзесьці ў Курапатах.

Там ляжыць і яго сусед Адась Марэцкі, і яго цёзка па прозвішчы Аляксандр, што жыў у іншым канцы вёскі, і іншыя трыццаць восем яго аднавяскоўцаў, арыштаваных за два страшныя 37-ы і 38-ы гады. Дадому не вярнуўся ні адзін — усе былі расстраляныя. У нашай мясцовасці тады вельмі лёгка было выконваць «расстрэльны» план: да тагачаснай мяжы з Польшчай было ўсяго кіламетра паўтара. З навакольных хутароў і невялікіх вёсачак на савецкай тэрыторыі людзей выселілі — каго на Гомельшчыну, каго ў Сібір. Нашу вёску пакінулі, бо была большая, бо павінен быць калгас, бо пагранічнікам па першым часе трэба было дзесьці кватараваць. Але затое ўсе вясковыя мужчыны аказаліся «польскімі шпіёнамі». Нашага суседа забралі, напрыклад, за тое, што нібыта хадзіў у Койданава (амаль за 30 кіламетраў) мініраваць чыгунку. Дзеда Вальку — за тое, што, калі быў брыгадзірам у калгасе, нанёс асабліва значную шкоду калектыўнай маёмасці — град у яго брыгадзе пабіў грэчку... У нашай вёсцы амаль не было ветэранаў Вялікай Айчыннай, хіба некалькі прыезджых, што пасяліліся пасля вайны, амаль не было ваенных удоў і сірот. Проста на вайну ўжо не было каму ісці...

Дзеда рэабілітавалі ў 1967-м — падчас «адлігі» мае бацькі ўзяліся за гэту нялёгкую справу, і ім удалося давесці яе да завяршэння, калі ўжо значна «пахаладала». У пасведчанні аб смерці, якое атрымалі «з органаў», датай смерці значыцца снежань 1937 года. Дзеду было 34 гады. У графах «прычына смерці» і «месца смерці» значыцца прочырк...

Адкуль і як даўно я ведаю пра Курапаты? Вы не паверыце — я чула пра іх з самага маленства, гадоў за дзесяць да таго, як пра іх загаварылі ў грамадстве.

Бабуля ўвогуле не любіла расказваць пра тыя страшныя часы. Калі я ў яе пыталася пра дзеда, толькі скрушна ўздыхала і казала: «Забілі твайго дзеда, Ленка. Недзе ў Мінску ў Зялёным Лузе ляжыць...» Яна, як і астатнія вясковыя ўдовы, ведала гэта даўно. З таго самага часу, калі, пераначаваўшы на падваконні ў мінскім вакзале, пратрэсшыся ў таварным вагоне да Койданава, пешшу дабраўшыся адтуль да вёскі, паклала на стол хатулёк з перадачай для мужа. Перадачай, якую ў турме на Валадарскага ў яе не ўзялі, спаслаўшыся на тое, што арыштантаў перавялі ў іншае месца. Пра лес у Зялёным Лузе добрыя людзі шэптам, азіраючыся, ёй сказалі яшчэ тады...

Я была ў Курапатах толькі аднойчы — дваццаць гадоў назад. Быў мароз, сонца і іскрысты снег, але той лес падаўся чорным (вы не заўважалі, што на могілках хваёвыя дрэвы — сосны ды елкі, нашмат цямнейшыя, чым звычайныя). То былі пакутлівыя паўгадзіны — я ўвесь час імкнулася ісці на пальчыках, бо не магла пазбавіцца ад думкі, што ступаю па дзедавых касцях. Цяпер кожны год думаю пра тое, што варта было б паехаць туды зноў, узяць жменьку зямлі, прывезці яе да бабулі на магілу — так было б правільна, магчыма, перасталі б сніцца сны, у якіх — той страшны цёмны лес і постаць мужчыны, які сыходзіць пад чорныя сосны спінай да мяне, не азіраючыся. Я кожны раз збіраюся паехаць туды — і не магу сябе прымусіць. Як ніколі не магу прымусіць сябе пайсці ў старую закінутую частку могілак — там вусцішна, і з'яўляецца гэта непераадольнае жаданне ісці на пальчыках, а каб можна было, — і ўвогуле не кранаючыся зямлі...

Я, праваслаўная, кожны год замаўляю па дзеду, імя якога дакладна не ведаю, імшу ў касцёле. І ў царкве, насуперак правілам, заўжды стаўлю свечку за заспакаенне яго, каталіка, душы. Гэткая спроба знайсці для сябе спакой і апраўданне.

Магчыма, праз некалькі дзясяткаў гадоў Курапаты сапраўды стануць тым, чым павінны стаць, — сімвалам агульнай памяці і смутку. Але агульная памяць спачатку складаецца з памяці асабістай, з памяці асобна ўзятых людзей.

І пакуль пераважае гэта асабістая памяць (а восемдзесят гадоў — занадта малы тэрмін, каб яна сышла ў нябыт разам з яе носьбітамі), трэба яе як мінімум шанаваць. Нас яшчэ вельмі шмат — тых, каго гадавалі бабулі-ўдовы з вечнай горкай складкай каля вуснаў, тых, у чыіх бацькоў не было бацькі, тых, у чыіх дзядоў няма магілы. Тых, хто не можа прымусіць сябе паехаць у Курапаты, бо там няма месца, дзе можна проста пакласці кветкі, знайшоўшы на помніку сярод соцень іншых роднае прозвішча, бо там няма храма, у якім — незалежна ад таго, хто па веравызнанні ты сам і той, за каго ты молішся, можна было б паставіць свечку. Пакуль мы думаем і разважаем, што так павінна быць (і, спадзяюся, усё-ткі прыйдзем да таго, што менавіта так і будзе), Курапаты па сутнасці сваёй застаюцца старымі вялізнымі могілкамі, дзе трэба хадзіць на пальчыках, бо няма гарантыі, што ты не ідзеш па чыіхсьці касцях. У Курапатах і побач з імі недарэчы трактары і бульдозеры. Але не менш недарэчы і натоўп, які тупае і пратэстуе.

Пакуль мы думаем, як годна ўшанаваць іх памяць, давайце дадзім ім супакой. Яны сваімі пакутамі яго заслужылі. І гэта адзінае, што мы менавіта для іх, тых, хто там ляжыць, а не для ўласных амбіцый ці самасцвярджэння можам сёння зрабіць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».