Вы тут

160 гадоў таму ў Вілейцы была асвечана першая каменная пабудова


Да гэтага часу сярод многіх віляйчан бытуе прыгожая легенда, што пасля таго, як у 1795 годзе па ўказе расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ Вілейка стала павятовым горадам, то неўзабаве яна прыехала сюды, пасадзіла першае дрэўца ў гарадскім парку і залажыла першы камень у падмурак будучага астрога. На самай справе абставіны ўзвядзення гэтага архітэктурнага збудавання зусім іншыя. 30 ліпеня 1846 года імператар Мікалай І зацвердзіў праект будаўніцтва турэмных замкаў у павятовых гарадах на 100 арыштантаў. 2 лютага 1848 года ў Віленскай губерні нават быў устаноўлены асобы земскі збор на 12 гадоў на ўладкаванне будынкаў дзяржаўных устаноў і турмаў.


Неабходнасць пабудовы новай турмы ў Вілейцы была абумоўлена яшчэ і тым, што стары драўляны будынак астрога прыйшоў у аварыйны стан, не паддаваўся ўжо рамонту і не мог забяспечыць надзейную ахову сядзельцаў.

Быў зроблены праект на будаўніцтва і складзены каштарыс на 49 610 рублёў 17 капеек серабром. Пазней гэту суму зменшылі да 45 232 рублёў 83 капеек. Месца для новай турмы абрана на той момант зручнае, высокі пагорак на заходняй ускраіне горада, былой Нароцкай вуліцы (цяпер — вуліца 1 Мая). Пабудова мураванага турэмнага замка пачалася 16 красавіка 1854 года і ішла на працягу трох летніх перыядаў.

Вядзенне будоўлі было аддадзена з таргоў у аптовы падрад віленскаму 1-й гільдыі купцу Хаіму Англіну. Праз год ён памёр, і закончыць работы мусіла залогадавальніца, павераная калежская саветніца Юзэфа Шкульцецкая. Яна з гонарам выканала ўскладзеную на яе місію, і 1 кастрычніка 1856 года будаўніцтва турэмнага замка завяршылася.

Але перш, чым засяляць арыштантаў, вырашылі асвяціць новы будынак. І адбылося гэта 15 (27) студзеня 1857 года. Хутка ў астрозе з'явіліся і першыя арыштанты.

Прыгожы двухпавярховы будынак з дзвюма вежамі па краях, акружаны каменнай сцяной, уяўляў цэласны архітэктурны ансамбль. На турэмнай тэрыторыі размяшчаліся кватэра наглядчыка, лазня, лядоўня. У падвальных памяшканнях астрога знаходзіліся пральня, гаўптвахта, кватэра вартаўнікоў, кладоўкі, ванна, кухня, пякарня, пакой для прыёму арыштантаў. На першым паверсе месцілася шэсць адзіночных камер, восем камер для зняволеных па судовым прыгаворы малаважных злачынцаў з дваран і простых людзей, перасыльных арыштантаў, а таксама лазарэт. На другім паверсе размяшчаліся ідэнтычныя першаму паверху камеры для арыштантаў жаночага полу, лазарэт і аптэка.

У пачатку чэрвеня 1857 года ў Вілейку па рацэ Вілія прыплыла навуковая экспедыцыя. Вось як занатаваў свае першыя ўражанні яе кіраўнік граф Канстанцін Тышкевіч: «...Пасля гандлёвых — людных і шумных прыстаняў, пачынаецца іншая Вілія: самотная, панурая, з нізкімі пустэльнымі берагамі. Нечакана па-над берагавой лініяй, на ўзгорку з'яўляецца нейкі белы аб'ект, які з гэтага моманту ўжо не знікае з нашых вачэй, нават калі мы мяняем напрамак. І чым бліжэй мы падплываем, тым ясней бачым, што белая кропка — гэта новая пабудаваная вілейская турма, адзіная мураваная пабудова ў гэтым горадзе».

У 1964 годзе турма ў Вілейцы перастала існаваць, у будынку, пасля нядоўгага рамонту, размясціўся анкалагічны дыспансер.

За сваю 100-гадовую гісторыю праз змрочныя казематы вілейскай турмы прайшлі сотні тысяч падследных і зняволеных, тут разыгрываліся чалавечыя драмы і трагедыі. За ўсю гісторыю турма бачыла нямала і вядомых асоб. Паэты Валянцін Таўлай, Алесь Дубровіч, Андрэй Капуцкі, Ганна Новік адбывалі тут розныя тэрміны пакарання за актыўны ўдзел у падпольным руху Заходняй Беларусі. Менавіта тут, у турэмных сценах, В. Таўлай пачаў пісаць паэму «Мы аптымісты».

Сумны і трагічны след пакінуў у нашай гісторыі перыяд сталінскага таталітарнага рэжыму. Адразу ж пасля ўступлення Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь пачаліся палітычныя рэпрэсіі ў адносінах да «контррэвалюцыйных, антысавецкіх, нацыяналістычных элементаў». Турэмных камер не хапала, і зняволеных размяшчалі проста ў двары. 6 кастрычніка 1939 года быў арыштаваны і 13 жудасных месяцаў правёў у вілейскай турме Аляксандр Уласаў, першы рэдактар першай беларускай газеты «Наша Ніва», а таксама «Сахі», «Лучынкі» і іншых выданняў.

Далей свае крывавыя і больш маштабныя справы працягвалі нацысты. Турэмны двор стаў месцам масавага знішчэння ваеннапалонных, партызан, падпольшчыкаў і мірных жыхароў. Па падазрэнні ў сувязі з партызанамі два тыдні ў вілейскай турме правёў Барыс Кіт — сусветна вядомы вучоны. Ён быў сведкам, як кожны дзень гітлераўцы вывозілі на расстрэл вязняў турмы.

Сёння цяжка канстатаваць і рабіць канчатковы вывад, ахвярамі чыіх рук сталі ў розныя гады, часам ні ў чым не вінаватыя вязні вілейскай турмы, для многіх з якіх турэмны двор стаў апошнім жыццёвым прытулкам.

У 1995 годзе на гарадскіх могілках «Лясныя», непадалёку ад увахода, устаноўлены вялікі драўляны крыж, а побач — валун, на якім высечаны словы: «Ратуй нас, Хрысце, лёсу пакутнікаў, замучаных і расстраляных у турме вілейскай за час існавання яе. Дабраслаў, Божа, душы палеглых айцоў, братоў і сясцёр нашых, імён якіх пакуль не ведаем».

Гэтым, напэўна, пастаўлена апошняя кропка ў гісторыі вілейскай турмы.

Вольга КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Калі замак... турма

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.