Вы тут

Традыцыйны гродзенскі кірмаш «Казюкі» сабраў каля 200 майстроў


Традыцыйны кірмаш сабраў у горадзе над Нёманам каля 200 майстроў з Беларусі і Польшчы

Свята «Казюкі» ўзнавілі каля 20 гадоў таму. А ў старадаўнія часы такія кірмашы праводзіліся 4 сакавіка паўсюдна на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Польшчы. Такім чынам майстры ўслаўлялі свайго абаронцу — Святога Казіміра, які жыў у ХV стагоддзі і памёр у маладым узросце 4 сакавіка 1484 года. Праз два стагоддзі яго кананізавалі і сталі ўслаўляць як абаронцу рамёстваў. «Казюкі» шырока адзначаюць у Літве і Польшчы.


Галоўным атрыбутам свята лічацца «казіміркі» — прыгожа аформленыя галінкі вярбы. У Гродне нямала майстрых, якія робяць такія букеты. Наведвальнікі кірмашу не абыходзілі іх, разглядалі, прыцэньваліся.

Як паведаміла загадчыца цэнтра народнай творчасці «Спадчына» Святлана Палчанкава, на ўдзел у кірмашы было пададзена 150 заявак ад майстроў Беларусі. Але на самай справе прыехала больш. Свае драўляныя вырабы — бочкі, лыжкі, кошыкі — прадставіў нават майстар з Івана-Франкоўска.

Старшыня Гродзенскага гарадскога аддзела Саюза палякаў на Беларусі Казімір Знайдзінскі, адзін з арганізатараў свята, зазначыў, што ўпершыню сваю творчасць прадставілі польскія майстры з Беластоку, таксама на кірмашы выступілі музычныя калектывы з Польшчы.

Адметнай рысай сёлетняга фестывалю стаў абрад «Пасвячэнне ў майстры», калі вопытныя рамеснікі прымаюць маладых майстроў у сваю гільдыю. Залічваюць тых, каму старэйшы майстар драўлянай лыжкай стукнуў па руцэ. Такім чынам былі прыняты ў гільдыю двое гродзенцаў.

Фестываль з кожным годам пашыраецца. Калі напачатку майстрам хапала месца на невялікім кавалку вуліцы, то сёлета яны занялі амаль усю плошчу Савецкую, якая, дарэчы, некалі насіла назву Рыначнай. Трэба сказаць, што майстрам было чым здзівіць наведвальнікаў. Шкло, кераміка, саломка, гліна, дрэва — гэтыя матэрыялы сталі цудамі ў руках рамеснікаў. Праўда, і каштавалі такія рэчы не танна. Таму наведвальнікі кірмашу не спяшаліся раскрываць свае кашалькі. Большасць звярталі ўвагу на дробныя рэчы. Напрыклад, на гліняныя свістулькі. Дарэчы, без іх не абыходзіцца ні адзін кірмаш «Казюкі», бо, згодна з павер'ем, птушкі-свісткі здольны заклікаць вясну. Відаць, яна на падыходзе, бо на «Казюкі» з самага ранку ўсталявалася сонечнае надвор'е, якое спадарожнічала майстрам на працягу ўсяго кірмашу.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zvіаzda.by

Загаловак у газеце: На «Казюкі» ў Гродна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.