Вы тут

Кантрасты і неспадзяванкі


Выдатна. Апавяданне Людмілы Рублеўскай «Я ніколі не стану лётчыкам» зноў вяртае нас да тэмы палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў. Але не толькі. Юная дзяўчына Магдалена згаджаецца на любошчы са следчым НКУС дзеля таго, каб дапамагчы свайму каханаму — выпускніку Мінскай мастацкай вучэльні Вадзіму Нарушэвічу, якога арыштавалі за тое, што ён «не вельмі ўдала намаляваў канаючага ў ванне героя камуны Марата» («...у самім сюжэце ёсць намёк на забойства Кірава, ёсць і прыкметы буржуазнага фармалізму»). Вадзіма ўрэшце не вызваляюць, прысуджаюць да пяці гадоў высылкі, а Магдалена страчвае цнатлівасць, веру ў людзей і ўзнёслае пачуццё кахання, не чытае нават лістоў, што дасылае ёй Вадзім з высылкі. У аснове твора — маральна-псіхалагічная праблема. Эпоха пазначана толькі неабходнымі каларытнымі апісаннямі, а вось тонкіх псіхалагічных дэталяў у апавяданні сапраўды вельмі многа. У асобную тэму магло б развіцца тое, пра што маўчыць маці галоўнай гераіні, прыгадваючы свае маладыя гады. У маленькім апавяданні — і кароткі курс гісторыі Беларусі першай трэці ХХ стагоддзя, і трагедыя двух жаночых лёсаў, і водгулле болю па некалькіх знішчаных пакаленнях беларускай інтэлігенцыі... Застаецца дадаць толькі, што ўсё гэта — у выдатным мастацкім выкананні.

Сумніўна, што просты пераказ знакамітых старонак дзённіка Кузьмы Чорнага можа ўразіць чытача ці, прынамсі, адкрыць нешта новае. Таму задума Ігара Аўласенкі, увасобленая ў нарысе «Апошняя споведзь Кузьмы Чорнага» (паводле дзённіка пісьменніка), застаецца не зусім зразумелай. Твор «завіс» паміж нарысам і апавяданнем, аднак ні мастацкай, ні псіхалагічнай глыбіні, на жаль, не дасягнуў.

На суд чытача вынес часопіс «Полымя» апавяданні маладых рускіх літаратараў Алены Тулушавай (пераклад Максіма Пятрова), Андрэя Цімафеева і Алёны Белаусенкі (пераклад Юліі Алейчанка). Безумоўна, гэта цікавае знаёмства: маладая руская проза развіваецца ў іншых тэматычных напрамках. Вылучаюцца сярод усіх апавяданні А. Цімафеева.

***

Выдатна. У новым нумары «Нёмана» шмат цікавых публікацый, але самымі бездакорнымі падаюцца вершы Алены Кісель і Васіля Макарэвіча. Каты і коткі цяпер у трэндзе, але цыкл Алены Кісель «Коткіны сны» — гэта не захопленыя вершыкі пра мілых пухнатых стварэнняў, а магчымасць адчуць усю таямнічасць залежнасці прыручанай жывёлы ад чалавека, калі дзіўнае пачуццё доўгія гады трымае побач з намі чатырохлапых гадаванцаў. Аўтар прапануе паглядзець на справу вачыма ката — атрымліваецца сур’ёзна, кранальна і сумнавата, бо кашэчыя мары пра гаспадара здзяйсняюцца не заўсёды... Сумуюць па гаспадарах і пакінутыя вясковыя хаты. Васіль Макарэвіч піша пра іх як колішні цясляр, дасведчана распавядае, як і з якім настроем яны будаваліся. Невясёлая рэчаіснасць чытаецца між радкоў: хаты таксама чакаюць чалавека.

Сумніўна. Аповесць Юрыя Пялюшонка «Жняцы» прапануе далучыцца да чароўнага каравана: служка Творцы, які сілкуецца энергіяй дабрыні і любові, і служка Гаспадара, які сілкуецца энергіяй зла і пароку, разам вандруюць па свеце і збіраюць ураджай. Цікаўны юнак Фама прыкметна ажыўляе іх кампанію. Размова між героямі тычыцца экзістэнцыяльных пытанняў, жыццёвых праблем і супярэчнасцей чалавечай душы. Побач з арыгінальнымі меркаваннямі з вуснаў падарожнікаў часам гучаць і трывіяльныя ісціны, але найбольш рызыкоўным падаецца спалучэнне глыбакадумнасці і камізму. Аўтар нібы баіцца быць сур’ёзным і часта аздабляе філасофскія размовы жартамі ды пацвельваннямі. Гэта адмысловае спалучэнне, якое нагадвае жанр школьнай драмы, можа падацца дзіўным для сучасніка. Увогуле ж у творы шмат дасціпных думак і алюзій на сённяшнія рэаліі, таму твор Юрыя Пелюшонка прывабіць тых, хто любіць паразважаць над літаратурай.

На суд чытача. Аповесць Георгія Захарава «Будні крымінальнага вышуку» прысвечана дзейнасці Упраўлення міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС БССР у 1926 годзе. Супрацоўнікі ўпраўлення не займаюцца палітычнымі справамі, таму аўтар распавядае пра раскрыццё гучных злачынстваў, кантрабанду, разборкі крымінальных банд, стварае партрэты інспектараў упраўлення — людзей розных па паходжанні і нацыянальнасці, але адданых сваёй справе. Мінск 1920-х гадоў — горад кантрастаў і неспадзяванак: рабаўнікі трапляюць у ювелірную краму праз падземны ход, дзяўчаты цікавяцца модным адзеннем з Польшчы і абмяркоўваюць «пытанні прапаганды камуністычных ідэй сярод жанчын»... У аповесці нямала штампаў афіцыйна-справаводчага стылю, аўтару імпануе лёгкасць, з якой раскрываюцца злачынствы, таму ён не імкнецца ўскладняць падзеі, як зрабіў бы гэта белетрыст. Адпаведна, твор чытаецца аператыўна і дазваляе лепш уявіць жыццё беларускай сталіцы ў 1920-я гады.

***

Выдатна. Нягледзячы на тое, што самыя вядомыя радкі пра люты належаць паэту, лютаўская «Маладосць» найперш уражвае сваім празаічным складнікам. Прытым «выдатна» можна сказаць не толькі пра самі тэксты, але й пра падбор аўтараў: за сталых аўтараў прамаўляе Валер Гапееў, за моладзь — Дзмітрый Рубін, які, да ўсяго, прадстаўляе яшчэ і «Маладосць» (падвойная адказнасць). Знаёмства непасрэдна з тэкстамі раскрывае наступную цікавостку: Валер Гапееў разглядае жыццё моладзі ў школьным рамане «Мая мілая ведзьма», а Дзмітрый Рубін у шэрагу аповедаў (навел?) — «Дарога, пакрытая поўсцю», «Прафесіяналізм», «Па трамвайных рэйках», «Беларуская рулетка» — адасобліваецца ад свайго ўзросту і замахваецца на праблемы абстрактныя ды вялікія (прыкладам, нацыянальнае пытанне), прычым найчасцей спроба дакапацца да праўды адлюстроўваецца праз рэфлексію чалавека, здольнага думаць. Дадамо да моцнага празаічнага складніка пераклады аповедаў Герберта Уэлса.

Сумніўна, што выкарыстаныя ў якасці эпіграфаў радкі Віктара Цоя ды іншых рок-музыкаў дададуць мастацкай моцы й выразнасці паэме, што грунтуецца адно на сентэнцыях, якія не назавеш арыгінальнымі, ды шматлікіх (ці не залішніх?) эпітэтах. Размова ідзе пра «Вайну, прыдуманую мною» Міколы Адама. Так, вайна — нязменна драматычная тэма, але штораз паўтараючы слова «кроў», усю глыбіню гэтай чалавечай драмы не раскрыеш.

На суд чытача прапануем вершаваную нізку Наталлі Смерцьевай. «З літаратурным жыццём не атрымалася», — паведамляе невялікая біяграфія аўтара. «І зараз проста жыве, калі-нікалі звяртаючыся да паэзіі і прозы». Відаць, якраз у гэтым «калінікалі» і ёсць вялікая ўдача аўтара: калі б склалася, хто ведае, колькі прахадных радкоў было б надрукавана?.. Мы ж бачым паэзію, вартую ўвагі чытача. Цікава было б пазнаёміцца надалей з празаічнымі творамі спадарыні Наталлі.

Жанна КАПУСТА, Алеся ЛАПІЦКАЯ, Наста ГРЫШЧУК

Загаловак у газеце: Кантрасты і неспадзяванкі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.