Вы тут

Чытанне павінна быць модным, а пісьменнік — пазнавальным


Беларуская літаратура ў інфармацыйным грамадстве

У апошняе дзесяцігоддзе шмат спрэчак і дыскусій вядзецца датычна спецыфікі існавання/«выжывання» літаратуры ў эпоху інтэрнэту, у новай інфармацыйнай рэальнасці.


Пераасэнсоўваюцца месца і роля літаратуры ў жыцці сучаснага грамадства ўвогуле. У інфармацыйную эпоху не толькі трансфармуецца характар сацыякультурных камунікацый, але і адбываюцца кардынальныя змены ў самасвядомасці чалавека. Змяняюцца як мастацкія практыкі, так і каналы распаўсюджвання мастацкіх твораў, абнаўляецца змест саміх паняццяў мастацкі твор, творчасць. З’яўляецца новая эстэтыка, заснаваная на паняццях інфармацыйнай эпохі.

Асабліва шмат пытанняў у гэтай сітуацыі выклікаюць перспектывы беларускай літаратуры. Арыгінальныя і змястоўныя падыходы да праблемы прапанаваныя ў артыкуле І. Шаўляковай-Барзенка «Беларуская літаратура ў інфармацыйным грамадстве: пагрозы як гарантыя перспектыў», надрукаваным у «Полымі» (2017, № 1). Даследчыца абірае міждысцыплінарную метадалогію вывучэння праблемы, абапіраецца на работы Ф. Уэбстэра, М. Кастэльса, Э. Тофлера, іншых філосафаў, сацыёлагаў, культуролагаў, у цэнтры асэнсавання якіх — праблемы постіндустрыяльнай цывілізацыі.

Будова артыкула вызначаецца акадэмічнай дакладнасцю і выверанасцю высноў, што ўвогуле характарызуе крытычныя выступленні І. Шаўляковай-Барзенка. Яе публікацыі — заўсёды са «знакам якасці»: выключная навуковая база, абазнанасць у найшоўшых тэндэнцыях развіцця айчыннай і сусветнай літаратуры, у спецыфіцы сучаснай культурнай сітуацыі. У пачатку артыкула І. Шаўлякова-Барзенка падае найбольш істотныя характарыстыкі «інфармацыйнага» («постэканамічнага», «постіндустрыяльнага», «інфармацыянальнага») грамадства. Беларуская літаратура ХХІ стагоддзя характарызуецца як літаратура класічнага тыпу, што з’яўляецца істотным для вызначэння шляхоў пераадолення актуальных для нацыянальнага мастацтва слова пагроз і рызык. Уласна самі рызыкі І. Шаўлякова падзяляе на экзагенныя (знешнія, пазалітаратурныя) і эндагенныя.

Да экзагенных аўтар артыкула адносіць пагрозу «самаізалявання і герметызацыі». Выснова слушная. Парадокс: сучасная беларуская літаратура надзвычай цікавая, багатая на імёны і вартыя творы, але чытаюць гэтыя творы, як правіла, тыя, хто мае непасрэднае дачыненне да самой літаратуры: студэнты філалагічных спецыяльнасцей, выкладчыкі, крытыкі, прадстаўнікі творчых прафесій. Падкрэслю: як правіла. Неяк Ягор Конеў падлічыў, што колькасць патэнцыйных чытачоў беларускай літаратуры складае недзе тысячу чалавек (якраз на той момант колькасць студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей; а сёння — яшчэ менш). І такая сітуацыя характэрная не толькі для беларускай літаратуры. Шмат напісана-сказана пра зніжэнне цікавасці да літаратуры/чытання ў апошнія дзесяцігоддзі ўвогуле.

І. Шаўлякова не толькі «дыягназуе» праблему, але і прапаноўвае канкрэтныя захады; стратэгічны характар мыслення дазваляе ёй у пагрозах убачыць магчымасці для іх пераадолення.

Перш за ўсё І. Шаўлякова гаворыць пра неабходнасць «выпрацоўкі стратэгій фарміравання сучаснай нацыянальнай прасторы чытання (звязаных у ліку іншага з інтэнсіўным асваеннем Сеціва)». І тут наша літаратура, на мой погляд, на вышыні: інтэрнэт-блогі пісьменнікаў, шматлікія літаратурныя сайты, старонкі ў фэйсбук, літаратурныя інтэрнэт-суполкі: «Сучасная беларуская літаратура», «Я ♥ дзядзьку Караткевіча», « Максіма Багдановіча» (http://vk.com/club6071256), http://litara.net/, http://kamunikat.org/, http://knihi.com/, http://krytyka-by. livejournal.com/, http://lit-krytyka.livejournal.com/ (сучасная літаратурная крытыка, літаратурная журналістыка, літаратуразнаўства, кніжныя агляды), http://by-litara. livejournal.com/, http://bellib.net/ (беларуская літаратура ў перакладах на замежныя мовы і замежная літаратура ў перакладах на беларускую мову), сайты пісьменнікаў (http://www.arlou.org/, http://balachonau.puls.by/). Пра ролю пісьменніцкіх блогаў у літаратурнай прасторы ў свой час пісалі Лада Алейнік і Маргарыта Аляшкевіч.

Прыкладам надзвычай удалых і паспяховых інтэрнэт-праектаў можна назваць выданне Андрэем Горватам кнігі «Радзіва Прудок», што стала адной з самых рэзанансных кніг апошняга часу. Кніга А. Горвата была выдадзеная накладам 650 экзэмпляраў (роўна столькі, колькі людзей замовіла і аплаціла кнігу праз краўдфандынгавую пляцоўку «Талака»). Вельмі добры паказчык для нашага часу. Пазней быў надрукаваны дадатковы наклад у 1000 экзэмпляраў, бо не ўсе ахвотныя здолелі замовіць «Радзіва Прудок» у лістападзе. І гэты наклад разышоўся цягам двух дзён, што з’яўляецца рэкордам для Беларусі. Зараз надрукаваны яшчэ адзін, 2000-ы, наклад. І гэта надзвычай аптымістычны прыклад таго, якую ролю можа адыграць інтэрнэт у папулярызацыі мастацкіх твораў. За кнігу Андрэя Горвата прагаласавалі непасрэдна чытачы, інтэрнэт-супольнасць. Феномен Горвата пацвярджае, што з’явілася новая сістэма ўзаемаадносін «творца — чытач», дзе вырашальную ролю адыгрываюць сацыяльныя сеткі.

Між іншым маем сур’ёзную нагоду для аптымізму: беларуская літаратура запатрабаваная, запатрабаваныя друкаваныя кнігі. Тут можна ўзгадаць і праекты «Шэрлак Холмс па-беларуску», «“Свінка Пэпа” па-беларуску», «Беларускія казкі для iphone i ipad», рэалізаваныя праз краўдфандынгавую пляцоўку «Талака». Надзвычай удалымі атрымаліся праекты ад «Velcom» «Чытаем па-беларуску з Velcom» і праект «Movabox». З уласнага досведу работы з настаўнікамі ведаю, што праект «Movabox» карыстаецца папулярнасцю сярод школьнікаў, вучні дзякуючы «Movabox» і «Velcom» зацікавіліся «Авантурамі Пранціша Вырвіча» Людмілы Рублеўскай.

Тое, што нашы пісьменнікі актыўна засвоілі інтэрнэт, абнадзейвае. Ізноў жа, з уласнага досведу выкладання літаратуры ведаю, што сённяшні студэнт найперш пашукае патрэбны твор у інтэрнэце, чым пабяжыць у кнігарню ці бібліятэку. Часам студэнты самі знаходзяць цікавыя інтэрнэт-праекты і «дзеляцца» імі з калегамі.

Адным са шляхоў пераадолення пагрозы «герметызацыі» магла б стаць больш шырокая рэалізацыя рэкламнага патэнцыялу сродкаў масавай камунікацыі. Напрыклад, неабходна часцей запрашаць пісьменнікаў, крытыкаў, даследчыкаў літаратуры ў якасці экспертаў на розныя ток-шоу. Пісьменнікі павінны быць пазнавальнымі.

Такім чынам, сёння стаіць задача фарміравання «попыту» на чытанне. Чытанне павінна быць модным.

З іншага боку, у гэтым кантэксце можна паразважаць і пра небяспеку інфармацыйнай маніпуляцыі, пра ролю рэкламы, інтэрнэт-піяру, самарэкламы і «тэхналогій прасоўвання» твораў і творцаў. Часам гэтае «прасоўванне» мае на мэце не пазнаёміць чытача з сапраўды вартым творам, а сфарміраваць попыт у патэнцыйнага пакупніка. Гэта спрацоўвае на першым этапе. Але ў далейшым, пасля завяршэння рэкламнай кампаніі, урэшце, пасля прачытання «раскручаных» і модных твораў, — ціша. Што досыць паказальна: мuch ado about nothing (шмат шуму з нічога). Кідкая абгортка з пустым зместам. Працэс камерцыялізацыі творчасці негатыўна ўплывае на літаратуру. Мастацкі твор не можа, не павінен быць толькі таварам.

З іншага боку, стратэгія ад адваротнага, «адсутнасць» пісьменніка ў інтэрнэце таксама можа быць удалай маркетынгавай стратэгіяй, надае аўтару нейкі арэол элітарнасці.

Яшчэ адну рызыку для літаратуры І. Шаўлякова бачыць у «стандартызацыі, тэхналагізацыі так званага культурнага прадукту», што прыводзіць да маргіналізацыі. Сапраўды, літаратура сёння становіцца праектнай і тэхналагічнай. Але ж дзе ёсць тэхналогія, ці ёсць творчасць? Літаратура — гэта запытанне. А ці ёсць у сучаснага чытача запытанне? Канешне, такія чытачы ёсць, але не яны фарміруюць попыт на творы. А для так званага масавага чытача літаратура — магчымасць задаволіць часта не вельмі глыбокія запыты і густы. Зразумела, творца не павінен зніжаць узровень свайго таленту да густаў масавага чытача, але часцей творы глыбокія, тыя, што вымагаюць сур’ёзнай унутранай работы, застаюцца ў цені, «не раскручанымі», па-за ўвагай чытача. Скажам, творы Марыі Вайцяшонак, надзвычай глыбокага аўтара. І прыклады можна доўжыць.

Далей І. Шаўлякова называе «пагрозы негатыўнай элітарнасці» («павелічэнне камунікатыўнага разрыву паміж творамі найноўшай нацыянальнай літаратуры і так званай шырокай чытацкай аўдыторыяй») і «этнаграфічнасці» («актыўнае нежаданне грамадскасці быць абазнаным у сучаснай нацыянальнай літаратуры вынікам мае стэрэатыпізацыю ўспрымання найноўшага мастацтва слова ў духу “музейнасці”, “этнаграфічнасці”»). І. Шаўлякова канстатуе наяўнасць у беларускай культуры «ідэнтычнасці абарончага кшталту», што кваліфікуецца ёю як негатыўны фактар. Выйсце, паводле аўтара артыкула, у «трансфармацыі ідэнтычнасці абаранальнай у ідэнтычнасць праектнага кшталту». І сітуацыя інфармацыйнага грамадства дае для гэтага шырокія магчымасці.

Другая група рызыкаў, згодна з І. Шаўляковай, звязана з рызыкамі эндагеннага (унутрылітаратурнага) кшталту. У гэтым раздзеле артыкула даследчыцай пададзены дакладныя ацэнкі сённяшняй літаратурнай сітуацыі: узрастанне ролі нацыянальнай аксіялогіі, неаміфалагізацыя мастацкай свядомасці, самарэгенератыўнасць. Нельга не пагадзіцца з аўтарам. Беларускія культуролагі ўжо не адно дзесяцігоддзе пішуць пра павелічэнне значнасці нацыянальных каштоўнасцей ва ўмовах глабалізацыі. І сёння беларуская літаратура падтрымлівае ў часе «нацыянальную наратыўную тоеснасць» (С. Андрусіў). У адным з артыкулаў са зборніка «Сапраўдныя хронікі Поўні» І. Шаўлякова падкрэслівала: «Нягледзячы на стракатасць мастацкіх дэкларацый і матывацый, беларускія пісьменнікі і сёння ўскладаюць на сябе місію фарміравання “вобраза Нацыі”».

Самарэгенератыўнасць жа, на думку І. Шаўляковай, нясе пагрозу рэтардацыйнасці. Пераадоленне названай рызыкі бачыцца І. Шаўляковай у «пошуках новых кодаў… з дапамогай якіх анталагічна важная праблематыка занатоўвалася б у сучаснай сацыякультурнай прасторы як востра актуальная».

І. Шаўлякова разважае пра становішча сучаснай крытыкі і пра змены, якія адбыліся з крытыкай у апошні час, пра з’яўленне літаратурнай журналістыкі, «карыстальніцкай крытыкі», гаворыць пра рызыку «нефункцыянальнасці экспертнай (прафесійнай) крытыкі, а таксама звязаную з гэтай рызыкай пагрозу татальнай “прафанацыі” крытычных ацэнак — усталяванне дыктату прафаннай ацэнкі літаратурных з’яў». І тут І. Шаўлякова задае новы ракурс для разважанняў. У апошні час у нас знікла так бы мовіць «разгромная» крытыка. Крытыка, якая б «называла рэчы сваімі імёнамі». І знікла яна таму, што сёння друкуецца столькі графаманскіх твораў, што адгукнуцца на іх не стае фізічных сіл. Таму сігнал для пісьменніка: калі пра вас не пішуць, значыць, трэба задумацца над вартасцю сваіх твораў. На вартыя творы/кнігі крытыка заўжды адгукнецца.

Таксама абазначылася сур’ёзная праблема ў тым, што з’явілася «кланавая», карпаратыўная крытыка, калі крытык займаецца прасоўваннем твораў пісьменнікаў свайго кола, асяроддзя. Як некалі справядліва выказаўся Л. Галубовіч, «іерархію і вядомасць (ад слова «весці») вызначаюць не аб’ектыўнасць незалежнай крытыкі (ці хоць бы яе незалежная суб’ектыўнасць), а паспешлівыя і прагматычныя высновы і ацэнкі абслугоўваючай касты літаратурных журналістаў (не толькі ў літаратурнамастацкіх, але і ў перыядычных грамадска-палітычных СМІ) разам з прабіўнымі магчымасцямі і кар’ернымі здольнасцямі саміх паэтаў…».

З іншага боку, нават улічваючы гэтую сітуацыю, варта падумаць над стварэннем пляцовак, дзе б крытыкі «з розных карпарацый» маглі б абмяняцца думкамі, падыскутаваць.

Праблемы і падыходы, пастаўленыя ў артыкуле І. Шаўляковай, задаюць вектары для сур’ёзнага абмеркавання многіх праблем.

Анжэла МЕЛЬНІКАВА

Загаловак у газеце: Чытанне павінна быць модным, а пісьменнік — пазнавальным

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».