Вы тут

Як у Гродне безбілетных пасажыраў утаймоўваюць


Кожны месяц на гарадскім грамадскім транспарце абласнога цэнтра кантралёры выяўляюць больш за тры тысячы безбілетнікаў, большая частка з іх — пасажыры аўтобусаў. Не ўсе ахвотна плацяць штраф, а некаторыя яшчэ і кідаюцца на кантралёра з кулакамі. Каб пазбегнуць спрэчак, транспартнікі ўзялі на ўзбраенне відэарэгістратары. Карэспандэнт «Звязды» пабывала з брыгадай «узброенных» новымі гаджэтамі кантралёраў на праверцы праязных дакументаў.


«У мяне такі прынцып!»

Перад выездам начальнік рэвізійнай групы Гродзенскага аўтапарка Уладзімір Фралоў правярае экіпіроўку кантрольнай брыгады, а таксама наяўнасць медыцынскага агляду. Зазначае, што пасажыры часта спасылаюцца на нецвярозых інспектараў, маўляў, з-за гэтага яны і чапляюцца да іх. Дарэчы, медыцынскі агляд кантрольная група праходзіць і пасля працоўнага дня.

З брыгадай, у складзе якой пяць жанчын-кантралёраў і два мужчыны — дружыннікі, садзімся ў мікрааўтобус. У тых, хто будзе правяраць наяўнасць платы за праезд, на спецыяльна пашытай у атэлье форме прымацаваны відэарэгістратары. Кантралёр Алена Ластачка накіроўвае вадзіцеля ў мікрараён Дзевятоўка, дзе ходзяць у асноўным аўтобусы. Прыпынак не самы ажыўлены, пасажырапаток невысокі. Тым не менш рэвізійны «бусік» ні хвіліны не пуставаў. Сюды вялі пасажыраў, якім не пашанцавала праехаць на дармаўшчыну.

Вось з салона выходзяць тры дзяўчыны, якія не маюць праязных дакументаў. Кажуць, што школьніцы, але едуць без адпаведных даведак. Па законе, вучні школ, як і іншыя катэгорыі грамадзян, якія вызвалены ад платы за праезд у грамадскім транспарце, павінны прад'явіць адпаведны дакумент. Пасля складання акта аб абвяшчэнні бацькам кантралёр адпускае дзяўчат. А вось наступны безбілетнік аказаўся з характарам. Мала таго, што адмовіўся штраф плаціць, дык яшчэ заявіў, што ніколі не плаціў і не збіраецца. Маўляў, прынцып у яго такі, бо не мае ні грошай, ні работы. Затое пахваліўся, што «назапасіў» штрафаў на 1500 рублёў. У выніку атрымаў чарговы пратакол.

«Біла сумкай і таптала абцасамі»

Тыя, хто не плаціць штраф, трапляюць у агульную рэспубліканскую базу адміністрацыйных парушальнікаў. Гэта інфармацыя будзе ўлічвацца пры выездзе за мяжу, яна адбіваецца на крэдытнай гісторыі і г.д. Як паведамілі ў аўтапарку, летась у Гродне праз суд штраф заплацілі больш за чатыры тысячы безбілетных пасажыраў. У гэтую катэгорыю ўсё часцей трапляюць пенсіянеры. Вось і гэтым разам некалькі сталых жанчын аказаліся ў «бусіку». У адной быў не той талон, а другая наогул ехала без білета. І штраф плаціць катэгарычна адмовілася, хоць яе папярэдзілі, што павязуць у аддзяленне міліцыі. На што жанчына адказала: «Вязіце, куды хочаце». Відаць, характар у пасажыркі рашучы.

Пакуль жанчына паводзіць сябе спакойна, але ўсялякае можа быць, зазначае дружыннік Алег Бурдзей. На днях, напрыклад, папрасілі выйсці з аўтобуса жанчыну, якая закампасціравала талон на вачах кантралёра. Гэта лічыцца безбілетным праездам і караецца штрафам. Паколькі з аўтобуса яна не выйшла, інспектары паехалі з ёй далей.

— На прыпынку жанчына ўстроіла сапраўдную істэрыку, — расказвае Алег. — Крычала, біла нас сумкай, наступала абцасамі на ногі. Пад'ехаў нарад міліцыі і забраў яе.

— А калі асабліва буяныя пасажыры бываюць? — пытаюся.

— Звычайна вечарам у выхадныя дні. Бывае, што ўцякаюць, але мы маем права затрымаць і суправадзіць у мікрааўтобус. Раней насілі відэарэгістратары, але пры затрымцы іх часта зрывалі, такім чынам разбілі некалькі штук. Пасля гэтага рэгістратары носяць толькі кантралёры.

Ісціна ў прыборы

Між тым праверка працягваецца. Аўтобусы падыходзяць адзін за адным, надышоў вячэрні час пік. Пакуль канфліктных сітуацый не ўзнікае, хоць кантралёры фіксуюць кожнага безбілетніка. Без усялякіх спрэчак заплацілі штраф хлопец і дзяўчына з сінімі валасамі. Мужчына, які паведаміў, што забыў аплаціць праезд, таксама раскашэліўся на 11,5 рубля. Затое наступны безбілетнік — малады мужчына — абураецца, што яго вывелі з аўтобуса як «зайца». «Вось ён, білет, — распаляецца пасажыр. — Я не вінаваты, што не ўсе дзіркі відаць». Мужчына не збіраецца плаціць штраф, бо ўпэўнены, што мае рацыю, але адстойваць правы чамусьці не хоча. Кажа, што гэта не мае сэнсу, бо ў бюджэт трэба сабраць як мага больш штрафаў.

— Галоўнае, не ўступаць у спрэчкі з пасажырам-безбілетнікам, — лічыць Алена Ластачка. — Не выклікаць яго на правакацыю. Канешне, гэта складана, бо пажылыя пасажыры яшчэ і праклянуць, могуць крычаць, хоць і вінаватыя. З рэгістратарам мы больш абароненыя, бо ўсё запісваецца на відэа. Мы пасажыраў папярэджваем пра гэта.

Практыка паказала, што маленькі прыбор дапамагае вырашыць спрэчныя моманты. Гэта не значыць, што такія сітуацыі зніклі, адзначылі ў аўтапарку, але цяпер лягчэй устанавіць ісціну.

— Раней мы мелі слова пасажыра супраць слова кантралёра, — гаворыць начальнік рэвізійнай групы. — У выніку многім пасажырам удавалася пазбегнуць адказнасці і за безбілетны праезд, і за свае паводзіны. У адрас кантралёраў сыпалася нямала неабгрунтаваных прэтэнзій. А бывае, што і кулакі ідуць у ход. Цяпер прыбор фіксуе і відэа, і гук, запіс захоўваецца ў архіве на працягу месяца. Часам «кіно» атрымліваецца даволі відовішчным, за свае паводзіны пасажыры літаральна чырванеюць.

Могуць засвяціцца?

Разам з тым градус ветлівасці павысіўся і ў кантралёраў. Вядома, з імі працуюць псіхолагі, праводзяць трэнінгі, на якіх мадэлююцца розныя сітуацыі, вучаць трымаць сябе ў руках, не адказваць на пагрозы і абразы. Рэгістратар — яшчэ адзін фактар, які стрымлівае эмоцыі.

— Мы гэту практыку ўвялі летась, — удакладняе Уладзімір Фралоў, — зараз маем 14 відэарэгістратараў на тры брыгады. Будзем купляць яшчэ, каб усім хапіла. Практыка паказала, што гэтыя меры сябе апраўдалі, бо «зайцоў» менш не становіцца, хутчэй, наадварот.

Так, за мінулы год кантралёры аўтобуснага парка аштрафавалі 15 тысяч чалавек на суму 154 тысячы рублёў. У параўнанні з папярэднім годам, лічба павялічылася. Але толькі палова ўсіх безбілетнікаў заплаціла штраф добраахвотна, астатнім прыйшлося зрабіць гэта праз суд.

— Не маеце намеру выкласці відэа найбольш буяных безбілетнікаў у інтэрнэт, каб паглядзелі на сябе з боку? — пытаюся ва Уладзіміра Фралова.

— Не маем права на гэта, — адказаў той. — Хоць пасля такога «кіно» многія стрымалі б свой запал, каб не стаць «зоркай» інтэрнэту...

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Супраць «зайца» — рэгістратар

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.