Вы тут

Чаканне вясны


...Адправіўшы сына ў паліклініку, маці не дужа хвалявалася: не маленькі, студэнт — разбярэцца.

Хто ж думаў, што праз гадзіну хлопец пазвоніць: скажа, што яго кладуць у бальніцу — з падазрэннем на запаленне.

А ў яе — нарада на працы, не вырвешся...

Сыну сказала, каб трымаў яе ў курсе: каб з бальніцы адразу ж званіў альбо (калі яна недасяжнай будзе) скідваў інфармацыю.

Чакала, як на іголках сядзела: анічога не чула, аж пакуль на экране мабільнага не з'явіўся нумар бальніцы і нават паведамленне, што ў палаце пяць чалавек і ўсе... бухаюць.

Тут жа сарвалася з працы, на машыне панеслася глядзець, што там робіцца, ратаваць дзіця...

Хоць патрэбы ў гэтым і не было, бо, як высветлілася, пяцёрка мужчын у сынавай палаце не бухАлі, як падумала маці, а бУхалі (у сэнсе — гучна кашлялі).


Класіка!

З вуліцы Казлова да сталічнага ЦУМа найхутчэй даехаць трамваем. Альбо прайсці, калі маеш час, — праз ціхія двары, праз старыя ваенныя могілкі, праз пагорак, дзе знайшлі свой спачын Купала і Колас.

Вялікія постаці і такія ж помнікі. Жывыя кветкі ля іх...

У знаёмых сужэнцаў мара была — дажыць да пенсіі і тады ўжо ўдосталь начытацца.

Пачыналі з класікі: з таго, што наноў адкрылі «Новую зямлю», «Курган», «Бандароўну». А потым не стрымаліся — з кветкамі, з паклонамі пайшлі да аўтараў...

Як выглядае, не толькі яны?


Ёсць попыт

Томачка сваю кватэру сейфам заве, бо там нізкія столі, жалезныя дзверы і тры замкі (абкрадалі ўжо)... Ды і плошчы — як добрай бабе сесці: маленькая вітальня, гэткая ж кухня, два пакойчыкі — на трое сямейнікаў...

Тэлевізараў, дарэчы, таксама тры — з раніцы ўключаюцца і...

Неяк увечары пазваніла, папыталася, што чуваць?

— Ды, як быццам, нічога... Ну каб такога, — прызналася гаспадыня. Потым, падобна, прыслухалася, бо дадала: — Страляюць... З усіх бакоў.

...І ахвота ж слухаць!


Крызіс?

Некалі, напрыканцы таго стагоддзя — на пачатку гэтага, з рук у рукі перадаваўся спіс выразаў, з-за якіх маглі «замесці» ў Навінкі. Сярод іх — «Уткні мне зарадку», «Пакладзіце грошай на трубу», «Давай падорым яму хатні кінатэатр», «Памяняйце расійскія рублі на беларускія», «Скіньце фоткі на мыла»...

Жанчынам, што ў электрычцы сядзяць насупраць, іх, падобна, ужо скінулі — уважліва разглядаюць.

— Слухай, у цябе тут такая куртачка, — зайздросціць адна. — Дзе ўзяла?

— З Вільні прывезла.

— Новая?

— Не, гады два ўжо нашу... Летась — ты можаш уявіць — я нічога сабе не купіла. Хіба штосьці з касметыкі ды калготы.

— Знайшла чым здзівіць! — не разумее яе прыяцелька. — Я і таго не купляла.


Маці за дачкой

Горад. Крама. Тавараў — хоць заваліся, пакупнікоў, можна сказаць, няма: двое ў аддзеле з жаночым адзеннем, але ж разглядаюцца — перабіраюць, на нечым, бывае, спыняюцца.

— Доня, як табе гэта? — цікавіцца старэйшая, прыкладаючы да сябе нешта светленька-шэрае.

— Павесь, — строга загадвае дачка. — Ты ж, як молька, у гэтым будзеш.

Маці разгублена ўсміхаецца («Можа, і сапраўды?), вешае сукенку назад на кранштэйн і адтуль выцягвае новую — крыху ярчэйшую:

— А вось гэта як?

— Сінтэтыка ж, сто пудоў, — каментуе дачка. — Ды і з моды выйшла — яшчэ на фабрыцы. Давай вось гэта паглядзім? Ці гэта?

Раз-пораз яна здымае з кранштэйна рэчы, прыкладвае да збянтэжанай матулі — зблізку паглядзіць, паводдаль стане: ацэньвае, ці пасуе, потым — альбо вешае назад, альбо кладзе на руку.

Ахапак патрохі расце, і ўрэшце яны ідуць на прымерку: доня — рашуча — наперадзе, маці — за ёй... І пакуль, відаць, не вельмі разумеючы, што адбываецца? Калі гэта яны памяняліся месцамі? Яшчэ ўчора, здаецца, усё было наадварот?


«Камплімент»

«Спісацца» са сваімі аднакласнікамі, аднакурснікамі вельмі проста цяпер. А вось сустрэцца...

Гэтыя ў школу «зляцеліся», нібы ў тым фільме, — дваццаць гадоў пасля. Не дзіва, што асобныя змяніліся, што некаму давялося «знаёміцца» ды чуць «кампліменты».

Самы «тонкі», мусіць, вось гэты:

— Ну ты раскабанела! — сказаў такі ж... раскабанелы дзядзька сваёй суседцы па парце.

Жанчыне мову адняло.

«Дзядзька» не сляпы: ён гэта заўважыў і трохі «паправіўся», дадаў:

— Ну я ж разумею — узрост...

Пасля чаго жанчына зрабіла выснову, што спісвацца са сваім мінулым, магчыма, і варта, а вось сустракацца...

Яна ва ўсякім разе болей не хацела б.


Такое імя

У знаёмай дачка змянілася: пахарашэла, папаўнела.

— Можа, цяжарная? — далікатна пытаем у маці.

— Можа, — з надзеяй усміхаецца тая, зачакаўшыся ўнукаў. І тут жа дадае: — Але ж не замужам. А хлопцы былі — аж два... І не кажа нам, ад каторага.

...Ці не ў гэткіх выпадках — як жартуюць работнікі загсаў — у дзіцяці ў графе «імя па бацьку» хоць ты Нікадзімавіч пішы, бо не ведаюць матулі, ад каго нарадзілі — ад Колі або ад Дзімы?


Танцуй пакуль малады

Жанчына без узросту — гэта пра спадарыню Л., пра Лілечку, бо 50 ёй аніколі не даў бы — асабліва здалёк і ў прыцемку. А насамрэч (неяк днём сутыкнуліся) ёй 67; з гэтага лета ўжо не працуе.

— Я хацела б, — уздыхае жанчына, — і нават магла б, але... Не хочуць мяне...

У Плісецкай некалі пыталіся, ці можна балерыне танцаваць у 70? Яна адказала, што так, вядома ж, — танцаваць можна, а вось глядзець на гэта...


Каханне — гэта...

Вечар, вецер, на прыпынку — натоўп: даўно, відаць, не было аўтобуса, і ў той, што прыходзіць, літаральна заносяць... А ўжо там — шчыльна прыціскаюць да парэнчаў, да нейкага Штэпселя, «вымушаюць» слухаць яго размову з Тарапунькам:

— Ты знаеш — яна такая... Ну такая, — даносіцца зверху (рост у хлопца — метры пад два).

— Ну якая?

— Клёвая... Класная... Так і цягне абдымаць яе, цалаваць...

— А грошы траціць не цягне? — пытае Тарапунька.

— Грошы? — над галовамі пасажыраў павісае паўза. — Не, не цягне. Ну хіба крыху... А што?

— А тое, што гэта — не каханне яшчэ. Гэта — так, пустое, гульня гармонаў. А вось калі ёй і зарплату, і аванс, і прэмію аддаў бы...

Аўтобус затармазіў і спыніўся, хлопцы пайшлі на выхад. Мы — паехалі далей. Ужо, так бы мовіць, не самі, не адны: з думкамі пра любімых, пра каханых, пра тых, на каго так хацелася б траціць грошы. Калі яны, канешне, ёсць.


«Эканомія»

Галіна не першы год замужам — ведае, што рабіць, калі не хапае грошай: альбо шукаць падпрацоўку, альбо меней траціць.

З першым нічога ў яе не выйшла і нават наўрад ці магло, бо малы гарадок...

Прыйшлося задумацца наконт другога. Прыкінула, у прыватнасці, што для шалёнага сабакі тры кіламетры не круг. Значыць, можна не купляць праязны: на работу і назад хадзіць пехатой; гэта ж на карысць...

Для здароўя — напэўна, а вось для ботаў...

Парваліся. Без пары... Сэканоміла, выходзіць, капейкі...


«Маладыя гады, маладыя жаданні...»

У Вадзіма (яму за шэсцьдзясят) крутая «тачка»: магутны рухавік, поўны прывад, каробка-аўтамат...

Днямі яе даішнік спыніў: зблізку, на пустой вясковай дарозе, уважліва агледзеў, праверыў дакументы, спытаў дзеля чагосьці:

— У Мінску жывяце?

— Так.

— А тут што — дача ў вас?

— Тут — дом — у вёсцы...

— Што ж, — цяжанька ўздыхнуўшы і прыклаўшы пальцы да скроні, прамовіў дзяцюк, — шчасліва дабрацца!

На тым яны і рассталіся: даішнік паехаў у свой бок, Вадзім — у свой, але ж абодва — з зайздрасцю.

Першы (да бабкі не хадзі) думаў, што хутчэй за ўсё ён аніколі ў жыцці не займее такую машыну, кватэру ў сталіцы і дом у прыгарадзе... Другі — дакладна ведаў, што аніколі не будзе вось такім — дужым, маладым і... поўным жаданняў.


Чаканне вясны

Дрэвы, як людзі: у кожнага, мусіць, свой лёс. Гэта, напрыклад, некалі зламалі — ці не пад самы корань? Але ж ён здаровы быў і не здаўся, не згінуў — выкінуў штук з дзесяць атожылкаў і шугануў у рост — кустам.

Цяпер ён высокі (метры пад тры), цяпер ён шырокі, а ўжо зацвіўшы...

Хутчэй бы ўбачыць, хутчэй бы «сфоткаць» і напісаць, што вясна, што (ура!) на плошчы зноў зацвітае куст... каштана.

Нехта прычытае і, вядома, не паверыць: скажа, што так не бывае, бо каштан — гэта ж дрэва?

Ну, сапраўды — дрэва.

А бывае — і куст.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».