Вы тут

"Крывіцкая Мекка" стала кніжнай сталіцай


Падчас XVІІІ Вільнюскай міжнароднай кніжнай выстаўкі адбылося адкрыццё года Францыска Скарыны ў Літве.

На чатыры дні выставачны цэнтр Lіtexpo ператварыўся ў "кніжную Мекку". Тут прайшло каля чатырох соцень імпрэз рознага кшталту. У адкрыцці кніжнага форуму ўзялі ўдзел прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, міністр культуры Ліяна Руакітэ-Ёнсан, з беларускага боку — намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч.


Падчас прэзентацыі беларускіх стэндаў выступае намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч

"Нам вельмі прыемна прысутнічаць на такой маштабнай выстаўцы, прадстаўляць беларускае кнігавыданне, — падкрэсліў Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ. — Будзем рады, калі ўсе гэтыя кнігі раскажуць пра нашу краіну, пра яе духоўны, маральны падмурак, пра яе маральна-гістарычныя карані, пра тое, што ўяўляе сабой Беларусь на ўсіх этапах яе развіцця, што прадстаўляе Беларусь з пункту гледжання асэнсавання праз друкаваную кнігу".

Беларуская кніга была прадстаўлена Міністэрствам інфармацыі, ААТ "Белкніга", сваю выдавецкую прадукцыю прапанаваў таксама замкавы комплекс "Мір".

Адметна, што ў межах кірмашу ў гімназіі імя Ф. Скарыны г. Вільнюса адбылося адкрыццё года Францыска Скарыны ў Літве. На імпрэзе прысутнічала беларуская дэлегацыя, педагогі і вучні гімназіі, прадстаўнікі грамадскасці літоўскай сталіцы, літаратары, журналісты. Аб значэнні спадчыны Ф. Скарыны, развіцці беларуска-літоўскіх культурных сувязяў казалі Аляксандр Карлюкевіч, загадчыца аддзела сувязяў з нацыянальнымі супольнасцямі Дэпартамента нацыянальных меншасцяў Літвы Раса Палюкіене, намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук Аляксандр Лукашанец, літоўскі пісьменнік Яронімас Лаўцюс, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, старшыня беларускага клуба "Сябрына" Вільнюса Валянцін Стэх і іншыя.

Беларуская дэлегацыя перадала камплекты новых кніг для Аб'яднання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы.

Сёлета на кніжным кірмашы ў Вільнюсе стэнды прадстаўлялі больш як 300 удзельнікаў з 12 краін свету. Гэта Літва, Беларусь, Эстонія, Латвія, Украіна, Германія, Румынія, Іспанія, Славенія, Японія, Польшча, Чэхія, Індыя і іншыя.

Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС, уласны карэспандэнт "Звязды" ў Літве, г. Вільнюс.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.