Вы тут

Дата-цэнтр і воблачная платформа BеСlоud гатовыя да выкарыстання


BеСlоud прадставіў Рэспубліканскі цэнтр апрацоўкі даных і Рэспубліканскую воблачную платформу. Найбуйнейшы цэнтр апрацоўкі даных у краіне, дата-цэнтр bеСlоud — адзін з найсучаснейшых ва Усходняй Еўропе. Воблачная платформа размяшчаецца на базе дата-цэнтра, не мае аналагаў на беларускім рынку і ўжо даступная ў тэставым рэжыме дзяржаўным і камерцыйным арганізацыям.


Мяркуецца, што ў 2018 годзе інфармацыйныя рэсурсы ўсіх дзяржаўных органаў размесцяцца менавіта на гэтай воблачнай платформе, а ў хуткім часе рашэнні bеСlоud дапамогуць рэалізаваць сацыяльна значныя для краіны праекты — стварыць сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, кіравання энергетыкай, транспартам, аховай здароўя, адукацыяй і іншыя ініцыятывы.

Размяшчаецца дата-цэнтр пад аграгарадком Калодзішчы на тэрыторыі ў 12 тысяч квадратных метраў. Праектам прадугледжана ўстаноўка 624 серверных стоек, іх увядзенне ў эксплуатацыю будзе адбывацца ў чатыры этапы. Першы, пачынаючы з распрацоўкі праектнай дакументацыі і заканчваючы ўвядзеннем у эксплуатацыю, быў праведзены за рэкордна кароткі час — за 9 месяцаў. Усе сістэмы рэалізаваныя па схеме "неабходнае плюс адно запасное" з магчымасцю расшырэння. Электразабеспячэнне адбываецца за кошт дызель-генератарных установак і бесперабойных крыніц. Аб'ект аснашчаны комплекснай сістэмай кантролю доступу, шлюзавай сістэмай праходу паміж памяшканнямі, відэаназіраннем і спецыяльнымі датчыкамі. Доступ у цэнтр магчымы толькі па смарт-картках. Допуск журналістаў, дарэчы, стаў магчымым дзякуючы фіксацыі пашпартных звестак.

"Аб'ект знаходзіцца пад пастаяннай аховай, мае некалькі ступеняў абароны, пачынаючы ад плота з калючым дротам і заканчваючы вібракабелем, а таксама 96 відэакамерамі, здольнымі зафіксаваць любое парушэнне па перыметры, — паведаміў журналістам падчас наведвання аб'екта галоўны інжынер Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі даных Ігар АЎДЗЕЕЎ. — Са знешнім светам дата-цэнтр звязаны дзвюма оптавалаконнымі лініямі сувязі, якія праходзяць па розных маршрутах. Першы модуль цэнтра апрацоўкі даных быў зманціраваны ў Харватыі, пасля чаго дастаўлены аўтамабільным транспартам у Беларусь і зманціраваны ўжо напрыканцы года. Ад пачатку будаўнічых работ на той момант прайшло ўсяго 9 месяцаў, беспрэцэдэнтна кароткі тэрмін для ўзвядзення падобнага аб'екта. Цягам гэтага года плануецца зманціраваць яшчэ тры модулі, магутнасці якіх забяспечаць патрэбы ўсёй краіны на даволі працяглы час.

Глабальная мэта праектаў bеСlоud — стварэнне нацыянальнай воблачнай платформы, якая дазволіць дзяржаве і бізнесу істотна знізіць затраты на ІT. Запуск воблачнай платформы дасць магчымасць эфектыўнага выкарыстання сучасных інструментаў у галіне кіравання ІT-інфраструктурай. Спраектаваны і пабудаваны дата-цэнтр паводле міжнародных стандартаў TІЕR ІІІ Dеsіgn і TІЕR ІІІ Fасіlіtу, сертыфікаваны па РСІ DSS, што сведчыць аб найбольш высокай ступені надзейнасці і бяспекі сістэм — на ўзроўні 99,982%. Гэта першы і адзіны ў Беларусі цэнтр апрацоўкі даных, які прайшоў сертыфікацыю падобнага ўзроўню. Акрамя таго, размова ідзе пра высокі ўзровень бяспекі персанальных даных трымальнікаў плацежных пластыкавых картак і ў цэлым інфармацыйнай структуры прадпрыемстваў фінансавага сектара.

— Дата-цэнтр bеСlоud з'яўляецца адным з самых сучасных у краіне і адпавядае сусветным стандартам — у першую чаргу, ён прызначаны для рэалізацыі рэсурсаёмістых і тэхналагічных праектаў, — адзначыў генеральны дырэктар bеСlоud Сяргей ПАБЛАГУЕЎ. — Дзякуючы высокаму ўзроўню тэхнічнага персаналу, гібкасці і высокатэхналагічным магчымасцям, мы гатовыя рэалізаваць любыя актуальныя задачы і знайсці рашэнні пад індывідуальныя патрэбы самых патрабавальных заказчыкаў.

Цікавасць беларусаў да воблачных тэхналогій значна вырасла за апошні год. Па ацэнках экспертаў, аб'ём продажу воблачных паслуг Іааs/Sааs вырас летась да 10 млн долараў. А да 2020 года аб'ём сусветнага рынку воблачных сэрвісаў перавысіць продаж традыцыйных ІT-паслуг. Таму воблачная платформа bеСlоud не проста размяркоўвае і выкарыстоўвае віртуальныя рэсурсы, але і паралельна стварае гібкую ІT-інфраструктуру. Магутнасці можна аператыўна мяняць паводле патрабаванняў бізнесу. Можна, напрыклад, стварыць ІT-інфраструктуру невялікага прадпрыемства за 25 хвілін рабочага часу.

Рынак воблачных тэхналогій актыўна развіваецца ў краінах СНД, у тым ліку ў нас. Ужо сёння воблачныя тэхналогіі называюць адным з нямногіх інструментаў, якія дазваляюць рэалізаваць інавацыйныя праекты без маштабных затрат.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.