«Вясну сустракайце з вершамі», — заклікае лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі, якога мы толькі што павіншавалі з выхадам новай кнігі паэзіі. Зборнік вершаў і паэм знанага айчыннага майстра мастацкага слова «Прысутнасць» пабачыў свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура».
Адзін з твораў, які адкрывае кнігу, — верш «Беларускае кнігавыданне» (з прысвячэннем «да 500-годдзя»). Зразумела, да 500-годдзя выдання першай беларускай кнігі. «Толькі ўсёмагутнымі рукамі/ Народа майго/ Можна том гэты ёмісты/ Узняць над зямлёй/ І разгарнуць,/ Каб тыя, што яго стварылі/ І ўжо сёння ля зорак,/ Змаглі прачытаць/ У 500-гадовым аб'ёме/ Нашу кнігу жыцця», — піша Мікола Мятліцкі.
Гартаючы старонкі «Прысутнасці», неўпрыкмет згадваеш ранейшыя кнігі таленавітага майстра — і першы зборнік «Абеліск у жыце», і «Ружу вятроў», «Шлях чалавечы», «Бабчын»... Новая кніга — гэта вершы, якія напісаны нядаўна, у апошнія гады, і творы ранейшага часу. Паэт паўстае ва ўсім сваім творчым абліччы. Відавочная і геаграфія мастацкіх зацікаўленняў, і проста палітра чалавечых, грамадзянскіх інтарэсаў аўтара.
З паэзіяй летапісца чарнобыльскай тэмы, летапісца сённяшняга дня чытач мае магчымасць больш пільна і ўважліва ўзірацца ў Час, весці свой дыялог з рознымі з'явамі жыцця.
Томік «Прысутнасці» выдадзены накладам у 2050 экзэмпляраў. Уражлівы для паэзіі тыраж. Можна толькі падзякаваць і выдавецтву, і Міністэрству інфармацыі краіны за такі падарунак аматарам паэтычнага слова. Хапае ў творах М. Мятліцкага і хуткасці, і засяроджанасці, што вылучае шырокую прастору для разважлівага, удумлівага чытання. Ёсць у вершах і «ўзлёт непакоры і духу», і «цяпло чалавечай спагады», і шмат што яшчэ роднае і крынічнае, мілагучнае і светлае...
Кастусь ЛАДУЦЬКА
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.