Вы тут

Што такое мульчыравальнік?


Аспірант кафедры лясных машын і тэхналогій лесанарыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Дзяніс КАНАНОВІЧ з дзяцінства цікавіўся тэхнікай. Нядзіўна — хлопец нарадзіўся і жыве ў аграгарадку Слабада, што пад Мінскам, а яго бацька працаваў кіроўцам, таму будучы навуковец нярэдка дапамагаў яму ў рамонце аўтамабіляў. Цяпер хобі стала прафесіяй — Дзяніс прымае ўдзел у распрацоўцы тэхнічнага абсталявання, якое выкарыстоўваюць беларускія лесаводы. Галоўная адзнака працы — стыпендыя Прэзідэнта, якую хлопец будзе атрымліваць на працягу года.


— Пасля школы я паступіў у БДТУ на спецыяльнасць «Машыны і абсталяванне ляснога комплексу», — расказвае Дзяніс. — Хацелася займацца нечым, звязаным з тэхнікай, і гэты варыянт мне ўпадабаўся. Вучыцца было цікава, я адразу зразумеў, што зрабіў правільны выбар, асабліва калі на трэцім курсе з'явіліся профільныя прадметы і мы пачалі вывучаць спецыялізаваныя машыны: харвестары, фарвадары... Пасля пяці гадоў вучобы большасць аднакурснікаў накіравалася на машынабудаўнічыя прадпрыемствы ці ў лясгасы працаваць механікамі, мне ж загадчык кафедры прапанаваў пайсці ў магістратуру і звязаць сваё жыццё з навукай. Я амаль адразу пагадзіўся, а потым пайшоў і ў аспірантуру.

Сфера навуковых інтарэсаў Дзяніса — комплекс машын для збору і транспарціроўкі лясных адходаў, а таксама энергаэфектыўныя і рэсурсазберагальныя методыкі ачысткі лесасек. Праект адной з машын быў распрацаваны на Мінскім трактарным заводзе, на ўніверсітэцкай кафедры праводзілі адпаведныя разлікі і рыхтавалі прапановы па яе ўдасканаленні. Прататып ужо выпрабоўваецца ў Кобрынскім доследным лясгасе, мяркуецца, што хутка дапрацаваны экзэмпляр пойдзе ў серыйную вытворчасць.

— Сутнасць праблемы, якую мы вырашалі, заключаецца ў тым, што пасля нарыхтовак на лесасеках звычайна застаецца шмат адходаў: дробнага сучча, абломкаў ствалоў, кары, лістоты, — тлумачыць навукоўца. — Не прыбіраць іх нельга — па-першае, узнікае небяспека пажараў, па-другое, у масе смецця лёгка заводзяцца шкоднікі лесу (тыя ж караеды), якія хутка пераходзяць на «здаровыя» тэрыторыі, і іх у такім выпадку прыйдзецца цалкам высякаць, па-трэцяе, слой рэшткаў замінае росту маладых дрэў. Звычайна ў нашых лясных гаспадарках гэта робяць уручную ці пры дапамозе імпартных або самаробных прылад.

Створанае абсталяванне аўтаматызуе працэс збору адходаў. Гэта навясная сістэма, якой пры дапамозе кранштэйнаў аснашчаецца звычайны або тралёвачны трактар. Па прынцыпе работы яна нагадвае граблі, толькі вось зубцы тут трымаюцца на спружынах. Гэта зроблена для пераадолення перашкод і няроўнасцяў рэльефу. Падчас руху трактара адходы збіраюцца ў вал, пасля чаго іх можна пагрузіць на транспарціроўшчык і адвезці на перапрацоўку. Потым смецце звычайна здрабняецца на трэскі і выкарыстоўваецца для розных мэт.

Акрамя таго, машына збірае толькі буйное смецце, а вось дробныя адходы застаюцца на лесасецы для перагною — такім чынам, не парушаюцца натуральныя працэсы самаўзнаўлення лесу. Шырыня паласы, якую за адзін заход апрацоўвае сістэма, — 2,4 метра, значыць, работа выконваецца ў разы хутчэй, чым ручным спосабам. Калі вальшчык затраціць на збор адходаў з лесасекі прыкладна адну змену, то трактар зробіць гэта ў сярэднім за пару гадзін.

— Наколькі я ведаю, у Кобрыне вельмі задаволены нашай распрацоўкай, — адзначае Дзяніс. — Я двойчы ездзіў туды на выпрабаванні: першы раз манціравалі ўстаноўку спераду трактара, другі — ззаду. Абодва разы ўборка прайшла выдатна, і аператары казалі, што ім зручна працаваць, мантаж таксама вельмі просты і хуткі. Рабочыя, дарэчы, таксама ўносілі пэўныя прапановы. Таму, мяркую, што калі запусцім тэхналагічнае абсталяванне ў серыю, лясгасам стане прасцей. Цяпер выпрабоўваем мадэрнізаваны доследны экзэмпляр сістэмы, хутчэй за ўсё, наступны стане фінальным.

Яшчэ адна прапанова Дзяніса датычыцца захавання падлеску. Па словах хлопца, пры зборы адходаў з лесасекі маладняк нярэдка пашкоджваецца. Таму ў некаторых месцах больш рацыянальна або зусім не збіраць адходы, або рабіць уборку пры дапамозе харвестара — аператары высокай кваліфікацыі могуць ачышчаць ствалы дрэў, адразу ссыпаючы лішняе ў адно месца. У такім выпадку можна абысціся без прымянення зборачных машын, а адразу пагрузіць адходы на транспарціроўшчык.

На кафедры працуюць над цэлым шэрагам машын, і не толькі для сферы лясной прамысловасці. Так, напрыклад, разам з прадпрыемствам «Амкадор» вядзецца работа над новым шматфункцыянальным мульчыравальнікам — на яго можна навешваць разнастайнае абсталяванне для догляду за дарогамі і іншых задач. Адзін з варыянтаў — фрэза, якая дапамагае пракладваць прасекі ў зарасніках.

— Тэхніка для лясной прамысловасці не менш складаная і захапляльная, чым у любой іншай сферы. Я штодзень даведваюся нешта новае, шукаю гэтаму прымяненне, — прызнаецца Дзяніс. — Заробак у мяне, можа, і не самы вялікі, але ж я яшчэ фактычна вучуся, жыву за аспіранцкую стыпендыю. Таму Прэзідэнцкая стыпендыя — добрая дапамога. Асобна даплачваюць за навуковыя даследаванні, таму на пражыццё мне хапае. Што датычыцца планаў, то я хачу дапісаць і абараніць дысертацыю, а потым стаць выкладчыкам на кафедры. Гэта таксама цікавая работа, у нашага ўніверсітэта ў Негарэльскім лясгасе ёсць эксперыментальная база са сваёй тэхнікай, куды мы возім практыкавацца студэнтаў. Таму ад любімай справы я не адрываюся.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Граблі» для... лесу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.