Вы тут

Жанчынам крыху за сорак і не толькі. Перадсвяточнае


За сорак, прашу заўважыць, гэта не толькі сорак два, гэта і шэсцьдзясят два, тры альбо чатыры. Нядаўна па тэлевізары паказвалі новы басейн аднаго з райцэнтраў. Наведвальніца 74 гадоў расказвала, якая гэта выгода для тых, хто прытрымліваецца здаровага ладу жыцця. І не важна, што гаварыла гэта дама, тым больш, на камеру. Важна, як яна выглядала: у купальніку і стыльнай шапачцы, з фігурай амаль бездакорнай. Цікава нават стала, кім яна працавала, як пражыла жыццё. Верагодна, што добра, калі так захавалася. Няцяжка ўявіць сабе гэтую жанчыну ў вячэрняй сукенцы, з прычоскай і макіяжам ды з крыху маладзейшым за яе спадарожнікам, асабліва калі ёй было пяцьдзясят. Ды і цяпер, шыкоўная пані — ні больш, ні менш...


У кожнага тут свой рэцэпт. Напрыклад, вядомая грузінская балерына Ніна Ананіашвілі на пытанне, як ёй удаецца так добра выглядаць, напаўжартам прыводзіць такую формулу: «Добры муж, добрая ежа, добрае віно». Яна, дарэчы, у сорак тры дачку нарадзіла. І пасля гэтага, здаецца, стала выглядаць яшчэ лепш. Колькі такіх прыкладаў не толькі з ліку людзей вядомых, але і ў асяродку кожнага з нас! Верагодна, справа ўсё ж не ў выглядзе, не ў асаблівасцях фігуры, а ва ўнутранай гармоніі, у тым, на колькі гадоў сябе пачуваеш і як сябе нясеш па гэтым жыцці.

Амерыканскі журналіст Эндзі Руні, які праславіўся тым, што выпрацаваў уласныя правілы жыцця, дзякуючы якім і пражыў больш за дзевяноста гадоў, напісаў цэлы «трактат» пра жанчын з жыццёвым вопытам. Думаю, той опус варта сёння прывесці: «З узростам я ўсё болей цаню жанчын, якім за сорак. Таму ёсць многа прычын. Напрыклад, 40+-гадовая жанчына ніколі не разбудзіць цябе сярод ночы, каб спытаць: «Аб чым ты думаеш?» Ёй без розніцы, аб чым ты думаеш.

Калі 40+-гадовай жанчыне не хочацца глядзець з табой спорт па тэлевізары, яна не будзе сядзець і ныць з гэтай нагоды. Яна пойдзе і будзе займацца тым, чым хоча — звычайна нечым, болей цікавым.

40+-гадовая жанчына ведае сябе дастаткова добра, каб быць упэўненай у тым, хто яна, чаго яна хоча, і ад каго. Вельмі нямногіх жанчын такога ўзросту цікавіць твая думка пра яе альбо пра тое, што яна робіць.

40+-гадовыя жанчыны валодаюць пачуццём уласнай годнасці. Яны наўрад ці закоцяць табе істэрыку ў оперы альбо ў прыстойным рэстаране. Вядома, калі ты гэтага заслугоўваеш, яны цябе спакойна прыстрэляць, калі будуць упэўнены, што гэта ім сыдзе з рук. Дарослыя жанчыны шчодрыя на пахвалу, часта незаслужаную. Яны ведаюць, як адчуваецца няўдзячнасць.

40+-гадовыя жанчыны дастаткова ўпэўненыя ў сабе, каб пазнаёміць цябе са сваімі сяброўкамі. Маладзейшая жанчына можа пазбягаць нават лепшых сябровак, бо не давярае свайму партнёру.

Жанчыне старэйшай «па барабане» калі ты вырашыш, што яе сяброўка прывабная. Яна ведае, што яе сяброўкі ёй ніколі не здрадзяць.

У 40+-гадовых жанчын інтуіцыя аракула. Табе не трэба ні ў чым ім прызнавацца. Яны і так усё пра цябе ведаюць. Ярка-чырвоная памада цудоўна выглядае на 40+-гадовых жанчынах, чаго не скажаш пра тых, хто маладзейшы. Калі навучышся ігнараваць некалькі маршчынак тут і там, упэўнішся, што жанчыны за сорак куды больш сексуальныя, чым маладыя.

Саракаплюсгадовыя жанчыны адкрытыя і сумленныя. Яны табе скажуць у лоб, калі ты жывёліна альбо паводзіш сябе, як жывёліна. Табе ніколі не давядзецца гадаць, як яна да цябе ставіцца. Так што сапраўды ёсць шмат прычын захапляцца жанчынамі, якім за сорак. На жаль, нельга тое ж самае сказаць пра мужчын. На кожную чароўную, разумную, дагледжаную жанчыну за сорак прыпадае лысы, пузаты выкапень у жаўтаватых штанах, які можа выставіць сябе поўным ідыётам з дваццацігадовай афіцыянткай.

Дамы, я прыношу прабачэнні. Для ўсіх мужчын, якія любяць гаварыць нешта накшталт «навошта купляць цэлую карову, калі можна атрымліваць малако дарам», у мяне ёсць навіна. Сёння 80 працэнтаў жанчын не зацікаўленыя ў шлюбе. Чаму? Таму што разумеюць: «няма сэнсу купляць цэлую свінню дзеля сардэлькі».

Ну што, дзяўчаты, пасмяяліся? Тады самы час меркаваць, што лепей прыгатаваць на святочны стол да нашага дня, які менш чым праз тыдзень. Як бы хто да 8 Сакавіка не ставіўся, у глыбіні душы ўсе мы чакаем кветак, і ў адказ гатовыя парадаваць нечым смачненькім. Думаю, што шаноўны Руні ўсё ж перабольшыў з лічбай. Альбо справа ў нашай славянскай натуры. Нашых мужыкоў шкадуюць, замуж хочуць, і ў каханне вераць нават пасля сарака. Бо самае большае шчасце — сустрэць чалавека. Раздзяліць з ім радасці і беды, разам вучыцца дараваць і спасцігаць мудрасць, разам састарэць ды вырошчваць унукам ягады на дачы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.