Вы тут

20-гадовая настаўніца музычнай школы — пра работу і жыццё ў Астраўцы


«Музыка вымывае з душы пыл паўсядзённага жыцця», — сказаў аднойчы хтосьці з класікаў. Але што бывае тады, калі яна і ёсць твая паўсядзённасць?


Дзіяна Кавалеўская ніколі не марыла аб музычнай кар'еры, ды і педагогам станавіцца не збіралася. Аднак калі прыйшоў час выбіраць, куды пайсці вучыцца пасля школы, яна без ваганняў падала дакументы ў Лідскі дзяржаўны музычны каледж.

— Я скончыла музычную школу па класе акардэона. Не магу сказаць, што ў мяне меліся выдатныя здольнасці ў інструментальным выкананні, але тым не менш я была ўпэўненая ў сваіх сілах і без праблем паступіла на бюджэт, — успамінае Дзіяна. — Тады мне вельмі хацелася акунуцца ў атмасферу пастаяннага свята і натхнення, якая бывае толькі ў творчых навучальных установах.

На другім курсе дзяўчына пад уплывам сяброў вырашыла паспрабаваць навучыцца іграць на інструменце, які дагэтуль быў ёй невядомы, — кларнеце. Звычайная цікавасць хутка перарасла ў сур'ёзнае захапленне, і ў выніку Дзіяна перавялася з народнага аддзялення каледжа на духавое.

— У звычайных музычных школах кларнет сустракаецца нячаста, у дзяцей большай папулярнасцю карыстаюцца скрыпка, фартэпіяна, гітара і баян. Таму работу давялося пашукаць. У Астравецкую дзіцячую школу мастацтваў мяне бралі з апаскай: дагэтуль тут ніхто не іграў на кларнеце. Я, можна сказаць, стала ў Астраўцы «першаадкрывальнікам» гэтага інструмента.

Тым не менш такая сітуацыя не перашкодзіла Дзіяне ўжо ў першы год работы набраць на заняткі музыкай чатырнаццаць дзяцей (для дваіх з іх кларнет — асноўны інструмент, астатнія выбралі яго ў якасці дадатковага).

— Зразумела, што далёка не ўсе дзеці ідуць у музычную школу па ўласным жаданні, хутчэй, гэтага хочуць бацькі. Яшчэ адзін спецыфічны момант у занятках музыкай — ёсць вучні, якім, на першы погляд, не хапае пэўных якасцяў, — адзначае маладая настаўніца. — Я лічу, што галоўнае ў такіх выпадках — зацікавіць дзіця. Тады і любоў да інструмента з'явіцца, і здольнасці будуць паступова развівацца. А ад нас, настаўнікаў, патрабуецца не толькі добрае валоданне сваім інструментам, але і невычарпальная фантазія, бясконцае цярпенне.

Больш за ўсё па часе Дзіяне даводзіцца працаваць з шасцігадовымі хлопчыкам Юрам і дзяўчынкай Сафіяй, якія абралі кларнет асноўным інструментам. Яны толькі пачынаюць знаёміцца з жывой музыкай, магчыма, яшчэ не ўсё ўсведамляюць да канца, таму вельмі важна, каб іх першыя крокі ў гэтай справе былі лёгкімі, падобнымі на гульню, а не на звычайныя школьныя ўрокі.

— Падчас работы з дзецьмі, рэпетыцый і выступленняў (а яны неад'емная частка жыцця любога настаўніка музыкі), бывае, перанасычваешся музыкай і хочацца пабыць у цішыні. З-за гэтага я люблю адпачываць дома. Час ад часу збіраемся з калегамі на гарбату ці глядзім кіно. Некаторыя з іх, каб падзарабіць грошай і не сядзець у вольны час без справы, іграюць на заказ на розных мерапрыемствах (карпаратывах, юбілеях, вяселлях), — расказвае дзяўчына.

— Я працую на паўтары стаўкі (індывідуальныя заняткі плюс аркестр) і атрымліваю за гэта 380 рублёў. Значную частку заробку аддаю за кватэру і на білеты дадому ў Ліду. На жыццё застаецца зусім нямнога, — працягвае Дзіяна.

Кошты на здымнае жыллё ў Астраўцы набліжаюцца да сталічных: ад 60 долараў — за пакой, і ад 120 — за аднапакаёвую кватэру без мэблі. Дзіяне з сяброўкай пашчасціла знайсці «двушку» за 180 долараў, але ўсё роўна для маладога спецыяліста гэта занадта дорага. «Напрыклад, у маёй роднай Лідзе можна зняць жыллё ў 2—2,5 раза танней, — параўноўвае дзяўчына. — Апошнім часам, праўда, кіраўніцтва паабяцала вырашыць жыллёвую праблему...»

Невялікі горад, дзе ўзводзіцца АЭС, паступова мяняе сваё аблічча: шмат чаго будуецца, развіваецца інфраструктура, з'яўляюцца новыя месцы для адпачынку. І, безумоўна, праз некаторы час жыццё ў Астраўцы будзе віраваць. Несумненна, будзе запатрабавана ў горадзе і музычнае майстэрства, у тым ліку і ігра на такім рэдкім сёння кларнеце.

Ганна Курак, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Дзяўчына і кларнет

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.