Вы тут

У пошуках працы ў інтэрнэце трэба сцерагчыся наркагандляроў


Прафілактычная работа і рэальныя меры, прынятыя ў апошнія гады ў нашай краіне па барацьбе з наркотыкамі, даказваюць сваю эфектыўнасць.


Узяць хоць бы значнае, на 50 працэнтаў, зніжэнне злачынстваў (завершаных расследаваннем), учыненых непаўналетнімі або з іх удзелам — з 536 у 2015 годзе да 269 у 2016-м. Аб станоўчых тэндэнцыях кажа і мінулагодняя статыстыка па колькасці злачынстваў, учыненых у стане наркатычнага ап'янення. Іх стала менш на 11 працэнтаў.

— У аснове нядаўна падпісанай Аб'яднанай рэзалюцыі Беларусі, Аўстраліі і ЗША — беларускі праект сучасных і эфектыўных заканадаўчых, адміністрацыйных мер рэагавання на з'яўленне новых псіхаактыўных рэчываў, — падкрэслівае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Андрэй САЛАДОЎНІКАЎ. — Размова ідзе аб забароне вырабу псіхатропаў у любой кропцы зямлі. У Казахстане, Расіі, напрыклад, дагэтуль яшчэ існуе працяглая працэдура забароны. У еўрапейскіх краінах пакуль сітуацыя такая ж. У Эстоніі ў 2014-2015 гадах ад перадазіровак загінула 118 чалавек, прыкладна такая ж сітуацыя ў Швецыі, Фінляндыі... У нас ужо няма таго распаўсюджвання, якое назіралася да 2014 года.

Доля нарказлачынстваў у агульнай колькасці крымінальных злачынстваў летась працягвала зніжацца і склала 6,8 працэнтаў. Выяўлена звыш 6 тысяч злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, што на 12 працэнтаў менш, чым у 2015-м. Устаноўлена звыш 4,6 тысячы асоб, якія здзейснілі нарказлачынствы, 140 груп, звязаных з распаўсюджваннем наркотыкаў. З незаконнага абароту канфіскавана амаль 430 кг наркатычных сродкаў, псіхатропаў, іх аналагаў і прэкурсораў. Летась спынены 42 каналы паступлення наркотыкаў у краіну з-за мяжы, а таксама іх транзітных перавозак, большасць з якіх прыпадае на Расію.

Самым яркім прыкладам работы ў мінулым годзе стала выяўленне міжнароднай групіроўкі, якая з 2010 года займалася пастаўкамі ў Беларусь і Расію мараканскага гашышу.

У складзе злачыннай арганізацыі былі 15 грамадзян Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, Малдовы, Германіі. Такім чынам у нашу краіну было дастаўлена звыш тоны гашышу. Затрыманні ўдзельнікаў праходзілі як у нас, так і на тэрыторыі Расіі і Польшчы. Наогул абмен інфармацыяй аб асобах, якія займаюцца пастаўкай наркотыкаў, адбываецца ў рэжыме анлайн з усімі краінамі СНД.

Асноўным пастаўшчыком наркотыкаў у Беларусь застаецца Расійская Федэрацыя, адкуль завозяцца гашыш, амфетамін і сінтэтыка, але ўвогуле наркотыкі трапляюць па розных напрамках, частка асядае падчас транзітных перавозак.  

З 80 да 30 працэнтаў скарацілася ўдзельная вага сінтэтычных псіхатропных рэчываў, якія найбольш разбуральна ўздзейнічаюць на арганізм. З-за атручэння наркотыкамі спажыўцы траплялі ў бальніцу амаль на 30 працэнтаў радзей. Колькасць шпіталізаваных з перадазіроўкамі непаўналетніх таксама знізілася на трэць. Колькасць шпіталізаваных з перадазіроўкамі непаўналетніх таксама знізілася на трэць  (53 супраць 149). Арганізацыямі аховы здароўя на прафілактычны ўлік у сувязі з пярвічным выяўленнем факту ўжывання псіхаактыўных рэчываў на працягу года пастаўлены 2 009 чалавек (у 2015 — 2 700).

Да 2014 года 70 працэнтаў рынку належалі псіхаактыўным рэчывам — тым жа спайсам, але сёння сітуацыя змянілася. Ва ўмовах, калі "сінтэтыкі" пачало не хапаць, на першы план выйшлі старыя знаёмыя апіоіды, амфетаміны. Некаторыя звярнулі ўвагу на медыкаменты. Нарказалежныя, якія стаяць на ўліку ў наркадыспансеры, перапрадаюць выдадзеныя ім па рэцэпце лекі, або ў шэрагу выпадкаў умельцы вырабляюць "вінт" з прэпаратаў, якіх можна набыць без рэцэпта ў той жа Польшчы. 

— Выкарыстанне інтэрнэта ў якасці асноўнай пляцоўкі для продажу наркотыкаў выклікала неабходнасць сканцэнтраваць намаганні праваахоўных органаў на гэтай злачыннай дзейнасці, — адзначае Андрэй Саладоўнікаў. — Пасля таго, як у 2014 годзе былі створаны спецыяльны групы па процідзеянні незаконнаму распаўсюджванню наркотыкаў у інтэрнэце, была заведзена амаль тысяча крымінальных спраў, спынена дзейнасць 207 інтэрнэт-магазінаў, абмежаваны доступ з тэрыторыі краіны да 41 сайта з паведамленнямі і матэрыяламі, звязанымі з наркотыкамі, заблакіравана амаль 1000 кашалькоў электронных грошай розных плацежных сістэм, 87 кліентам анулявана ідэнтыфікацыя гэтых кашалькоў.

Акрамя таго, інтэрнэт выкарыстоўваецца многімі маладымі людзьмі для пошуку падпрацоўкі, а ў выніку яны спісваюцца з такім работадаўцам, які просіць зрабіць закладку, і за кожную прапануе да 5 долараў. Аднак перш чым пагадзіцца на такую "работу", трэба падумаць, ці не распаўсюджвальнік наркотыкаў уцягвае вас у свае злачынныя справы.

Бо аднойчы вы трапіце ў поле зроку праваахоўнікаў і атрымаеце сур’ёзнае пакаранне як сапраўдны збытчык наркотыкаў.

У параўнанні з 2005 годам колькасць наркаспажыўцоў вырасла ў 1,5 разы, але ў апошнія гады колькасць зарэгістраваных наркаспажыўцоў зніжалася. Зараз на ўліку — 8649 чалавек (у 2013-м было больш каля 10,5 тысяч). Яшчэ каля 5 тысяч чалавек знаходзяцца на прафілактычным уліку — дыягназу залежнасці ў іх няма, але рызыка такая ёсць.

— Аказанне меддапамогі нарказалежным адбываецца паводле некалькіх этапаў: дэтаксікацыя, або лячэнне абстынентнага сіндрому (каля двух тыдняў і, як правіла, у стацыянары), стацыянарная рэабілітацыя (да двух месяцаў), нарэшце, сацыяльная рэадаптацыя па-за межамі ўстановы аховы здароўя, — адзначае загадчык Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксей КРАЛЬКО. —  Эфектыўнасць вызначаецца гадавой рэмісіяй, і ў нас такіх 30-40 працэнтаў ад колькасці пралечаных у стацыянарах. Хоць, вядома, многія зрываюцца пасля гэтага тэрміну.

Сетка дзяржаўных рэабілітацыйных аддзяленняў і цэнтраў працягвае развівацца. Паспяхова працуюць такія цэнтры ў сталіцы, а таксама на базе мінскага і гродзенскага абласных клінічных цэнтраў псіхіятрыі і наркалогіі, а наогул такая дапамога ўжо даступная ва ўсіх абласных гарадах. Працягваюцца праграмы зніжэння шкоды — функцыянуюць пункты абмену шпрыцаў, замяшчальнай тэрапіі з дапамогай метадону. 30-40 працэнтаў пацыентаў, якія прымяняюць замяшчальную тэрапію, пачынаюць працаваць і адаптуюцца ў рэальным жыцці. Паступова такія асобы могуць нават зніжаць дозу метадону, каб аднойчы адысці і ад яго ўжывання. На базе РНПЦ псіхічнага здароўя, профільных кафедрах медыцынскіх ВНУ ажыццяўляюцца праекты па распрацоўцы комплекснай рэабілітацыі. З мінулага года на базе лячэбна-працоўных прафілакторыяў у Светлагорску і Навагрудку працягваецца навуковы праект па распрацоўцы метадаў рэабілітацыі, у тым ліку з дапамогай працатэрапіі, у першую чаргу асобаў з алкагольнай залежнасцю. Ужо ўдалося распрацаваць алгарытм падбору відаў працы з улікам псіхічнага статусу пацыента.  

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.