Вы тут

І без грошай бяда, і з... грашыма?


Як пераадолець бар'еры ў нашай свядомасці і ў нашым жыцці.


Выпісваць газету «Звязда» пачаў яшчэ мой бацька Іван Хартонавіч Кароткі. А вось піша вам яго сын, інвалід І групы з дзяцінства. Што прымусіла? Як вы, напэўна, здагадаліся, крыўда.

Некалі за свае ўласныя грошы я купіў аўтамабіль «Ака» з ручным кіраваннем. Наколькі ён мне патрэбен, расказваць не буду, бо гэта зразумела і так. Скажу толькі, што гэтай машыне, як і ўсякай іншай, патрэбен догляд, а час ад часу — і нейкі рамонт. На чарговы я патраціў пэўную суму грошай, патраціў смела, бо меў надзею, што на спраўнай машыне ў любы час змагу пад'ехаць у ашчадны банк і зняць там працэнты па ўкладзе.

Каб зрабіць гэта, сёлета, 30 студзеня, удваіх з сацыяльнай работніцай мы дабраліся да гарадскога пасёлка Капаткевічы, да ашчаднага банка. А вось далей...

Высветлілася, што выйсці з машыны я там проста не магу: лёд, хіба дзеля адчэпнага, ледзь-ледзь і месцамі пасыпаны пяском.

У выніку сацыяльны работнік пайшла ў касу з маімі дакументамі, але без мяне. Пайшла і амаль адразу вярнулася: сказала, што грошай ёй не даюць, што іх можа атрымаць толькі сам укладчык.

Я па мабільным набраў аператараў, сказаў, што я тут, побач, папытаўся, ці не змаглі б яны, што называецца, пайсці насустрач: самі выйсці да мяне на вуліцу? У адказ пачуў, што пакідаць працоўныя месцы яны не маюць права (усюды, маўляў, камеры відэаназірання). Таму мне трэба вярнуцца дамоў, аформіць даверанасць на сацыяльнага работніка і прыехаць да іх яшчэ раз.

Мне шкада стала і часу, і бензіну, дый вельмі не хацелася вяртацца без грошай.

Разумеючы гэта, сацыяльная работніца, параіла спыніць машыну каля самага ганка і паспрабаваць такі самому, з яе дапамогай, зайсці ў памяшканне.

Я так і зрабіў: да дзвярэй заставалася ўсяго восем метраў і восем прыступак. Але ногі (не кажучы ўжо пра мыліцы) сталі раз'язджацца на лёдзе, а перспектыва загрымець там мяне зусім не вабіла.

У выніку я застаўся ні з чым, а калі дакладней — з балючай крыўдай.

Вырашыў выказаць яе вышэйшаму банкаўскаму кіраўніцтву, патэлефанаваў у Петрыкаў. Пачуў, што, паводле інструкцыі, грошы і сапраўды нельга аддаваць староннім людзям — патрэбна даверанасць. І адлучацца з працоўных месцаў аператарам таксама нельга. Значыць, мне, каб атрымаць свае ж працэнты, трэба з'ездзіць у сельскі Савет, аформіць даверанасць на сацыяльнага работніка, потым завезці яго ў ашчадную касу, а самому пастаяць пад дзвярыма...

Альбо, маючы на рахунку свае грошы, пайсці да некага пазычаць.

Урэшце якраз гэта я і зрабіў.

Тады навошта праз месяц, і ўжо аддаўшы той доўг, пішу і чаго хачу? Увагі: магчымасці самому зайсці ў магазін, у банк. А калі па нейкіх прычынах яе, такой магчымасці, няма ці стварыць немагчыма, то — звычайнай чалавечнасці: каб можна было патэлефанаваць, і нехта выйшаў да цябе — адказаў на пытанні, дапамог, забраў дакументы...

У тым жа банку ў Капаткевічах дзверы без упора і для калясак завузкія, на падлозе слізкі лінолеум, пандуса няма. Атрымліваецца, што людзям з інваліднасцю лепш трымаць свае грошы ў нейкай банцы і дома. Ва ўсякім разе тады дастаць іх будзе куды прасцей.

Сяргей Іванавіч Кароткі,

в. Зарэчка, Петрыкаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?