Вы тут

«Абыякавасць — гэта хвароба»


Так лічыць старшыня Мазырскага раённага Савета дэпутатаў

Закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні адзіны для ўсёй краіны. Ён вызначае структуру, прынцыпы фарміравання і паўнамоцтвы мясцовых Саветаў, але некаторыя тонкасці не прадугледзіш афіцыйнымі дакументамі. У кожным раёне дыялог паміж грамадзянамі і ўладай складваецца ў залежнасці ад мясцовага менталітэту, традыцый, эканамічнай сітуацыі і нават геаграфічнага становішча. Сваім вопытам у гэтай справе з чытачамі «МС» дзеліцца старшыня Мазырскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Гвоздзь. Ён расказаў, чаму Мазыр — асаблівы для Палесся горад, што такое культура працы і чаму абыякавасць — хвароба.


— У чым адметнасць Мазыра ў параўнанні з іншымі палескімі гарадамі? Чым ён асаблівы?

— Наш горад некалі быў абласным цэнтрам. І дагэтуль яго называюць «сталіцай» Палесся. Для жыхароў палескага краю ён сапраўды цэнтр «прыцягнення». Тут працуюць арганізацыі, што забяспечваюць жыццядзейнасць адразу некалькіх раёнаў. Жыхары Калінкавічаў, Ельска, Петрыкава, Нароўлі, Лельчыц, Хойнікаў, а таксама вяскоўцы прыязджаюць да нас па медыцынскае абслугоўванне. Або завітваюць на выхадныя, бо тут добра развіты гандаль і сфера абслугоўвання. Юнакі і дзяўчаты імкнуцца ў Мазыр па адукацыю: у нас ёсць універсітэт, музычны, медыцынскі, політэхнічны каледжы і іншыя навучальныя ўстановы. А многія спецыялісты, жывучы ў суседніх раёнах, ездзяць сюды на працу.

— Карціна вымалёўваецца прыгожая. Але ж у Мазырскага раёна, напэўна, ёсць і свае праблемы?

— Праблемы ўсюды аднолькавыя, але праяўляюцца па-рознаму. Самае актуальнае — эканоміка. Калі яна будзе развівацца — будуць зарплаты ў людзей і дабрабыт у рэгіёне. А Мазыр — горад прамысловы. Магу сказаць, што якасць тутэйшай прадукцыі радуе. І не толькі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, «Беларускабеля» або «Мазырсолі». Добра працуе сельская гаспадарка, харчовая, лёгкая прамысловасць. Але вырабіць — гэта палова справы. Трэба ўмець прадаваць. Не пакажаш сваю прадукцыю, не прапіярыш — ніхто яе ведаць не будзе. Таксама трэба ўкараняць новыя тэхналогіі, эканоміць энергарэсурсы, закрываць неперспектыўныя лініі — словам, зніжаць сабекошт. А што трэба павысіць — дык гэта культуру працы.

— Што вы маеце на ўвазе пад «культурай працы»?

— Ёсць у нашага менталітэту рыса: над кожным трэба ставіць наглядчыка, каб кантраляваць якасць выканання. Але надышоў час ужо гэта «перарасці». Культура працы — калі кожны разумее, што ад яго таксама залежыць поспех усяго прадпрыемства. Сёння «схалтурыў», зрабіў дэталь няякасна, а заўтра да пакупніка трапіць прадукт з бракам. І ўсё, рынак страчаны. Дык ці варта дзівіцца, што зарплата ў цябе не такая, як хацелася б? Затое краіны, дзе выхоўваецца адказнае стаўленне да працы, дасягаюць поспехаў. Яскравы прыклад — Японія ці Германія. На жаль, падчас выездаў на прадпрыемствы мы дагэтуль выяўляем факты нядбайнасці, неналежнага выканання сваёй працы.

— Як часта вы самі бываеце на прадпрыемствах, гутарыце з людзьмі?

— Рэгулярна. Нашы дэпутаты ўваходзяць у склад інфармацыйна-прапагандысцкай групы, якая ездзіць па прадпрыемствах раёна. Мы таксама ладзім сустрэчы з жыхарамі сельсаветаў. На іх прысутнічаюць дэпутаты першаснага ўзроўню, а таксама ўпаўнаважаныя ад кожнага населенага пункта. Клічам туды і кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. А таксама тых, што маюць шэфства над населенымі пунктамі. І запрашаем усіх жыхароў, якія хочуць папрысутнічаць. І старшыня Савета дае справаздачу выбаршчыкам і дэпутатам, адказвае на праблемныя пытанні. Цікава, што ў шэрагу выпадкаў для іх вырашэння не трэба вялікіх грошай. Варта проста своечасова звярнуць на іх увагу.

— Дэпутат Мазырскага раённага Савета — хто ён? Які яго сацыяльны партрэт?

— Нашы дэпутаты — вельмі розныя людзі. Гэта прадстаўнікі прамысловасці, адукацыі, медыцыны, маладзёжных арганізацый, ветэраны і г. д. Адрозніваюцца яны і сацыяльным статусам: кіраўнікі, рабочыя, пенсіянеры. Агульнае тое, што іх ведаюць у горадзе, ім давяраюць людзі. Яны разумеюць абстаноўку, умеюць данесці інфармацыю да выбаршчыкаў. А гэта вельмі важна, бо ёсць сілы, што любую праблему імкнуцца выкарыстаць як нагоду для дэстабілізацыі грамадства.

— Як дэпутаты працуюць з выбаршчыкамі? Ці ўдаецца людзям «дастукацца» да сваіх прадстаўнікоў?

— Я магу доўга расказваць пра графікі прыёму, пра звароты і г. д. Гэта ўсё ёсць. Але да любога з нашых дэпутатаў можна звярнуцца ў любы момант. І ніхто не скажа: «Выбачайце, але ў мяне сёння непрыёмны дзень!» Раз ты ўзяў на сябе абавязкі — выконвай. І не абяцай таго, чаго не можаш зрабіць. Бо пустыя абяцанкі падрываюць давер да прадстаўнічай улады.

— А з якімі праблемамі прыходзяць выбаршчыкі?

— У сельскай мясцовасці людзей хвалюе добраўпарадкаванне. Каб не буяла пустазелле, каб своечасова высякалі кустоўе. Мы парабілі вечкі для калодзежаў, вырашылі праблему вывазу смецця, размясцілі ў вёсках кантэйнеры для бытавых адходаў. Цяпер у раёне няма колішніх стыхійных сметнікаў. Хаця складанасці застаюцца. У прыватнасці, людзей хвалюе якасць пітной вады. І мы вырашаем гэту праблему па меры сіл і сродкаў: прамываем водаправоды, мяняем старыя трубы, чысцім ад іржы воданапорныя вежы.

Або яшчэ адзін прыклад: у аграгарадку аддзяленне банка працавала толькі два дні на тыдзень. Людзі звярнуліся да дэпутата, той — да кіраўніцтва ўстановы. І яно пайшло людзям насустрач. Здавалася б, дробязь. Але з такіх дробязяў і складаецца камфортнае жыццё.

Гараджан жа больш хвалююць пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, работы грамадскага транспарту, развіцця гандлю. Каб рэагаваць на надзённыя праблемы больш аператыўна, у 10 мікрараёнах Мазыра створаны камітэты тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Праз іх самі гараджане наводзяць парадак у дварах, займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі і г. д. Пры камітэтах ёсць грамадскія прыёмныя, у рабоце якіх удзельнічаюць і дэпутаты. Усё гэта дапамагае зменшыць «вал» пісьмовых зваротаў. Улада мусіць непасрэдна размаўляць з людзьмі.

Але важна не заахвочваць утрымальніцтва. Каб не было так, што я ляжу на канапе, а нехта за мяне ўсе праблемы вырашае.

— Саветы дэпутатаў атрымалі паўнамоцтвы вызваляць грамадзян ад падатку на «дармаедства». Ці даводзілася вам разглядаць падобныя звароты?

— Я асабіста ўваходжу ў склад працоўнай групы, якая гэтым займаецца. Сам дэкрэт лічу вельмі правільным, бо ён накіраваны супраць сацыяльнага паразітызму. І ў той жа час дазваляе не стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень, а разбірацца ў канкрэтнай сітуацыі. Вось, напрыклад, малады хлопец кажа, што не працуе, бо хворую маці даглядае, і просіць вызваліць ад падатку. А высвятляецца, што маці сама каго хочаш дагледзіць і гультая-сына забяспечвае.
А ў яго няма ніякіх амбіцый, памкненняў. Яму не патрэбны ні кар'ера, ні грошы, ні самарэалізацыя. Абы пражыць дзень да вечара. Як кажуць, млявасць і абыякавасць да жыцця. А абыякавасць страшнейшая за любыя эканамічныя праблемы. Яна нібы хвароба, якая адбівае жаданне развівацца, нечага дасягаць. Таму мы заўсёды заклікаем: не будзьце абыякавымі! Ні да іншых, ні да сябе!

Валянцін БОЙКА

boіka@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».