Вы тут

Як цяперашняе пакаленне змяняе офісную прастору


Капсулы для сну, настольны тэніс і здаровае харчаванне ўжо гатовы прапанаваць некаторыя кампаніі сваім супрацоўнікам у Беларусі. А на Захадзе каля 10% арандатараў офісаў сярэдняга памеру выкарыстоўваюць віртуальныя працоўныя месцы. То-бок працаваць у вялікай міжнароднай кампаніі становіцца магчымым, нават седзячы ў вёсцы ці на хутары — быў бы інтэрнэт. Мы пастараліся ўявіць, куды вядуць сучасныя тэндэнцыі камерцыйную нерухомасць і як у сувязі з гэтым будзе мяняцца выгляд нашых населеных пунктаў.


Так выглядае офісная капсула сну.

Змена пакаленняў

Горад будучыні павінен быць разумным. Ён амаль на сто працэнтаў рэалізуе наш попыт і з'яўляецца авангардам культуры.

Спрагназаваць, што спатрэбіцца новым супрацоўнікам, можна, калі прааналізаваць парадыгму пакаленняў.

Пасля Другой сусветнай вайны сфарміравалася пакаленне «бэбі-бумераў» (1945—1960), якія арыентаваліся на аднаўленне разбураных гарадоў. Яны ўпарта працавалі і былі не вельмі распешчаны ў тэхналагічным дачыненні. Менавіта бэбі-бумеры пажадалі, каб на працы існавала кабінетная сістэма, каб ніхто не перашкаджаў засяродзіцца і каб існавала жорсткая іерархія. У гэтага пакалення ёсць выразны падзел: дом, праца, адпачынак. Гэтыя сферы не змешваюцца, таму існуе такі ж строгі падыход да падзелу гарадскога асяроддзя.

Наступнае пакаленне Х (1961—1980) адмаўляла шэраг каштоўнасцяў сваіх бацькоў. У свеце з'явіліся першыя персанальныя камп'ютары, у людзей пашырыўся кругагляд. Для іх працагалізм быў ужо не прымальны — больш важны баланс сям'і, адпачынку і працы. Іерархічная сістэма пахіснулася.

Пакаленне Y (1981—1995), або міленіуму, у прынцыпе не прымае існуючую сістэму. Яно не збіраецца падладжвацца пад працу, хай праца падладжваецца пад яго. Для гэтага пакалення непрымальная жорсткая сацыяльная іерархія, яно прызнае толькі харызматычны тып лідарства: хай кіруе той, хто лепш ведае і можа гэта даказаць. Менавіта пакаленне Y пераважае цяпер на рынку працы. Прастора становіцца больш нефармальнай, а праца ператвараецца ў месца рэалізацыі сябе. Работа, адпачынак і іншыя сферы пачынаюць увасабляцца ў рамках адзінай прасторы. У пакалення Y ёсць цікавая асаблівасць: яны не хочуць жыць без бацькоў да 30—35 гадоў. Таму іх яшчэ называюць «пакаленнем Пітэра Пэна».

Пакаленне Z (народжаныя пасля 1995) вырастае на інтэрнэце і сацыяльных сетках. Яно жыве ў асяроддзі шматзадачнасці. Гэта пакаленне арыентаванае на цалкам мабільныя сродкі зносін з людзьмі, яму персанальны камп'ютар ужо не патрэбен. Моцна ўкараняюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, і ўсё мяняецца кардынальна.

Эканомія часу — найважнейшая задача

Разам са зменай пакаленняў адбываецца эвалюцыя офіснай прасторы, таму што кожны хоча працаваць з камфортам. Раней былі адкрытыя памяшканні на заводскай тэрыторыі, потым — кабінеты, якія існуюць і цяпер. У 1980-х адбылася пэўная рэвалюцыя ва ўспрыманні офісаў: людзям пачалі прапаноўваць не бетонныя скрыні, а паслугі, што называецца, сэрвіс-офіс. Гэта адна з краевугольных ідэй у разумным горадзе ў кантэксце таго, якія існуць патрэбы ў сучаснага і будучых пакаленняў. У 2006 годзе пачалі з'яўляцца каворкінгі (калектыўныя офісы), потым кампусы з чыста ўніверсітэцкага паняцця ператварыліся ў папулярную форму арганізацыі бізнес-асяроддзя, дзе ў людзей ёсць усё.

— Узнікае імітацыя гарадскога асяроддзя ў межах камерцыйнай нерухомасці. І сёння гэта тэндэнцыя паглыбляецца, — адзначае дырэктар дэпартамента кансалтынгу і даследаванняў Соllіеrs Іntеrnаtіоnаl Дзяніс Чацверыкаў. — З прыходам пакаленняў Y і Z змянілася само разуменне прасторы. Раней людзі бралі партфель і ў панядзелак ішлі на працу. Сёння многія працуюць дома. Зараз офіс — гэта не месца працы, а месца рэалізацыі сябе як асобы. Смарт-сіці — гэта нарастанне складанасці, таму офіс тут шматгранны. У ім ёсць сацыяльная і гульнявая інфраструктуры, харчаванне... Мы прапануем некаторым рабіць капсулы для сну. У многіх гэта выклікае лёгкі смех. Але ў нас моцная ІТ-сфера, дзе ўзрост дакладна вызначаны: 25—30 гадоў, пакаленне Y. Яны не хочуць мець фіксаваныя працоўныя гадзіны.

Сёння эканомія часу выходзіць на першае месца. Людзі на працы хочуць жыць: кантактаваць, адпачываць, спаць, есці...

Мяняецца падыход да офіснай прасторы. Многія працоўныя пытанні нават на беларускім рынку вырашаюцца ўжо ў рэстаранах. Досыць правамерна прымаць нефармальныя зносіны як новую рэальнасць. Наўздагон з'яўляюцца дадатковыя патрабаванні: душ, велапаркоўка, кухня. І глабальна гэта распаўсюджваецца на ўвесь будынак і ўсё, што вакол. Узнікае цэнтр прыцягнення. Людзі цікавяцца, дзе тут фітнес, басейн, дзе дзіця пакінуць, пастрыгчыся... Яны мяняюць бізнес-цэнтр у цэлым.

Сучасны офіс не павінен быць у цэнтры горада. Ёсць такое паняцце, як «чалавечае воблака» (humаn сlоud). Супрацоўнікі ўяўляюць з сябе сетку: яны звязаны паміж сабой праз інтэрнэт ці праз іншыя сродкі. Ім няма сэнсу ехаць у цэнтр горада, таму што пакаленні Y і Z, як правіла, жывуць у спальных раёнах і не жадаюць стаяць у заторах і марнаваць час. Офіс павінен адпавядаць іх патрэбам. Інакш людзі не паспяваюць жыць.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Новая рэальнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

У распараджэннi, падпiсаным на мiнулым тыднi кiраўнiком дзяржавы, ёсць пункт, якi датычыцца капрамонту жыллёвага фонду.

Грамадства

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Пасля праходжання юрыдычнай экспертызы на разгляд урада паступiць праект пастановы Савета Мiнiстраў «Аб пытаннях па абыходжаннi з жывёламi».

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.