Вы тут

Быць жанчынай, ездзіць на «жыгулях» і адчуваць сябе шчаслівай


Аўтамабіль ужо даўно не раскоша, а толькі сродак перамяшчэння. Людзям розных прафесій машына дазваляе сэканоміць каштоўны час і зрабіць як мага больш спраў за працоўны дзень. Калі без аўтамабіля яшчэ можна справіцца ў буйных гарадах (па прычыне развітой транспартнай сеткі), то ў вёсках ён проста неабходны. Напрыклад, старшыня сельскага Савета проста фізічна не зможа абыходзіць усе населеныя пункты штодня. Напярэдадні 8 Сакавіка наш карэспандэнт пагутарыў з жанчынамі-кіроўцамі, якія стаяць на чале розных сельсаветаў. Аказалася, што замена кола, штурханне машыны і нават траплянне ў кювет — гэта для іх не надзвычайныя здарэнні, а будзённыя справы.


Старшыня Глыбачанскага сельскага Савета Ушацкага раёна Людміла ВЯЛЮГА за рулём ужо больш за 10 гадоў. Па тэрыторыі сельсавета яна ездзіць на аўтамабілі ВАЗ-2107. Нягледзячы на механічную каробку перадач, з задавальненнем садзіцца за руль. Аднак службовы аўтамабіль ужо не новы, таму перыядычна ламаецца. На станцыю тэхабслугоўвання за 10 гадоў «жыгулі» трапілі толькі аднойчы, а ў астатні час з рамонтам дапамагалі муж і зяць. «Муж і парогі варыў, якія сталі падгніваць, і крылы мяняў, зяць таксама пераварваў і перафарбоўваў аўтамабіль». З больш дробнымі непрыемнасцямі Людміла спраўляецца самастойна — яна з лёгкасцю можа замяніць кола або«прыкурыць» акумулятар.

Старшыня Здзітаўскага сельскага Савета Бярозаўскага раёна Людміла ЭСАНАВА за рулём ужо каля 14 гадоў. У 2012-м атрымала ў распараджэнне аўтамабіль «Лада Гранта», на якім за 5 гадоў праехала 76 тысяч кіламетраў. Механічная каробка перадач для яе не перашкода, хоць пасля «аўтамата» на асабістым аўтамабілі складана прывыкнуць да «механікі». Абслугоўваецца службовая машына фірменным сэрвісам, а дробнымі паломкамі займаецца муж.

Толькі аднойчы за ўвесь час за рулём у Людмілы Эсанавай адбыўся непрыемны інцыдэнт. «Трапіла ў кювет. Нічога не пабіла, а выцягнуць аўтамабіль дапамаглі сельскія жыхары, — расказала Людміла. — Як гэта адбылося? Загледзелася на бабулю, якая спрабавала распаліць вогнішча ў неналежным месцы». Больш са старшынёй Здзітаўскага сельсавета нічога падобнага не здаралася.

А вось старшыня Немяржанскага сельскага Савета Драгічынскага раёна Анастасія САЛАВЕЙКА ўжо шмат гадоў водзіць «Волгу» ГАЗ-31105. Звычайна не толькі жанчынам, але і мужчынам неабходны час, каб прывыкнуць да габарытаў машыны, аднак Анастасія з гэтым не згодная. «Я чалавек загартаваны, таму не бачу ніякіх складанасцяў. Таксама не бачу праблем з-за механічнай каробкі перадач. Я ніколі і не ездзіла на «аўтамаце», а да «механікі» прызвычаілася».

А вось старшыня Багушэвіцкага сельскага Савета Бярэзінскага раёна Ларыса БАБІНОВІЧ наогул лічыць, што лепш перакласці кіраванне на дужы пол. «Сёння жанчына павінна ўмець кіраваць аўтамабілем, — падкрэслівае Ларыса. — Але калі ёсць магчымасць ускласці гэты абавязак на мужчыну, то гэта не самае дрэннае рашэнне». Сама старшыня ездзіць на дзесяцігадовых «жыгулях» і за гэты час стала сапраўдным знаўцам тэхнічнай часткі аўтамабіля.

«Аўтамабіль павінен працаваць як гадзіннік, бо наша праца звязана з частым перамяшчэннем, — адзначае Ларыса. — Тэрыторыя майго сельсавета велізарная, ездзіць прыходзіцца шмат. Напрыклад, зімой правяраю, як у нас пачысцілі дарогі, а на недагледжанай машыне доўга не паездзіш». У дзень яна адольвае да 100 кіламетраў, аўтамабіль глядзіць пільна, аднак назваць ВАЗ-2107 ідэальным для жанчын нельга, падкрэслівае Ларыса.

«Жыгулі» называе складанай машынай і старшыня Бабаўнянскага сельскага Савета Капыльскага раёна Ірына ЗАПОЛЬСКАЯ. «Спачатку, шчыра кажучы, вельмі балелі рукі, бо цяжка круціць руль. Але зараз я ўжо прывыкла».

Машыну Ірына атрымала новую, і на працягу шасці гадоў яна практычна не падводзіла гаспадыню. «Аднак у адзін момант кузаў з'ела карозія, таму прыйшлося пераварваць аўтамабіль, — успамінае яна. — Вядома, мяняла расходнікі, аднак ніякіх прэтэнзій да машыны не ўзнікала». На яе думку, «нават «жыгулі» — гэта добры варыянт, бо ў некаторых сельсаветах у старшыняў няма аўтамабіляў наогул».

Усе нашы гераіні аднагалосна заявілі, што кіраванне для іх — сапраўднае хобі. Хоць іх службовыя аўтамабілі складана назваць камфортнымі і прыемнымі ў кіраванні. Жанчыны могуць самастойна зразумець, што і дзе стукае ў рухавіку, і нават аб розных здарэннях яны гавораць як аб звычайных выпадках на дарозе. Яшчэ б: кожная з іх штомесяц праязджае амаль 1000 кіламетраў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Без машыны як без рук

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.