Вы тут

Моладзь запрашае замежных турыстаў наведаць Беларусь


Акцыю пад назвай “Прылятайце ў Беларусь!” ініцыяваў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.


Па словах арганізатараў, яна з’яўляецца своеасаблівым заклікам да замежнікаў наведаць нашу краіну. Да 10 сакавіка валанцёры руху БРСМ “Добрае сэрца” ва ўсіх рэгіёнах будуць майстраваць шпакоўні і створаць у парках і скверах “жылыя комплексы” для “птушыных турыстаў”, якія ў хуткім часе вернуцца на месцы гнездавання. Першым у шэрагу стала мерапрыемства каля Рэспубліканскага дому моладзі, дзе для ўсіх ахвотных працавала імправізаваная майстэрня па вырабе шпакоўняў, якія сталі сімвалам акцыі.

Створаныя моладдзю “кватэры” для птушак арыгінальна ўпрыгожвалі, выкарыстоўваючы стылізаваныя сімвалы з “Азбукі беларускага арнаменту”. Першым месцам, дзе ўсталявалі шпакоўні, стала пляцоўка побач са сталічнай школай №4.

— Да правядзення такой акцыі нас падштурхнула рашэнне кіраўніцтва краіны аб увядзенні бязвізавага рэжыму з васьмю дзясяткамі краін, — патлумачыў сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый ТУРОНАК. — Гэта паказвае, што Беларусь адкрыта і па-сяброўску ставіцца да сваіх суседзяў. БРСМ таксама праводзіць шматвектарную палітыку, у тым ліку, на міжнародным узроўні. Думаю, што магчымасць на пяць дзён прыехаць у Беларусь без візы дасць добры штуршок для нашай працы з сябрамі і калегамі з замежжа. Усталяванне шпакоўняў — гэта своеасаблівы сімвал нашай адкрытасці і гасціннасці.

— Гэта мерапрыемства выдатна паказвае, што моладзь падтрымлівае тыя падыходы дзяржавы, якія сёння рэалізуюцца, — адзначыў адзін з удзельнікаў акцыі, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім РЫЖАНКОЎ. — Адмена візавага рэжыму — гэта правільны падыход, вельмі важны для Беларусі ў цяперашніх умовах. Калі мы лічым сябе сучаснай, еўрапейскай, адкрытай дзяржавай, то абавязаны прымаць такія меры. Грамадзяне 80 краін могуць на пяць дзён прыязджаць у нашу краіну без віз, і гэта толькі пачатак. Радасна, што моладзь бачыць перавагі гэтага шляху, хоча бачыць тут шмат гасцей, хоча ганарыцца сваёй краінай і паказваць яе не толькі праз інтэрнэт, але і на свае вочы. Калі падтрымка ёсць, значыць, мы рухаемся ў правільным кірунку.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.