Вы тут

"Белліфт" забяспечвае камфорт для пасажыраў у рэжыме нон-стоп*


У сучасным горадзе ліфт, як і святло, ацяпленне, электраэнергія, — незаменны атрыбут камфорту, зручнасці. Мы настолькі прывыклі да гэтага сродку перамяшчэння, што, калі ён не працуе з тэхнічных прычын, для нас гэта сапраўдны стрэс. Маладая маці не можа зацягнуць каляску з малым на верхнія паверхі, а людзі сталага ўзросту не рызыкуюць нават выйсці ў магазін. Гэта і зразумела, падняцца назад у сваю кватэру — не хопіць сіл і здароўя. Іншая справа, спыніліся тралейбусы — можна перасесці на аўтобус, метро. Ліфту альтэрнатывы няма, акрамя «сваіх дваіх». У інтэрнэце давялося знайсці цікавую статыстыку: на працягу года дзверы толькі аднаго ліфта адкрываюцца і закрываюцца 68 тысяч разоў, ён здзяйсняе тысячу паездак і знаходзіцца ў руху 1278 гадзін. За гэты час пераадольвае адлегласць у 10 тысяч кіламетраў і перавозіць 9 тысяч тон грузаў і пасажыраў. Такія празмерныя нагрузкі на абсталяванне патрабуюць пастаяннага тэхнічнага абслугоўвання. Ды мала хто здагадваецца, што за гэтым стаіць напружаная праца многіх майстроў, спецыялістаў, якія кантралююць стан механізмаў і ў любы час дня і ночы гатовы выехаць, каб ліквідаваць непаладку.


— Асноўны профіль нашага прадпрыемства — мантаж, рамонт і тэхнічнае абслугоўванне ліфтаў, бытавых электрапліт, а таксама сістэм супрацьдымнай аховы і сігналізацыі ў шматпавярховых дамах, — расказвае генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Белліфт» Віктар Бірук. — На сённяшні дзень у нас на абслугоўванні каля 9 тыс. ліфтаў, 45 тысяч бытавых пліт, больш за тысячу сістэм супрацьдымнай аховы. Вытворчая база размешчана па Веласіпедным завулку, 5. Тут праводзіцца рамонт і выпускаюцца запасныя часткі для рамонту і тэхнічнага абслугоўвання ліфтаў, а таксама сістэмы дыспетчарскага кантролю за іх работай. Мы выкарыстоўваем абсталяванне як для асабістых патрэб, так і пастаўляем яго многім іншым прадпрыемствам краіны. У нас ёсць праектнае бюро, адпаведная лабараторыя, якая мае акрэдытацыю на абследаванне, тэхнічную дыягностыку ліфтаў. Можам распрацаваць праектна-каштарысную дакументацыю, выканаць мантаж ліфта, пасля чаго прыняць яго на поўнае тэхнічнае абслугоўванне.

Ды­рэк­тар прад­пры­ем­ства Вік­тар Бі­рук.

Прадпрыемства абслугоўвае, дарэчы, ліфты не толькі айчынных, але і замежных вытворцаў. Інакш кажучы, усё, што ёсць у заказчыка. А словы заказчыка — закон: хто плаціць, той і музыку заказвае. Каб быць на ўзроўні, не страціць навыкі, зразумела, на прадпрыемстве пастаянна працуюць над павышэннем кваліфікацыі работнікаў, вялікую ўвагу ўдзяляюць навучанню персаналу, штогод ладзяць перанавучанне з прыцягненнем уласных спецыялістаў і спецыялістаў з боку. Акрамя таго, тут наладжана цеснае супрацоўніцтва з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам. На прадпрыемстве створана кафедра гэтага ўніверсітэта, дзе ёсць вучэбны клас з дзеючымі мадэлямі ліфтавага абсталявання, на якіх можна адпрацоўваць усе практычныя навыкі па яго рамонце і абслугоўванні. Падтрымліваюць у таварыстве сувязі з каледжам электронікі, ліцэем №7. Гэта можна сказаць, кузня кадраў для прадпрыемства. У акцыянерным таварыстве выкарыстоўваюць такія магчымасці, як перападрыхтоўка кадраў, непасрэдна на рабочым месцы.

Сапраўды, лозунг «кадры вырашаюць усё» не састарэў да нашага часу. Толькі адукаваны, высокакваліфікаваны персанал можа ўдасканальваць вытворчасць, ствараць новы прадукт, аказваць якасныя паслугі, а значыць, канкурыраваць на сучасным рынку.

— Мы атрымліваем заказы на правядзенне тэхнічнага абслугоўвання ліфтаў на конкурснай аснове. Каб перамагаць у гэтых конкурсах, павінны пастаянна ўдасканальвацца, у першую чаргу працаваць над зніжэннем выдаткаў, паколькі для спажыўца асноўны крытэрый — аптымальны кошт паслугі і яе якасць. Сёння ў конкурсе, дзе «разыгрываюцца» невялікія аб'ёмы работ, як, напрыклад, мантаж адзінкавага ліфта, у працэдуры ўдзельнічаюць 5—6 арганізацый. Таму мы павінны прапанаваць заказчыкам лепшыя ўмовы, чым нашы канкурэнты, — упэўнены Віктар Васілевіч.

З гэтай мэтай на прадпрыемстве штогод распрацоўваецца план арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў па зніжэнні выдаткаў. Напрыклад, цяпер у «Белліфце» актыўна працуюць над узбуйненнем дыспетчарызацыі. На працягу многіх гадоў склалася сістэма дыспетчарскага кантролю за работай ліфтаў, якая разгрупавана па ўсім горадзе. У таварыстве распрацавалі і наладзілі выпуск новага абсталявання «СКИО-Беллифт» — гэтая сістэма кантролю дала магчымасць узбуйняць дыспетчарскія пункты, пераводзіць дыспетчарскі кантроль з мікрараёнаў у цэнтральную службу. Прычым раней гэта было праблематычна, паколькі неабходна было пракласці кабелі. Новыя распрацоўкі выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі і наяўныя тэлефонныя сеткі.

У за­ле дыс­пет­чар­скай служ­бы.

Каб перавесці ліфт на новы спосаб сувязі, дастаткова ў машынным памяшканні ўстанавіць і падключыць невялікі блок сістэмы «СКИО». Адзін дыспетчар мае магчымасць назіраць за работай да 2000 ліфтаў, на экран манітора выводзіцца інфармацыя аб усіх параметрах работы ліфта: паверх, на якім знаходзіцца кабіна ліфта; ці ёсць у кабіне пасажыр; у якім напрамку рухаецца ліфт. Пры неабходнасці можна пагаварыць з пасажырам. Пры паломцы ліфта дыспетчар атрымлівае інфармацыю аб яе характары і прычыне ўзнікнення. Машыннае памяшканне ліфта знаходзіцца пад кругласутачнай аховай, пры несанкцыянаваным адкрыцці дзвярэй машыннага памяшкання дыспетчар атрымлівае сігнал і своечасова паведамляе аб гэтым у адпаведныя службы. Адным часам былі вельмі распаўсюджаны крадзяжы шпуль тормаза, якія змяшчаюць каляровыя металы. А цяпер, калі ёсць магчымасць дыстанцыйнага кантролю, можна аператыўна рэагаваць на такія выпадкі, своечасова выклікаць міліцыю, якая папярэдзіць парушэнне.

Дадам, работа ў «Белліфце» ажыццяўляецца ў кругласутачным рэжыме, асабліва гэта датычыць дыспетчарскіх службаў, што прымаюць заяўкі па горадзе, і дзяжурнага персаналу, які за імі замацоўваецца, — аварыйнай службы. Служба ўкамплектавана дастатковай колькасцю аўтамабіляў з абучанымі экіпажамі, аснашчана інжынерным абсталяваннем для аператыўнага выканання заявак.

Вік­тар Бя­гун —  во­пыт­ны на­лад­чык, ве­тэ­ран вы­твор­час­ці.

— Віктар Васілевіч, вы праводзіце яшчэ аэрадынамічныя выпрабаванні. Ну, нібы ў космасе....

— Лабараторыя аэрадынамічных выпрабаванняў неабходная для абслугоўвання сістэм супрацьдымнай засцярогі. Па рэгламенце пасля рамонтных работ трэба раз на год праверыць, ці забяспечвае гэтая сістэма праектныя параметры па выдаленні пэўнага аб'ёму паветра з шахты ліфта. Акрамя таго, у нас ёсць яшчэ лабараторыя электрафізічных вымярэнняў, тэхнічнай дыягностыкі і экспертызы ліфтаў. Словам, маем усе неабходныя акрэдытацыі і выконваем увесь комплекс работ па абслугоўванні абсталявання. Год таму адкрылі новую лабараторыю па выпрабаванні электраінструменту, сродкаў засцярогі.

На­чаль­нік ла­ба­ра­то­рыі  Аляк­сандр Міх­но  і ін­жы­нер Па­вел Ра­ло  пра­вя­ра­юць  іза­ля­цый­ныя  якас­ці срод­каў  ін­ды­ві­ду­аль­най  ахо­вы.

Першага красавіка сёлета ААТ «Белліфт» адзначыць 50-гадовы юбілей. Адлік сваёй гісторыі прадпрыемства пачало ў 1967-м. Менавіта тады запрацаваў Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод. І пачалося масавае ўзвядзенне 9-павярховых дамоў. Да гэтага ў рэспубліцы не было паўнавартаснай ліфтавай гаспадаркі, паколькі пераважала малапавярховая забудова і так званыя «хрушчоўкі». З пачаткам перамен у будаўнічай галіне было створана прадпрыемства па абслугоўванні ліфтаў «Рамліфтналадка», а ў абласных цэнтрах — гаспадарчыя разліковыя ўчасткі. Праз 10 гадоў на яго базе ўзнік трэст «Белліфтраммантаж», які аб'яднаў усе гасразліковыя структуры рэспублікі, якім быў нададзены статус упраўленняў. Пасля трэст неаднойчы пераймяноўваўся ў сувязі са зменай функцый: у склад яго ўключылі цеплаэнергетыку. Вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белліфт» створана загадам Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі ад 22 снежня 2000 года ў выніку зліцця рэспубліканскага вытворчага аб'яднання «Белліфт» і арэнднага прадпрыемства «Ліфтрамонт».

У 2008 годзе пачалося акцыянаванне. У абласцях стварылі самастойныя акцыянерныя таварыствы. На той перыяд у Мінску ўзнікла 5 такіх суб'ектаў гаспадарання. Потым практыка паказала, што дробныя прадпрыемствы не могуць выжыць на рынку, дэманструюць незадавальняючыя паказчыкі. Паступова яны ўліліся ў «Белліфт». Цяпер таварыства абслугоўвае ліфты ў Ленінскім, Партызанскім, Першамайскім, Савецкім, Цэнтральным, Заводскім, Фрунзенскім раёнах Мінска і ў Мінскай вобласці.

— Гэ­тыя дзе­ю­чыя  ма­ке­ты ліф­таў  мы вы­ка­рыс­тоў­ва­ем  для на­ву­чан­ня ра­монт­ні­каў, — рас­тлу­ма­чыў ін­жы­нер Сяр­гей Суш­ко.

Віктар Бірук ужо 12 гадоў узначальвае калектыў у 1050 чалавек. Апошнія змены адбываліся на яго вачах і пры яго непасрэдным удзеле. Прадпрыемства дэманструе добрыя паказчыкі фінансава-эканамічнай дзейнасці, працуе з прыбыткам. Акрамя таго, непазнавальна змяніўся вонкавы выгляд будынка, праведзены цеплавая рэабілітацыя, рамонт бытавога і вытворчых памяшканняў, прыведзены ў належны стан вытворчыя карпусы. У штаце акцыянернага таварыства ёсць прафесіянальны архітэктар, які распрацоўваў дызайн аздаблення. Таму і атрымаліся вось такія з густам аформленыя памяшканні, у светлых колерах, якія адпавядаюць добраму настрою, супакойваюць, а значыць, і прадукцыйнасць працы павышаецца. Віктар Васілевіч лічыць, што кожнай справай павінен займацца спецыяліст.

— Для нашай сэрвіснай арганізацыі людзі маюць першаступеннае значэнне. Ад таго, наколькі будзе кваліфікаваны персанал, залежыць агульны поспех. Нашы спецыялісты павінны разбірацца ва ўсіх тыпах ліфтаў, іншым абсталяванні, каб падтрымліваць іх у спраўным і бяспечным для карыстальнікаў стане. Напярэдадні юбілею жадаю ўсім работнікам далейшых поспехаў, безаварыйнай работы, выканання ўсіх планаў, якія намецілі. Усім членам калектыву — моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, усяго самага найлепшага.

УНП 190241053

* - На правах рэкламы

Загаловак у газеце: Ліфты выходзяць у інтэрнэт

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.