Вы тут

Выпадковыя навуковыя адкрыцці


У асноўнай сваёй масе навуковыя адкрыцці — гэта вынік мэтанакіраванай, карпатлівай і цяжкай працы. Калі ў працэсе пошукаў выпадкова адбываецца нешта неспадзяванае, то яно, як правіла, толькі псуе вынікі, і многае, калі не ўсё, прыходзіцца пачынаць зноў. Але з любых правілаў бываюць выключэнні — і тады менавіта выпадковасць становіцца прычынай геніяльнай вынаходкі.


Рэнтгенаўскае выпрамяненне. У канцы XІX стагоддзя нямецкі фізік Вільгельм Конрад Рэнтген вывучаў катодныя прамяні. Выпадкова ён звярнуў увагу на незвычайнае свячэнне ў пакоі. Крыніцай аказаўся кардон, пакрыты плацінасінеродзістым барыем. Рэнтген назваў сваё адкрыццё «ікс-прамянямі», пасля вынаходніцтва атрымала яго прозвішча ў якасці назвы (прынамсі, у рускай і беларускай мовах).

Вулканізаваная гума. У 1839 годзе амерыканец Чарльз Гудзьір, які шмат гадоў вывучаў спосабы апрацоўкі каўчуку, выпусціў каўчукавую сумесь з серай і свінцом на гарачую пліту, стварыўшы першы ўзор вулканізаванай гумы. Устойлівая да тэмператур, яна выкарыстоўваецца і па сёння — напрыклад, у вытворчасці і рамонце шын. Няслушна лічыць, што Гудзьір не атрымаў нічога ад свайго адкрыцця: ён паспяхова запатэнтаваў тэхналогію і пачаў вытворчасць такой гумы разам з братамі. Трагедыя яго жыцця складалася не ў вынаходніцкіх няўдачах, а ў ранняй смерці дачкі, якая падкасіла яго ўласнае псіхалагічнае і фізічнае здароўе.

Безасколачнае шкло. Сёння кожны аўтамабіль абсталяваны лабавым шклом, якое пры аварыі можа патрэскацца на вельмі дробныя кавалачкі, але не разляціцца на вострыя аскепкі. Гэтаму жыццёва важнаму вынаходніцтву мы абавязаны Эдуарду Бенедзіктусу, французскаму кампазітару, пісьменніку і навукоўцу. У 1903 годзе ён неспадзявана выпусціў на падлогу колбу з нітрацэлюлозай і заўважыў, што пры моцным удары шкло толькі трэснула, а не разляцелася. У 1909-м ён атрымаў патэнт на першае ў свеце ахоўнае шкло.

Запалкі. У пачатку XІX стагоддзя прыдумалі вельмі ненадзейныя хімічныя запалкі, якія было складана выкарыстоўваць. Першыя запалкі, якія не патрабуюць для запальвання дадатковых прыстасаванняў, стварыў англійскі хімік Джон Уокер у 1826 годзе. Па легендзе — незнарок, таму што гаручая сумесь, у якую патрапіла драўляная палачка, не распрацоўвалася як пакрыццё для запалак. Калі не лічыць жудаснага паху пры гарэнні, гэта былі лепшыя з магчымых запалак свайго часу.

Пластмаса. Першыя пластмасы вынайшлі ў сярэдзіне XІX стагоддзя, і большасць з іх стваралася з дапамогай шэлака — вельмі дарагой прыроднай смалы, якая выдзяляецца чарвяцамі. У 1907 годзе хімік Леа Бакеланд, спрабуючы знайсці замену шэлаку, адкрыў бакеліт — пластык універсальнага прымянення, танны і негаручы.

Тэфлон. Палімер тэтрафторэтылену, вядомы нам пад маркай «Тэфлон», — адно з самых шырока выкарыстаных адкрыццяў у сучасным свеце. Яго стваральнік, Рой Планкет, у 1938 годзе працаваў над новым тыпам ахаладжальніка для халадзільнікаў. Але высветліў, што газападобны тэтрафторэтылен пад ціскам палімерызуецца ў парафінападобны парашок. У 1941 году Планкет атрымаў патэнт на тэфлон.

Пеніцылін. Шатландскі бактэрыёлаг Аляксандр Флемінг, які ў 1922 годзе ўжо выпадкова адкрыў лізацым, у 1928-м таксама выпадкова адкрыў першы антыбіётык у свеце. У адным з кубкаў Петры з бактэрыямі стафілакока вырасла калонія цвілі, знішчаючы бактэрыі вакол сябе. Ужо праз год Флемінг змог вылучыць з цвілі актыўнае рэчыва — той самы знакаміты пеніцылін.

Мікрахвалевыя печы. ЗВЧ-хвалі былі адкрыты ў 1939 годзе, але тады ніхто не дадумаўся выкарыстоўваць іх для гатавання ежы. Гэтую іх магчымасць выявіў у 1945 годзе амерыканскі інжынер Персі Спенсер, супрацоўнік кампаніі Raytheon, пасля вопытаў з магнетронам. Па адной версіі ў яго ў кішэні растала шакаладка, па іншай — разагрэліся сасіскі або выбухнула яйка. Так ці інакш, неўзабаве Спенсер запатэнтаваў першую ЗВЧ-печ.

Сілдзенафіл. Увесь свет ведае гэты прэпарат для паляпшэння патэнцыі пад маркай «Віягра». Але яго адкрыццё таксама было выпадковым — у 1990-х група брытанскіх хімікаў спрабавала сінтэзаваць лекі для лячэння стэнакардыі і ішэмічнай хваробы сэрца. Але атрыманае ў выніку рэчыва — UK-92480 — аказалася не занадта карысным для кровазвароту ў сардэчнай вобласці. Затое ў галіне органаў таза — яшчэ якім! Самае смешнае, што сярод пабочных эфектаў віягры ёсць... сардэчны прыступ.

Кукурузныя шматкі. Адзін з самых папулярных сняданкаў ва ўсім свеце адкрылі выпадкова двое братоў, уладальнікі санаторыя, якія прыгатавалі цеста з сапсаванай мукі і пасмажылі атрыманыя шматкі. Справа была ў жніўні 1894 года, а заснаваная Уілам і Джонам Келагамі кампанія па вытворчасці шматкоў да гэтага часу з'яўляецца сусветным лідарам у сваёй вобласці.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ад ікс-выпрамянення да сапсаванай мукі, або Выпадковыя навуковыя адкрыцці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».