Вы тут

Італьянскія страсці ў пастаноўцы «Карчмарка» па Карла Гальдоні


Чарговая сумесная работа італьянскага рэжысёра і беларускай трупы.

Італьянскія страсці — альбо страсцейкі — ізноў паспрабавалі ўвасобіць на сцэне Драматычнага тэатра імя Горкага ў пастаноўцы «Карчмарка» па Карла Гальдоні. Калі памятаеце, у рэпертуары тэатра ёсць спектакль «Vіvа соmmеdіа!» у традыцыйным італьянскім жанры дэль артэ з заўсёднымі персанажамі Дзані, Каламбіны, Панталонэ і іншымі. Пастаноўка стала вынікам супрацы італьянскага рэжысёра Матэа Сп'яцы і трупы Рускага тэатра, яе прэм'ера адбылася яшчэ ў 2014 годзе. А ўжо сёлета 18 і 19 лютага тэатр прадставіў «Карчмарку» як другі вынік такой супрацы. Чарговая італьянская камедыя, толькі заснаваная на творы класічнага, а не сучаснага, драматурга, стала часткай тэатральнага рэпертуару. Але ці любімага?


Ідэя супрацы з рускім тэатрам прыйшла падчас майстар-класаў Матэа Сп'яцы і драматурга Рыкарда Піпа ў Мінску, якія ладзіліся ў рамках культурнай праграмы Італіі, што ў той час старшынствавала ў Еўрасаюзе. Задума выглядала цікавым эксперыментам, жаданнем праверыць італьянска-беларускае спалучэнне, аднаразовым прыкладам міжнародных культурных адносін. Але Матэа Сп'яцы вярнуўся, і не з чым-небудзь, а з ідэяй аўтарскай апрацоўкі класічнага італьянскага твора.

Карла Гальдоні ў варыянце Сп'яцы змяніўся надзвычайна. Сэнс «Карчмаркі» здуўся, пацьмянеў, адышоў у прыцемак тэатральнай сцэны. Вядома, некаторыя актуаліі, што карэляваліся з гальдоніеўскай сучаснасцю, — камедыя была напісана ў 1753 годзе — ужо слаба звязваюцца з сённяшнім днём, але правільныя акцэнты былі б здольны зрабіць п'есу не менш злабадзённай. Здаецца, гэта не ўваходзіла ў планы рэжысёра: як сапраўдны мадэрновы аўтар, вольны гуляць з класікай па сваім меркаванні, Сп'яцы здорава перапрацаваў Гальдоні такім чынам, што ад «Карчмаркі» застаўся толькі сюжэтны каркас. Забаўляльная сатыра п'есы пераўтварылася ў сентыментальнае прызнанне ў любові да тэатра, а сюжэт аказаўся ў становішчы дапаможнага, зручнага сваёй простасцю матэрыялу.

Згодна з п'есай Карла Гальдоні, галоўная гераіня Мірандаліна атрымала ў спадчыну ад нябожчыка бацькі карчму, у якой стала гаспадарыць. Вакол яе ў межах камедыі ў розных сітуацыях і стасунках круціцца шэраг мужчын — арыстакрат без грошай маркіз Фарліпопалі, багач з купленым тытулам граф Альбафіярыта, слуга Фабрыцыа і нарэшце жанчынаненавіснік кавалер Рыпафрата.

Раўнадушная да ўсіх, хто ў яе закаханы, Мірандаліна вырашае ўлюбіць у сябе кавалера і гэтым самым даказаць яму і ўсім навокал, што дарэмна мужчына недаацэньвае здольнасці супрацьлеглага полу. У выніку кавалер хутка аказваецца ў пастцы жаночых хітрасцяў, так што страчвае цвярозы розум. Жанчына трыумфуе.

Мірандаліну сыграла Вераніка Пляшкевіч, кавалера — Сяргей Чэкерэс, задзейнічаны таксама Аляксандр Вергуноў, Уладзімір Глотаў, Алег Коц, Іна Савенкова, Алена Дуброўская і іншыя.

Сюжэт, у якім «прасталюдзінка» ўлюбляе ў сябе высакароднага кавалера, інтрыгуе заўсёды, нават у час, калі падзел на саслоўі сышоў на нішто. Праўда, сцвярджэнне пра адсутнасць саслоўнага падзелу таксама досыць умоўнае, таму і сёння творцы і штампоўшчыкі серыялаў іграюць на каханні правінцыялак і банкіраў. Толькі ні гэты прымітыўны шаблон, ні жаночая сутнасць, ні сатыра на грамадства, закладзеныя ў «Карчмарцы», не цікавяць Матэа Сп'яцы. Так, сюжэт з Мірандалінай і кавалерам абыгрываецца на сцэне ад пачатку да канца, але рэжысёр падкрэслівае, што ўся гэта сітуацыя змадэляваная, нерэальная, выдуманая і нарэшце архаічная — у спектаклі Рускага тэатра мы бачым не «Карчмарку», а яе рэпетыцыі.

Рэжысёр стварае тэатр у тэатры. То-бок акцёры на сцэне як бы рэпеціруюць пастаноўку, што завяршаецца ўзнёслым спічам пра любоў да тэатра. Стомлены рэжысёр са сваімі заўвагамі і настаўленнямі, сваркі акцёраў, не даведзены да ладу рэквізіт, спазненні на рэпетыцыі, абвяшчэнне перапынкаў, кава — пэўны хаос, які пануе на працягу амаль усёй пастаноўкі. Сюжэт, што рыхтуе трупа, развіваецца рвана і ў стрэсе — такі быццам дысананс паміж падрыхтоўкай прэм'еры і яе гладкім цячэннем перад гледачамі, якога тыя чакалі. «Карчмарка» такім чынам становіцца аповедам не пра паражэнне жанчынаненавісніка, а пра тэатр.

Да што нам чакаць ад Гальдоні — Гальдоні, калі рэжысёр вырашыў выкарыстаць яго класічны і даволі просты сюжэт у сваіх мэтах. Толькі ці не падаецца, што ў «Карчмарцы» як п'есе ўсё ж больш солі, чым у «Карчмарцы» як спектаклі Рускага тэатра? Рэжысёр зацёр пасылы драматурга і запазычыў ад яго толькі класічнасць імя і сюжэта. Такі халодны разлік.

У гэтым выпадку ўжо неяк няёмка каментаваць, што галоўная гераіня Мірандаліна аказалася зацямнёнай мітуснёй, што сэнсы Гальдоні недзе згубіліся, а яго п'еса стала безаблічным трафарэтам, які абыгрываецца з пэўнай доляй выпендрожу. Таму што няёмка каментаваць Гальдоні, калі ад яго тут амаль што толькі імя.

А каментуючы Матэа Сп'яцы, можна сказаць, што ён дакладна зрабіў спектакль нечаканым. Яго «Карчмарка» — ужо сучасная камедыя, якая засноўвае свае жарты на творчай мітусні. Ну... гэта сапраўды было смешна.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Рэпетыцыі спектакля ў спектаклі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».