Вы тут

Выстава «Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч» праходзіць у Доме карцін


Незвычайная акцыя «Дома карцін» прымусіла мастакоў па паўтары гадзіны стаяць у чэргах

Галерэя «Дом карцін» прапанавала паўдзельнічаць у сваёй новай выставе «Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч» кожнаму ахвотнаму: з 29 да 31 студзеня мастакі, прафесійныя і не, маглі прынесці сюды па адной рабоце. Арганізатары паставілі адзіную ўмову — каб твор мог пралезці ў дзверы. Цікава, як беларускія аўтары — а ў выніку іх сюды прыйшло больш за 650 — скарысталіся такой усёдазволенасцю. Па словах куратаркі галерэі Вольгі Кліп, яны сапраўды ўмантавалі ў экспазіцыю абсалютна кожную прапанаваную работу. У выніку тут можна сустрэць і дзіцячыя малюнкі, і фрывольныя выказванні, і нецэнзурную лексіку. Выстава «Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч» у большай ступені цікавая як акцыя, чым як экспазіцыя з мастацкага пункту гледжання, і ўжо канчаткова робіць «Дом карцін» адной з найцікавейшых выставачных пляцовак Мінска.


Галерэя, што пачала сваё існаванне з выстаўкі народных мастакоў Беларусі, такім чынам сцвердзіла сябе як творчую прастору, што грунтуецца на класіцы і ў той жа час гатовая да мадэрновых ініцыятыў. Кожная новая прапанова ўсё больш відавочна робіць «Дом карцін» адной з галоўных сучасных галерэй сталіцы, а значыць, і краіны.

Ідэя выставы «Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч» у тым, каб даць магчымасць выставіцца кожнаму ахвотнаму, бо персанальная выстаўка — справа ўсё ж цяжкая і даступная не ўсім. Мы ж публікуем работу Андрэя Сімончыка «Восень у Ікстлане». Аказалася, тэарэтычна персанальных выставак у нас чакае 661 аўтар — столькі работ уключана ў экспазіцыю. Хоць, вядома ж, не кожны, хто з 29 да 31 студзеня прыйшоў у «Дом карцін», з'яўляецца і нават лічыць сябе мастаком. «Некаторыя ўспрынялі выставу як цікавую акцыю, вечарам напісалі карціну і на наступны дзень прынеслі ў галерэю. У гэтым плане наш праект зрабіў вельмі важную рэч: ён прывёў у выставачную прастору людзей, якія сюды звычайна не прыходзяць. Магчыма, нейкі працэнт тут затрымаецца», — кажа Вольга Кліп.

Экспазіцыя, што спасылаецца на арганізаваную легендарным куратарам Уолтэрам Хопсам выстаўку «36 гадзін», умясціла ў сябе сапраўды дзіўную разнастайнасць. Графіку, жывапіс, вышыўку, барэльеф, фатаграфію, алмазную мазаіку, акрыл на шкле і іншае. Азіраючыся на назву, тут можна сустрэць копіі карцін вядомых мастакоў. Гледзячы па выставе, шмат хто не палічыў патрэбным ставіцца да прасторы сур'ёзна і прынёс працы ці то дзеля жарту, ці то не здолеўшы адэкватна сябе ацаніць. «Сябе цяжка ацаніць аб'ектыўна. Напэўна, гэта не апошняя прычына, з якой некаторыя аўтары сюды прыйшлі — каб паглядзець на сябе з боку і каб іншыя на іх паглядзелі». Разам з гэтым у экспазіцыі можна знайсці шмат вынаходлівых, хітрамудрых, гуллівых работ, якія мы маглі б ніколі і не ўбачыць, бо іх аўтары — непрафесійныя мастакі.

На адной з такіх работ — з прымітыўным малюнкам — напісаны выраз з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі, які можна перафразаваць як «навошта мне працаваць» (крыху скандальны ўдзельнік). Вольга Кліп называе малюнак адной з самых значных работ: «Калі б яе аўтар быў моцным мастаком, а сам малюнак быў выкананы ў прафесійнай тэхніцы, яго сэнс сведчыў бы пра смеласць мастацкага выказвання, не кажучы ўжо пра тое, што гэта сапраўды актуальная і паказальная работа для сучаснага беларускага соцыуму».

У экспазіцыі «Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч» ёсць работы тых, хто да прафесійнай адукацыі не мае ніякага дачынення, студэнтаў, дарослых аўтараў, членаў Саюза мастакоў. «Ідэя выстаўкі была ўспрынята аднабока ў тым сэнсе, што нам прыносілі ў асноўным карціны. Гэта і зразумела, таму што непрафесіяналы і самадзейныя мастакі могуць займацца малюнкам, жывапісам альбо вышыўкай у адрозненне ад складаных формаў, як, напрыклад, скульптура альбо відэа-арт, — каментуе куратарка. — Мяне здзівіла невялікая колькасць фатаграфіі, бо сёння кожны «сам сабе фатограф». Пры гэтым экспазіцыя вельмі разнастайная. Да нас прыйшлі людзі розных узроставых катэгорый, гэта відаць: тут і дзіцячыя малюнкі, і дарослыя работы. Было радасна прымаць творы ад мастакоў з рэгіёнаў, тут пра жарты гаворкі не ішло (гэта жывучы ў Мінску, можна было нешта вечарам намаляваць і прынесці). Фармат работ пад'ёмны — гэта рэчы, якія можна было ўзяць пад паху і прывезці на аўтобусе, хоць, напрыклад, адразу на ўваходзе вісіць вялікая работа з чатырох частак. Гэта не інтэлектуальнае мастацтва, сюжэтны шэраг дастаткова немудрагелісты, тут не падымаюць сацыяльных, палітычных, гендарных пытанняў. У асноўным гэта пейзаж, нацюрморт, шмат партрэтаў. Тэматыка лёгкая, але нескладаныя, так скажам, салонныя, жанры пераважаюць і ў прафесійных мастакоў. Можна паглядзець нават на тых, хто выстаўляецца ў Мінску».

Кожны твор, выстаўлены ў «Доме карцін» у межах выстаўкі «Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч», можна набыць, і, па словах супрацоўнікаў, пытаннем куплі той ці іншай работы ў галерэі цікавяцца рэгулярна. Работы 661 аўтара экспануюцца ўжо амаль на працягу месяца і заўтрашні дзень — 26 лютага — стане апошнім для «падзеі месяца».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Хто тут Манэ, а хто сам па сабе

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.