Вы тут

Аб адным маршы...


У невялікім польскім горадзе Гайнаўка 26 лютага павінен прайсці марш у памяць аб так званых праклятых жаўнерах, ваярах Арміі Краёвай, якія змагаліся за незалежнасць Польшчы падчас Другой сусветнай вайны, нават калі польскі ўрад загадаў злажыць зброю і не перашкаджаць савецкім войскам ісці на Берлін.

Здавалася б, нічога дрэннага ў гэтым няма. Палякі ўшаноўваюць сваіх герояў у сваім горадзе і маюць на гэта поўнае права, але... Вось калі б не гэта «але», якое складаецца з невялічкіх, але вельмі важных дробязяў, якія робяць гэты марш, мякка кажучы, незразумелым.

Мерапрыемства будзе праводзіцца ў Гайнаўцы ўжо другі раз, і мінулы марш паказаў, што гэта падзея — не свята памяці аб трагедыі вайны, а хутчэй дзень нецярпімасці, калі ўбіваюць новыя кліны паміж людзьмі і падаўжаюць ланцуг нянавісці і ўзаемных абвінавачанняў у польскім грамадстве.


Трошкі гісторыі

Постаці «праклятых жаўнераў» даволі супярэчлівыя для саміх палякаў, не кажучы ўжо пра нацыянальныя меншасці, якія жывуць у Польшчы і чые продкі сутыкнуліся з імі падчас Другой сусветнай вайны.

Іх шануюць за тое, што яны імкнуліся да аднаўлення незалежнасці і суверэнітэту сваёй краіны. Але пры гэтым яны імкнуліся ў крывавай барацьбе з украінцамі, літоўцамі і беларусамі захаваць за Польшчай сталіцу сучаснай Літвы — Вільнюс, а таксама ўкраінскія і беларускія землі, якія з 1921 па 1939 («ажно» 18 гадоў!) знаходзіліся ў складзе Польшчы. Гэты момант да нашага часу не дае спакою ўльтраправым нацыяналістам, дагэтуль некаторыя палякі зняважліва называюць сучасную Беларусь і Украіну «крэсамі», г. зн. «ускраінай» Польшчы.

Аднак «праклятыя жаўнеры» не проста змагаліся з нямецкімі і савецкімі арміямі. Яны таксама адзначыліся і «работай» з мясцовым насельніцтвам. Напрыклад, атрады Стаўбцоўскага злучэння Арміі Краёвай са снежня 1943 да канца чэрвеня 1944 забілі каля шасці тысяч мірнага насельніцтва на падставе іх прыналежнасці да «бальшавікоў» (на тэрыторыі, якая да 1939 года належала БССР, і да бальшавікоў на ёй можна было аднесці каго хочаце). У Лідскай акрузе з лютага па красавік 1944 года ад рук «акаўцаў» (АК) загінулі некалькі тысяч чалавек. Забойствы суправаджаліся здзекаваннямі, пагромамі і рабаваннямі.

«Праклятыя жаўнеры» каралі беларускае насельніцтва не толькі за сувязь з партызанамі, за сімпатыі да Чырвонай арміі і савецкай улады, але часам з нацыяналістычных і рэлігійных меркаванняў — таму, што гэтыя людзі не каталікі і па нацыянальнасці не палякі.

І менавіта там, дзе асабліва актыўна «праклятыя жаўнеры» змагаліся з мясцовым насельніцтвам, ужо другі раз запар збіраюцца праводзіць марш у іх гонар...

Трошкі геаграфіі

Гайнаўка — гэта адзін з самых усходніх гарадоў Польшчы на памежжы з Беларуссю. Паводле вынікаў перапісу насельніцтва 2002 года, у Гайнаўцы самая вялікая ўдзельная вага беларусаў сярод усіх гарадоў Польшчы, яны складаюць больш за палову насельніцтва 22-тысячнага горада.

Менавіта тут ваяваў адзін з самых вядомых «праклятых жаўнераў» — Рамульд Райс (мянушка Буры), які ажыццяўляў сапраўдныя этнічныя чысткі ў ваколіцах гэтага горада ў пачатку 1946 года. Група Бурага толькі з 30 студзеня па 2 лютага 1946 года «пакарала смерцю» 80 беларусаў, у тым ліку жанчын і дзяцей. Райс і яго салдаты расстрэльвалі людзей, секлі іх сякерамі, спальвалі, гвалтавалі дзяўчат і забівалі іх пры супраціўленні. Было шмат забойстваў у вёсках Старыя Пухалы (Рuсhаlу Stаrе), Заляшаны (Zаlеszаnу), Зане (Zаnіе).

Пакараны смерцю ў 1950 годзе, капітан Райс быў рэабілітаваны ў 1995 годзе судом Варшаўскай ваеннай акругі. У пастанове суда даводзіцца, што прысуд капітану Райсу адменены таму, што ён «змагаўся за незалежнасць польскай дзяржавы» і, выдаючы загады, якія датычыліся ў тым ліку «пацыфікацыі» беларускіх вёсак, дзейнічаў у сітуацыі «вышэйшай неабходнасці, якая прымушала яго выконваць азначаныя дзеянні не заўсёды этычна».

Вядома, беластоцкі філіял польскага Інстытута нацыянальнай памяці кваліфікаваў падзеі ў вёсцы Заляшаны як злачынства з прыкметамі генацыду, але менавіта з лозунгамі ў гонар памяці Бурага ў мінулым годзе ішлі ўдзельнікі першага маршу. І гэта выглядала так, нібы яны ішлі па касцях і кпілі з дзяцей і ўнукаў тых, каго тут забіваў Райс са сваімі жаўнерамі.

Дык навошта менавіта тут праводзіць марш, навошта турбаваць памяць загінулых і падымаць на шчыт, мякка кажучы, неадназначную асобу? Арганізатары марша кажуць, што такім чынам яны ламаюць нібыта існуючае табу на сцвярджэнне сваёй «польскасці» і шанаванне польскіх герояў ва ўсходніх рэгіёнах краіны.

Але ці не падаецца арганізатарам, што замест гэтага ствараецца штучная падстава для падзелу горада на палякаў і беларусаў, на «патрыётаў» і «камуністаў»?

Хоць улады горада не далі дазволу на правядзенне гэтага мерапрыемства, арганізатары абяцаюць прывезці з усёй Польшчы яшчэ больш «сапраўдных патрыётаў» і правесці марш нягледзячы ні на што.

Трошкі палітыкі

Дык усё ж навошта праводзіць такі марш у такім месцы і ў такі час?

На гэтае пытанне можа быць некалькі адказаў. Па-першае, гэта можа быць дэманстрацыя сілы польскіх ультраправых арганізацый, якія жадаюць правядзення больш нацыяналістычна арыентаванай палітыкі ад кіруючай правакансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць». Па-другое, праводзячы такія мерапрыемствы ва ўсходніх рэгіёнах, яны адначасова дэманструюць мясцоваму насельніцтву нявыгаднасць і небяспечнасць самаідэнтыфікацыі сябе як «не палякаў», нібы нагадваючы, што справы Райса можна і паўтарыць.

Не будзе гэта спрыяць і беларуска-польскім адносінам. Вядома, што нацыянальныя меншасці з'яўляюцца аднымі з лакаматываў двухбаковых кантактаў і ўзаемаразумення. Але было б дзіўна, калі б Беларусі падабалася такая дэманстрацыя «братэрскіх адносін» паміж народамі. Таксама, як і правядзенне, скажам, у Гродзенскай вобласці (ці ў любой іншай) марша ў гонар ліквідацыі жаўнераў АК вызвала б законнае абурэнне польскай грамадскасці, калі не МЗС.

У польскім грамадстве відавочна нарастаюць правыя і правапапулісцкія настроі, якія выкарыстоўваюць гісторыю ў якасці грунту для стварэння міфа пра бездакорную і гераічную польскую нацыю. Гэтыя міфы прывабліваюць палякаў марай пра вялікую і моцную краіну, якая з'яўляецца моцным гульцом на еўрапейскай і сусветнай арэне. І ў такіх марах няма нічога дрэннага, пакуль гэта не звязана з самасцвярджэннем за кошт іншых народаў, пошукам страчаных тэрыторый ці рэалізацыяй сваіх жыццёваважных інтарэсаў праз ініцыяванне канфліктаў з суседзямі. Мы ўсе добра памятаем, чым гэта можа скончыцца...

Трэба спадзявацца, што марш у гонар «праклятых жаўнераў» у Гайнаўцы пройдзе мірна і не справакуе мясцовае насельніцтва на сутычкі з праварадыкальнымі нацыяналістамі.

Трэба спадзявацца, што беларусы, якія спрадвеку жывуць там, не будуць паглядаць з недаверам і неразуменнем на сваіх польскіх суседзяў, нібы пытаючыся «за што?» і «навошта?», як некалі іх бацькі і дзяды пыталіся ў 1946-м.

Антон ВАСІЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».