Вы тут

Асамблея дзелавых колаў адбудзецца 1 сакавіка


Ідзе актыўная работа над прапановамі ў стратэгію далейшага развіцця прадпрымальніцтва.

Асамблея дзелавых колаў, што адбудзецца ў Мінску 1 сакавіка, з'яўляецца важнай пляцоўкай для дыялогу ўлады і бізнесу, заявіла ўчора намеснік міністра эканомікі Беларусі Ірына Касцевіч. Паводле яе слоў, у Беларусі ў 2016 годзе было створана больш за 9 тысяч камерцыйных прадпрыемстваў. Таксама яна паведаміла, што адзіны рэестр адміністрацыйных працэдур павінен працаваць у нашай краіне з 1 студзеня 2018 года.


Cтаршыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін паведаміў, што з 24 лютага па 3 сакавіка ў Беларусі праходзіць ІІ Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва, падчас якога одбудзецца больш за 100 мерапрыемстваў. У прыватнасці, сёння ў Мінску адбудзецца ІX Рэспубліканская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Малы і сярэдні бізнес як драйвер эканамічнага росту», а ў Оршы пройдзе круглы стол «Роля сацыяльнага прадпрымальніцтва ва ўстойлівым развіцці мясцовых супольнасцяў». На 27 лютага запланавана акцыя ў сталіцы і рэгіёнах па тэматыцы «Прадпрымальнікі пра прадпрымальніцтва». А ў Гродне адбудзецца семінар-нарада з ІП на тэму «Аб рабоце індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць гандаль на рынках і ў гандлёвых цэнтрах. Аб выпрацоўцы прапаноў па змяненні заканадаўства па паляпшэнні ўмоў для вядзення бізнесу».

Паводле слоў Уладзіміра Карагіна, у праекце Нацыянальнай платформы бізнесу — 2017 цяпер налічваецца 86 прапаноў па шасці прыярытэтных напрамках, якія датычацца добрасумленнай канкурэнцыі, эфектыўнай дэбюракратызацыі, рэгулятарнай аптымізацыі, інстытутаў эфектыўнага развіцця і росту, пашырэння доступу да маёмасці, актываў і інвестыцый, а таксама сферы адказнага партнёрства.

Віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Лілія Коваль адзначыла, што гэты праект распрацоўваўся на працягу 3 месяцаў. На яе думку, адрозненне цяперашняй платформы ў тым, што ў рабоце прынялі актыўны ўдзел не толькі прадпрымальнікі, але і ўлады, бо «Мінэканомікі адправіла ў каардынацыйны савет намесніка дырэктара Дэпартамента па прадпрымальніцтве Аляксандра Каліноўскага». Зборнік прапаноў па паляпшэнні дзелавога клімату «Нацыянальная платформа бізнесу Беларусі» з'яўляецца часткай прапанаваных бізнес-супольнасцю сістэмных мер па развіцці эканомікі.

У сваю чаргу член рабочай групы па стымуляванні дзелавой актыўнасці, выключэнні залішніх патрабаванняў да суб'ектаў гаспадарання, удасканаленні кантрольна-нагляднай дзейнасці, прадпрымальнік Віктар Маргелаў паведаміў, што стратэгію развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў тэрмін да 2030 года плануецца прадставіць грамадскасці сёлета ў сакавіку. Ён удакладніў, што адбылося два пасяджэнні рабочай групы. «Днямі адбылося першае пасяджэнне адной з падгруп у сферы гандлю, грамадскага харчавання і паслуг. На пасяджэнні апрацавана каля 40 прапаноў, якія будуць пададзеныя ў Адміністрацыю Прэзідэнта. На наступным тыдні адбудзецца чарговае пасяджэнне», — цытуе Віктара Маргелава БЕЛТА. Таксама ён адзначыў, што прадпрымальнікі актыўна працуюць над праектам Нацыянальнай платформы бізнесу — 2017. У ім у сістэмным варыянце прадстаўлена іх бачанне ключавых праблем.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Дыялог улады і бізнесу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?