Вы тут

Як мама ў дэкрэце вырашыла агучваць дыяфільмы свайго дзяцінства


Аднойчы мама ў дэкрэце і рэжысёр па адукацыі Наталля Леванава знайшла ў бацькоўскім доме праектар са стужкамі. І проста не змагла пакласці гэты скарб назад на антрэсолю. Сёння разам з сябрамі-аднадумцамі — прафесійнымі музыкамі і акцёрамі — яна агучвае дыяфільмы свайго дзяцінства і тым самым дорыць ім другое жыццё.


На­тал­ля Ле­ва­на­ва і Анд­рэй Еў­да­кі­маў лі­чаць пра­ек­тар і дыя­філь­мы  свет­лым пром­нем свай­го са­вец­ка­га дзя­цін­ства.

Выключаецца святло — і на экране з'яўляецца знаёмы з дзяцінства надпіс «Студыя «Дыяфільм». «...А зараз мы вам пакажам і раскажам смешную, кранальную і павучальную казачку, — таямнічым голасам інтрыгуе Наталля дзетак і іх бацькоў. — Называецца яна «Слон Хортан выседжвае яйка». Яна была напісана дзякуючы... парыву ветру. Як? А так! Жыў у Амерыцы чалавек. Яму вельмі падабалася маляваць катоў, птушак, чарапах... Аднойчы ў пакоі, дзе ён працаваў, адчынілася акно. Вецер закружыў паперкі, што ляжалі на стале. Маленькі малюначак слана апынуўся на падлозе над вялікім малюнкам дрэва. Чалавек засмяяўся і напісаў казку пра слана, які залез на дрэва. Імя гэтага чалавека Тэадор Сьюз Гайзель. Аднак пад казкай ён падпісаўся іншым, выдуманым, імем — Доктар Сьюз, а слана назваў Хортанам, у гонар свайго аднакласніка...»

Пад жывую музыку адна за адной ажываюць і іншыя казкі як савецкіх, так і замежных аўтараў: «Пра пана Трулялінскага», «Вожык у калючым кажушку», «Мумі Троль у джунглях», «Цмок і чараўнік»... Увесь гэты працэс ахутаны нейкай магіяй... Нездарма праектар раней называлі «чароўным ліхтаром».

— Памятаю, калі я была маленькай, то з нецярпеннем чакала вечара, — расказвае пасля прагляду Наталля. — Тады тэлевізараў было мала, таму ў нашым пакоі (а мы жылі ў інтэрнаце сямейнага тыпу) збіраліся ўсе суседскія дзеці, каб глядзець разам дыяфільмы... Мне падабаўся сам працэс падрыхтоўкі да прагляду. Мама завешвала вокны, нацягвала на дзверы белую прасціну — своеасаблівы партал у казачны свет... Тата даставаў з шафы дыяпраектар, зараджаў у яго стужку... Хоць дыяфільмы засталіся ў мінулым, сучасныя дзеці з такой жа цікавасцю прыходзяць на кожны наш новы паказ, каб акунуцца ў цёплую атмасферу «аналагавага» чараўніцтва, пачуць новыя ці ўжо забытыя старыя казкі, паказаныя незвычайным для іх спосабам.

Лю­бі­мы дыя­фільм сы­на На­тал­лі — «Му­ха-ца­ка­ту­ха».

Наталля — супрацоўніца Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры пры Акадэміі мастацтваў. Да дэкрэтнага водпуску рэалізоўвала там шэраг праектаў. Нараджэнне ж сына натхніла на новы — «Казачкі бай!».

— Спачатку разам з дзецьмі рабілі тэатр ценяў, — расказвае яна. — А потым, калі я знайшла стужкі з дыяфільмамі, прыйшла ідэя пераасэнсаваць казкі, якія тата чытаў у дзяцінстве, — шляхам незвычайнай агучкі.

Дзяўчына агучыла сваю ідэю, і яна знайшла водгук. Падтрымалі задумку Алена Гіранок з тэатра кінаакцёра, Антон Макуха з маладзёжнага тэатра, Дзмітрый Давідовіч з тэатра беларускай драматургіі, кінаакцёр Аляксандр Яфрэмаў, гітарыст Андрэй Еўдакімаў.

— Гэта як у тэатры. Напісана п'еса, а рэжысёр можа зрабіць нейкі новы арт-прадукт, прачытаць твор па-свойму. Мы робім штосьці падобнае. З аднаго боку, адраджаем тое, што было, з другога — ствараем новую форму, — кажа Андрэй Еўдакімаў. — Мы шмат імправізуем, вырашаем, з якой хуткасцю пераключаць кадры: на чым засяродзіць увагу, а дзе, наадварот, надаць рытм. Вырашылі ладзіць паказы асобна для дзяцей і для дарослых. Бо ёсць такія дыяфільмы, якія малым будуць незразумелыя. Напрыклад, павучальная грузінская народная казка «Разумная жонка». Мы закладаем асобны падтэкст — тое, што між радкоў можна прачытаць, — у тым ліку і ў музычную частку. Напрыклад, «Церамок» мы рабілі пад рэгі. Дзецям гэта будзе не зусім зразумела, таму тую ж казку для іх мы агучваем зусім па-іншаму.

— Раім прыводзіць дзяцей ад трох гадоў, — дадае Наталля, — бо па сваім сыне (а яму два гады) бачу, што дыяфільмы яго пакуль не цікавяць — цяжка засяродзіцца, сканцэнтравацца. Кліму цікава дастаць з каробачак стужкі, паразмотваць іх, пахадзіць перад ліхтаром — свае эксперыменты правесці. Адзінае, што ён глядзіць, — гэта «Муху-цакатуху», бо бачыць знаёмых персанажаў, чуе знаёмы тэкст.

— Бацькі пасля паказаў часта пытаюцца: «А дзе можна купіць гэтую штуку (маюць на ўвазе праектар)?» — працягвае Андрэй. — Па-першае, раім зазірнуць у свае каморы і шафы, паглядзець на атрэсолях у сваякоў. Там можа быць шмат чаго цікавага. Па-другое, хапае аб'яў у інтэрнэце...

— Нядаўна я натрапіла на адну цікавую аб'яву. Мужчына прадае дзесьці 300 дыяфільмаў. Вось гэта я разумею — калекцыя. У нас жа пакуль некалькі дзясяткаў стужак: тыя, што засталіся з майго дзяцінства, некалькі знайшла сярод рэчаў мужа і штук 15—20 прыдбала. Пераважная большасць — дзіцячыя казкі. Вельмі люблю гісторыю пра мумі-троляў. А таксама зраднілася з брытанскім дыяфільмам «Дзе ж Вілі?». Ён вельмі стылёвы, чорна-белы.

Пад­час да­рос­ла­га па­ка­зу «Каз­кі ў фар­ма­це 18x24»,  што прай­шоў у кні­гар­ні «Сон Го­га­ля».

— Наталля, а ці ёсць у вашай калекцыі дыяфільмы на беларускай мове?

— На жаль, няма. Я, калі праглядала ў інтэрнэце чыюсьці калекцыю, знайшла адзін дыяфільм на беларускай мове, навукова-пазнавальны, пра птушак. У Беларусі не было студыі, якая б выпускала дыяфільмы. Але затое ў нас, у Рагачове, выраблялі прафесійныя праектары. Цяпер мы ладзім паказы з праектарам для дамашняга прагляду, той што застаўся з майго дзяцінства. Марым пра прафесійны, з лепшай оптыкай, які нават пры лёгкім зацямненні дазваляе рабіць добры малюнак. У планах — папаўненне калекцыі дыяфільмаў. Я, напрыклад, вельмі хацела б агучыць «Калабка». Сябры прывозілі паказаць з Піцера, з субтытрамі на рускай і англійскай мовах. Дык у мяне адразу нарадзілася ідэя для гэтай стужкі.

Калі ў вас раптам завалялася непатрэбная скрынка з дыяфільмамі ці ў вашай калекцыі ёсць некалькі аднолькавых стужак, «Казачкі бай!» будуць рады прыняць іх у дар, каб ажывіць іх на наступных паказах. Дарэчы, дагэтуль сеансы праходзілі час ад часу, бо не так проста знайсці прыдатнае памяшканне. Але перад выхадам гэтага тэксту Андрэй паведаміў радасную навіну: кіраўніцтва музея-майстэрні Заіра Азгура пайшло насустрач, і цяпер паказы дыяфільмаў будуць ладзіцца рэгулярна, раз на месяц.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

dryla@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Казачкі з антрэсоляў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.