Вы тут

Абуў ворага ў лапці


Гарачае лета 1942 года. Вёска Камуна Любанскага раёна. 16-гадовы Мікалай са сваёй мамай і малодшым братам жывуць у часовай зямлянцы, пабудаванай непадалёк ад спаленага фашыстамі вясковага клуба. Вёску, апетую Янкам Купалам у паэме «Над ракой Арэсай», акупанты ператварылі ў папялішча яшчэ ў ліпені 1941 года.


Берлін — 1945 год. Мікалай Маскальчук (злева) з баявым сябрам.

Балюча і крыўдна было на душы Мікалая. Вось учора ноччу старэйшы брат са сваімі сябрамі пайшлі ў Петрыкаўскі раён, дзе базіраваліся атрады Палескага злучэння, каб уступіць у партызаны. Як ні прасіўся Мікалай, яго не ўзялі з сабой. Сказалі: «Яшчэ малы, ды і зброі ў цябе няма, які з цябе партызан? Сядзі пакуль дома, яшчэ паспееш наваявацца!» «Бацька на фронце з 1941 года, цяпер брат з сябрамі стануць партызанамі, а я чым горшы за іх?..» Думкі Мікалая перапыніў тупат конскіх капытоў. Проста да яго набліжаўся партызанскі атрад імя К. Каліноўскага (пазней гэты атрад увайшоў у склад 25-й брыгады імя П.К. Панамарэнкі). Байцы атрада былі ў добрым настроі. Напярэдадні яны правялі паспяховую аперацыю па знішчэнні паліцаяў у вёсцы Кузмічы, захапілі шмат зброі і не страцілі пры гэтым ніводнага салдата.

Мікалай рашуча падышоў да камандзіра: «Вазьміце мяне ў атрад, хачу біць фашыстаў!» — «Біць фашыстаў гэта не лёгкая, а вельмі небяспечная справа, хлопча, і гэтаму трэба вучыцца. А вучыцца цяпер няма калі», — адказаў той і залічыў Мікалая спачатку ў гаспадарчы ўзвод.

Шмат баявых аперацый правёў атрад імя К. Каліноўскага ў тыле ворага. Я хачу расказаць са слоў майго дзядзькі Мікалая толькі пра адну, праведзеную ў 1944 годзе непадалёк ад маёй роднай вёскі Камуна.

«...Наш атрад заняў абарону ва ўрочышчы Забярвечча, за 600 метраў ад Камуны. Перад гэтым у пяць гадзін раніцы некалькі партызан (у тым ліку і я), пераапрануўшыся ў нямецкае адзенне, непрыкметна падкраліся да варожага дзота, які знаходзіўся на павароце дарогі на Сёмае. І пад выглядам змены каравула знішчылі двух кулямётчыкаў і вартавога. Самі ж замацаваліся ў гэтым дзоце.

Нашай групе было строга загадана пасля захопу дзота адкрываць агонь па карніках, калі тыя ўсёй калонай уцягнуцца на грэблю і дойдуць да моста. Потым не затрымлівацца, хутка далучацца да галоўнага атрада. «І асцярожна, каб вас свае не пабілі, не забывайце, якое на вас адзенне», — папярэдзіў нас камандзір.

А 8 гадзіне раніцы 3 лютага немцы пачалі наступленне. Нечакана для карнікаў наша група адкрыла агонь па хвасце калоны і з нямецкага дзота. У іх дзоце знаходзілася два кулямёты МГ-38 і поўныя скрыні патронаў.

Пасеяўшы паніку ў тыле калоны ворага і расстраляўшы нямала карнікаў, мы хутка пакінулі дзот і, прыхапіўшы два кулямёты і запасныя скрынкі з патронамі, злучыліся з галоўным атрадам. ...У выніку, панёсшы вялікія страты, фашысты павярнулі назад на Любань. Карная экспедыцыя была сарваная...»

Пераход праз балота партызан брыгады №25  імя П.К. Панамарэнкі.

У пачатку 1945 года Мікалай Маскальчук змагаўся ў складзе 286-й знішчальнай авіяцыйнай дывізіі бартавым стралком на самалёце-штурмавіку Іл-2-Д (двухмесны). Гэтай дывізіяй камандаваў палкоўнік Васіль Сталін (сын Сталіна). Воіны Чырвонай арміі называлі Іл-2 «лятаючым танкам», салдаты вермахта — «чумой» і «чорнай смерцю».

«Маёй задачай было абараняць самалёт ад нападу ззаду, — расказваў дзядзька. — Я знаходзіўся ў спецыяльнай кабіне з кулямётам. Звычайна мы грамілі ворага на вышыні 25—50 метраў. Убачыўшы наш самалёт над сваёй пазіцыяй, фашысты ў паніцы разбягаліся, хаваючыся ва ўкрыцце. Нам зусім не страшны быў агонь пяхоты, самалёт быў надзейна закрыты бранёй.

Часам нашы пілоты выкарыстоўвалі вонкавае падабенства Іла з нямецкім бамбардзіроўшчыкам Ju-87 (лапцёжнік) — шасі ў гэтага самалёта не ўбіралася і было падобнае на лапці. Нашы Ілы непрыкметна падляталі да нямецкіх самалётаў і знішчалі іх, але перад гэтым у паветры абавязкова выпускалі шасі. Гэты прыём называўся ў нашых пілотаў — абуць фашыстаў у лапці. З выпушчаным шасі наш самалёт здалёк амаль нічым не адрозніваўся ад нямецкага. На самалёце Іл-2 было магутнае ўзбраенне — дзве гарматы, два кулямёты, восем рэактыўных снарадаў, 600 кг бомбаў.

...2 мая 1945 года звяно нашых штурмавікоў знаходзілася ў небе над Берлінам. З вышыні птушынага палёту добра быў відаць палаючы Рэйхстаг. А над ім, на купале, чырвоны сцяг Перамогі. На душы было радасна, хацелася спяваць. У гэты дзень Берлінскі гарнізон капітуляваў...»

Мой дзядзька Мікалай Міхайлавіч узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За ўзяцце Кёнігсберга», «За адвагу», «За перамогу над Германіяй». Пасля вайны ён працаваў у калгасе. Разам з жонкай выхавалі чацвярых дзяцей. На жаль, партызан і паветраны стралок вельмі рана пайшоў з жыцця.

Міхаіл МАСКАЛЬЧУК

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома. Здымкі (не больш за тры) з гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а або іnfo@zvіazda.by. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.

Каментары

Якія ж прыгожыя маладыя твары на фота!
Якія прыгожыя хлопцы! Нашы гераічныя дзяды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».