Вы тут

Беларуская літаратура ў інфармацыйным грамадстве


Беларуская літаратура ў інфармацыйным грамадстве: пагрозы як гарантыя перспектыў

З часу першых спроб канцэптуалізаваць у сярэдзіне 1960-х — пачатку 1970-х гг. праблематыку грамадска-эканамічнага ўладкавання новага тыпу быў прапанаваны цэлы шэраг адпаведных тэорый [1]. Працэс стварэння так званых калібравальных канцэпцый сучаснасці ў ХХІ ст. становіцца яшчэ больш інтэнсіўным. Аднак, нягледзячы на ўзмацненне палемічнасці ў міждысцыплінарным дыскурсе, да сярэдзіны 2010-х гг. акрэсліўся інварыянтны набор ключавых характарыстык грамадства, якое рознымі даследчыкамі атрыбутуецца як «постэканамічнае», «постіндустрыяльнае», «інфармацыйнае», «інфармацыянальнае» і інш.

У сувязі з асэнсаваннем спецыфікі і перспектыў развіцця найноўшага мастацтва найбольш істотнымі сярод гэтых характарыстык бачацца:

  • ператварэнне інфармацыі і ведаў у асноўныя вытворчыя сілы і рэсурсы з адначасовым «станаўленнем творчасці як найбольш распаўсюджанай формы вытворчай дзейнасці» [2];
  • трансфармацыя глыбіннай структуры інфармацыі і, адпаведна, інфармацыйнай прасторы, якой надаецца статус спецыфічнай рэальнасці;
  • сеціўнасць як ключавы прынцып уладкавання і функцыянавання грамадства;
  • надзвычайная дынамічнасць, рухомасць аксіялагічнай сферы (фарміраванне новай каштоўнаснай сістэмы ў выніку істотных трансфармацый сацыяльнай структуры);
  • дэтэрмінаванасць сацыякультурных працэсаў імклівым пашырэннем «галактыкі камунікацый» (М. Маклюэн);
  • панметафарызм як метадалогія фарміравання новай інфармацыйнай рэальнасці і інструмент сацыякультурнай уплывовасці.

Асаблівасці існавання беларускай літаратуры ў новай інфармацыйнай рэальнасці ў самым агульным сэнсе задаюцца двума восевымі параметрамі:

— у пачатку ХХІ стагоддзя беларуская літаратура захоўвае тыпалагічныя адзнакі літаратуры класічнага тыпу;

— новая інфармацыйная рэальнасць якасна змяняе ўмовы функцыянавання мастацкай славеснасці.

Да дэталёвага асэнсавання заканамернасцей развіцця беларускай літаратуры ў дынаміцы тыпаў літаратурнай творчасці мы звярталіся ў асобных працах [гл., напрыклад: 4; 5]. Тут згадаем толькі, што тып літаратурнай творчасці разглядаецца намі як своеасаблівая стратэгія спасціжэння і аднаўлення быцця ў мастацкім тэксце. Яна паўстае вынікам дынамічнага ўзаемадзеяння аксіялагічных, эстэтычных, змястоўных, вобразна-выяўленчых і ідэй, прынцыпаў, арыенціраў, прыёмаў і вызначае спецыфіку інтэгратыўнай мадэлі літаратуры пэўнага перыяду, вектар і асаблівасці развіцця літаратурнага працэсу. Прапануецца вылучаць міфапаэтычны, класічны, некласічны, постнекласічны тыпы літаратурнай творчасці. Паводле агульнакультурнай логікі, у беларускай літаратурнай прасторы пачатку ХХІ ст. павінны былі б суіснаваць некласічны і постнекласічны тыпы, аднак дамінуе якраз класічны тып. Некласічны тып літаратурнай творчасці актуалізуецца праз асобныя складнікі, прычым успрымаецца і стваральнікамі мастацкіх твораў, і чытачамі як версія класічнага тыпу. Прысутнасць постнекласічнай стратэгіі ў літаратурнай прасторы другога дзесяцігоддзя ХХІ ст. фіксуецца на ўзроўні несістэмных «флуктуацый».

Разуменне сутнаснай спецыфікі літаратуры з дамінаваннем класічнага тыпу творчасці неабходнае для комплекснага асэнсавання пагроз, з якімі сутыкаецца нацыянальнае мастацтва слова ў новай інфармацыйнай рэальнасці. Пры гэтым галоўным бачыцца не ўласна канстатацыя рызык, але вызначэнне шляхоў іх пераадолення, паколькі «многія абставіны, якія ўяўляюць сабою найвялікшую небяспеку, у той жа час утрымліваюць і неверагодныя новыя магчымасці» [6].

Рызыкі для развіцця беларускай літаратуры ў новай інфармацыйнай рэальнасці можна прадставіць у структураваным выглядзе. У першым набліжэнні відавочна адрозніваюцца рызыкі:

  • экзагенныя (знешнія ў дачыненні да мастацтва слова);
  • эндагенныя (што ўплываюць непасрэдна на функцыянаванне літаратуры як мастацкай сістэмы).

1. Экзагенныя (пазалітаратурныя) рызыкі могуць быць ранжыраваны паводле генезісу і маштабу сваёй уплывовасці.

1.1. Калі разглядаць нацыянальнае мастацтва слова як кампанент сусветнай культуры, то найбольш відавочнымі рызыкамі для беларускай літаратуры ў кантэксце медыяцэнтраванай сучаснай культурнай прасторы акрэсліваюцца рызыкі самаізалявання і герметызацыі, якія сутнасна з’яўляюцца двума ўзаемазвязанымі этапамі аднаго працэсу.

Паводле аднаго з самых вядомых сацыёлагаў сучаснасці М. Кастэльса [3], базавая структура інфармацыйнага грамадства заснавана на сеціўнай логіцы. Адпаведна, калі вы не ў сетцы, вы не можаце паўнавартасна ўдзельнічаць у жыцці сучаснага (=сеціўнага) грамадства. У выпадку з беларускай літаратурай агульная пагроза (сама)адчужэння мастацтва слова ад кантэксту медыякультуры ўскладняецца асаблівасцямі гісторыка-культурнага развіцця і сённяшняга статусу нацыянальнага прыгожага пісьменства. Варта таксама браць пад увагу спецыфічныя стасункі пісьменнікаў з айчыннымі медыя, масавай аўдыторыяй, пераважна негатыўную стэрэатыпізацыю вобраза пісьменніка, сучаснага пісьменства наогул. Так, беларуская літаратура сёння прадстаўлена ў Сеціве, але ў відавочна недастатковай ступені, каб успрымацца актуальным феноменам інфармацыйнай прасторы. Уласна выпрацоўка стратэгій фарміравання сучаснай нацыянальнай прасторы чытання (звязаных у ліку іншага з інтэнсіўным асваеннем Сеціва) у сярэдзіне 2010-х гг. усё яшчэ знаходзіцца на стадыі задоўжанага праектавання.

Між тым, сама сеціўная прырода / логіка развіцця сучаснага грамадства для найноўшай беларускай літаратуры ўтрымлівае разнастайныя магчымасці для пераадолення згаданых вышэй пагроз. Спынімся тут на адной з такіх магчымасцей.

Інфармацыйнае грамадства задае прынцыпова новую якасць хранатопа (часапрасторы) існавання мастацкай літаратуры. Высокатэхналагічныя інструменты камунікацыі здольныя ў літаральным — геаграфічным — сэнсе нівеліраваць паняцце «межаў» у дачыненні да прысутнасці беларускай літаратуры ў свеце. Адзін (хоць і не адзінкавы) прыклад — «паэтычна-геаграфічны» інтэрнэт-праект «Вершы без межаў», запушчаны маладым паэтам, музыкантам М. Найдзёнавым. Творы з яго дэбютнага зборніка «Развітанцы» (2015) чыталі беларусы ў розных кутках свету (у ЗША і на Гоа, у Чэхіі і В’етнаме, у Даніі і Славакіі); відэаролікі спачатку выкладваліся ў адну з сацыяльных сетак, пасля разышліся па іншых рэсурсах інтэрнэта. Гэты праект падаецца выдатнай ілюстрацыяй да размовы пра якасныя змены нацыянальнай прасторы чытання, якая становіцца ў гэтым выпадку лакалізаванай (беларускацэнтраванай) і глабальнай (без межавай) адначасова.

Яшчэ адна рызыка для мастацтва слова ў постэканамічным грамадстве звязана з прымусовай індустрыялізацыяй — як працэсу, так і вынікаў творчасці. Да ліку найбольш характэрных рыс сучаснага стану культуры даследчыкі адносяць стагнацыю ў далучэнні да традыцыйнай культуры, а таксама перанос інтарэсу з традыцыйнай культуры на індустрыяльную; адпаведна, так званы культурны прадукт нясе адзнакі серыялізацыі, стандартызацыі, тэхналагізацыі [7].

Магчыма, для беларускай літаратуры згаданая рызыка актуальная ў найменшай ступені, хаця кантэкст культуры як вытворчасці даступных «прадуктаў» відавочна ўтрымлівае рызыку маргіналізацыі. Справа ў тым, што феномен магчымасці, а дакладней — прынцыповай не-магчымасці беларускага масліту абмяркоўваецца у айчыннай публічнай прасторы ўжо чвэрць стагоддзя, з 1990-х гг. У новай інфармацыйнай рэальнасці тое, што не ўцягваецца ў агульную плынь, рызыкуе аказацца на ўзбочыне культурнага жыцця. Такім чынам, беларуская літаратура як літаратура класічнага тыпу аказваецца ў сітуацыі выбару паміж дзвюма пагрозамі: маргіналізацыі і «натуральнай» (безварыянтнай)  масіфікацыі (мімікрыі пад ландшафт маскульту, густы масавага чытача); размова, па сутнасці, ідзе пра неабходнасць «спусціцца» да патрэб масавага чытача.

Магчымасці пераадолення згаданых рызык мы звязваем якраз з мэтаскіраваным выкарыстаннем патэнцыялу індустрыялізацыі. Так, даследуючы спецыфіку глабальнага светапогляду і яго ўплыву на культурнае развіццё, Т. Андрыянава прыводзіць [7] цікавыя лічбы. У ЗША штогод ладзіцца больш за 200 паэтычных турніраў; у амерыканскіх універсітэтах існуе больш за 280 факультэтаў, дзе займаюцца  выкладаннем навыкаў паэтычнай творчасці. Нарэшце, наладжана вытворчасць паэтычных скрынак з літарамі-магніцікамі, з якіх не толькі можна выкладваць немудрагелістыя вершыкі, але і дасылаць «творы» ў фірму, што выпускае паэтычныя скрынкі. Вытворца абяцае ўключаць іх у штогадовае выданне падобнай паэзіі. У ЗША такіх паэтычных скрынак прадаецца да 50 тысяч у месяц, а аб’ём продажаў складае 6,5 мільёнаў долараў штогод.

Індустрыялізацыя, якая ў глабальным маштабе ўспрымаецца як рызыка для «высокага» мастацтва слова, для найноўшай беларускай літаратуры ўтрымлівае, на наш погляд, неблагія магчымасці для пераадолення пагроз самаізаляцыі і герметызацыі. Скіраванае выкарыстанне патэнцыялу індустрыяналізацыі (асобных рашэнняў, механізмаў, прыёмаў, піяр-стратэгій) можа быць важным крокам на шляху да актуалізацыі літаратуры класічнага тыпу ў сучаснай сацыякультурнай прасторы (як атрымалася, напрыклад, з ператварэннем «вышыванак» у модны трэнд, адным з вынікам якога сталася актуалізацыя традыцыйнага беларускага арнаменту ў моладзевым асяроддзі). Інакш кажучы, у новай інфармацыйнай рэальнасці выжыванне літаратуры класічнага тыпу наўпрост залежыць не ад задавальнення чытацкіх патрэб, але ад стратэгіі іх актыўнага фарміравання.

1.2. Для беларускай літаратуры як феномена айчыннай сацыякультурнай прасторы ў сінхранічным плане найбольш істотнымі рызыкамі, на наш погляд, сёння становяцца пагрозы негатыўнай элітарнасці і «этнаграфічнасці».

Першая мае на ўвазе павелічэнне камунікатыўнага разрыву паміж творамі найноўшай нацыянальнай літаратуры і так званай шырокай чытацкай аўдыторыяй. Цікава, што ўспрыманне публікай сучаснай беларускай літаратуры як «мінус-элітарнай» грунтуецца на незнаёмстве з творамі, на іх, так бы мовіць, прынцыповым не-чытанні (класічным творам альбо творам так званага «школьнага канону» пашанцавала больш). Пры гэтым пад уплывам негатыўнай элітарнасці дэфармуецца ўспрыманне не толькі твораў, але і вобразаў пісьменнікаў.

Другая пагроза — «этнаграфічнасці» — вынікае з першай. Актыўнае нежаданне грамадскасці быць абазнаным у сучаснай нацыянальнай літаратуры вынікам мае стэрэатыпізацыю ўспрымання найноўшага мастацтва слова ў духу «музейнасці», «этнаграфічнасці», нават «архаічнасці».

Трэба сказаць, што адчуванне вяртання да мінулага канстатуецца ў многіх працах, прысвечаных фенаменалогіі сучаснасці. Так, аўтар хвалявай тэорыі цывілізацыі Э. Тофлер адшуквае ў постіндустрыяльнай цывілізацыі адзнакі «дыялектычнага вяртання» да аграрнага грамадства, у ліку якіх дэцэнтралізацыя і змяншэнне маштабаў вытворчасці, аднаўляемыя крыніцы энергіі, дэурбанізацыя, надомная праца і да т. п. [6]. Але ў дачыненні да літаратурнага развіцця ўжо зараз гэтае вяртанне набывае прыкметы пагрозы. Па сутнасці, гэта рызыка замены «развіцця» — «згортваннем». Найноўшай літаратуры як бы па вызначэнні адмаўляецца ў актуальнасці, сучаснасці, уласна «найноўшасці». Гэтую пагрозу можна яшчэ сфармуляваць як пагрозу перараджэння эвалюцыі ў інвалюцыю: «…калі рускія фармалісты ў 1920-я гады пісалі пра эвалюцыю як механізм літаратурнага развіцця, то напрыканцы ХХ стагоддзя, магчыма, варта гаварыць пра феномен інвалюцыі як механізм культурнага тармажэння, самаразбурэння, згортвання, своеасаблівага і невыпадковага «шляху назад», — заўважае ў кантэксце даследавання масавай літаратуры канца ХХ — пачатку ХХІ ст. М. Чарняк [8, с. 8—9].

Гістарычная неабходнасць сцвярджаць штораз нанова ўласную ідэнтычнасць прыводзіць да фарміравання ідэнтычнасці абарончага кшталту (прадметам асобнай увагі, выключна цікавым і неадназначным, у гэтым сэнсе бачыцца феномен тутэйшасці, што мае літаратурныя карані). Новай інфармацыйнай рэальнасцю ідэнтыфікацыйныя працэсы таго кшталту ацэньваюцца як неэфектыўныя. Абарона тут роўная паражэнню, сама спецыфіка новага інфармацыйнага асяроддзя вымагае наступлення, экспансіі, актыўнасці. Для беларускай літаратуры эвалюцыйныя перспектывы звязаны, на наш погляд, з трансфармацыяй ідэнтычнасці абараняльнай у ідэнтычнасць праектнага кшталту. Паводле М. Кастэльса, найбольш спрыяльныя ўмовы для гэтага маюцца якраз у інфармацыйным грамадстве, сеціўная прырода якога заснавана на ўласцівасцях інтэрактыўнасці і індывідуалізацы. Паколькі «ідэнтычнасці паўстаюць у дзеянні», сеціўнае грамадства «спараджае рухі супраціўлення і нават рухі праектнай ідэнтычнасці» [3]. На наш погляд, змена вектару ідэнтыфікацыйных працэсаў з абараняльных на праектныя звязана з канструяваннем найноўшай мастацкай міфалогіі беларушчыны як агульнанацыянальнага праекта і адначасова (сама)ідэнтыфікацыйнага праекта найноўшай літаратуры. Прычым у беларускай літаратурнай прасторы пачатку ХХІ ст. можна заўважыць пэўныя сведчанні на карысць таго, што пераход да ідэнтычнасці праекта не ёсць чыстай футуралогіяй1.

 

1 Маем на ўвазе не толькі гісторыяцэнтрычныя (Л. Рублеўская) ці ўласна гістарычныя (А. Бутэвіч, А. Пашкевіч, Я. Конеў і інш.) аповесці ды раманы, але і філасофска- і сацыяльна-псіхалагічную прозу (В. Казько, Ф. Сіўко, І. Бабкоў, А. Федарэнка, Б. Пятровіч), жанрава-стылявыя эксперыменты С. Балахонава, а таксама публікацыі паэтаў розных пакаленняў (Л. Галубовіча, В. Шніпа, І. Хадарэнкі, Н. Кудасавай і інш.), шэраг твораў драматургіі, эсэістыкі, літаратурнай крытыкі.

 

Зварот да найноўшай беларускай літаратуры ў кантэксце нацыянальнага гісторыка-культурнага працэсу (у дыяхранічным плане) у айчыннай даследчыцкай традыцыі мае на ўвазе асэнсаванне пэўных заканамернасцей літаратурнага развіцця. На думку ж тэарэтыкаў постіндустрыяльнага грамадства, чалавек інфармацыйнай цывілізацыі будзе выдатна падрыхтаваны да таго, што «заканамернасць можа мець прамым наступствам адсутнасць заканамернасці» [6].

З улікам некаторых асаблівасцей развіцця айчыннай літаратурнай прасторы канца ХХ — пачатку ХХІ ст.2, мы можам гаварыць пра рызыку замены гісторыка-культурнага развіцця як працэсу якасных змяненняў сукупнасцю флуктуацыйных з’яў, альбо своеасаблівым флуктуацыйным квазіразвіццём.

 

2 Выспявае гэта рызыка ў айчыннай культуры, верагодна, яшчэ з пачатку 1990-х, калі многія літаратурныя з’явы, якія падаваліся надзвычай рэвалюцыйнымі, на самай справе былі спараджэннем не «сістэмы навацыйных тэндэнцый», а хутчэй «постфактумам забароненых тэндэнцый» [9, с. 36].

 

Як вядома, «у любога развіцця ёсць прычына — пэўнае адхіленне ў працяканні зыходнага стацыянарнага працэсу. Такое адхіленне называецца флуктуацыяй. Калі флуктуацыя ўстойлівая, яна ператвараецца ў тэндэнцыю — тэндэнцыю развіцця» [10]. На нашу думку, рызыка палягае ў тым, што літаратурны працэс ў новай інфармацыйнай рэальнасці можа ўяўляць сабою дынамічны хаос няўстойлівых «флуктуацый» — рэакцый на выклікі часу, патрэбы масавай аўдыторыі, масмедыйныя трэнды і г. д. Галоўная іх уласцівасць — адсутнасць «наступстваў», г. зн. колькі-небудзь заўважных якасных змен. У той час як літаратура «можа існаваць толькі за кошт пастаяннага абнаўлення. Працэс літаратурнай эвалюцыі — гэта змена мастацкай арбіты, спрэчка з традыцыяй, змена культурных кодаў» [11, c. 13].

2. Рызыкі эндагеннага (унутрылітаратурнага) кшталту, як і пагрозы экстралітаратурныя, могуць быць прадстаўленыя структуравана. Калі разглядаць літаратуру як складанаарганізаваную мастацкую сістэму, можна заўважыць, што з пачатку ХХІ ст. змены закранаюць у той ці іншай ступені кожны з яе узроўняў: аксіялагічны, змястоўна-сэнсавы, жанрава-стылявы, ацэначна-рэфлексійны.

2.1. Рухомасць аксіялагічнай сферы, звязаная з фарміраваннем новай каштоўнаснай сістэмы ў выніку істотных трансфармацый сацыяльнай структуры сучаснага грамадства, для беларускай літаратуры не азначае аўтаматычнай пагрозы разгойдвання ці нават радыкальнай замены сістэмы каштоўнасцей, змястоўна-сэнсавых прыярытэтаў.

На нашу думку, у беларускай літаратурнай прасторы 1990-х — 2000-х гг. парадыгмальных зрухаў не адбываецца. Бо змены парадыгм звязаныя з «раптоўнымі зменамі поглядаў на свет», што можна следам за Т. Кунам параўнаць з эфектам пераключэння зрокавага гештальту («імгненным калапсам набору ключавых катэгорый і ўяўленняў, што прэвалююць у пэўныя гістарычныя перыяды» [12]. Інакш кажучы, з 1990-х гг. і па сённяшні час у беларускай літаратурнай прасторы доўжыцца перыяд збірання, назапашвання, праектавання будучых пераўтварэнняў.

Памежжа ХХ—ХХІ стст. у гуманітарным дыскурсе апісваецца ў тэрмінах «пераходнасці», характарызуецца «агульнай размытасцю ўсіх асноўных эстэтычных катэгорый і крытэрыяў сацыякультурнага развіцця, а таксама каштоўнасна-сэнсавай няпэўнасцю культурнай семантыкі ў цэлым» [11, с. 191]. Даследчыкі сучаснасці ў якасці найважнейшай і нязводнай крыніцы сацыяльных значэнняў у схільным да сэнсавай інфляцыі інфармацыйным грамадстве прымаюць ідэнтычнасць, якая «становіцца галоўнай, а часам адзінай крыніцай сэнсаў» [3].

Для беларускай літаратуры як літаратуры класічнага тыпу канца ХХ — пачатаку ХХІ ст. — гэта перыяд актывізацыі ідэнтыфікацыйных працэсаў, сярод якіх ці не галоўнае месца належыць працэсам каштоўнаснай (сама)ідэнтыфікацыі праз сцвярджэнне аўтэнтычных нацыянальных каштоўнасцей. Паказальна, што ў агульнай сітуацыі глакалізацыі (дынамічнага «скрыжавання» плыняў глабалізацыі і лакалізацыі як росту ўплывовасці рэгіянальных феноменаў) у беларускай культурнай прасторы пачатку ХХІ ст. узрастае прыярытэт аксіялогіі нацыянальнай. Гэта, у пэўным сэнсе, ёсць натуральнай рэакцыяй на спецыфічнасць існавання ў сучасным свеце, бо там «дзе адбываюцца настолькі некантралюемыя і бязладныя змены, людзі схільны групавацца вакол першасных крыніц ідэнтычнасці: рэлігійных, этнічных, тэрытарыяльных, нацыянальных» [3].

Але варта звярнуць увагу на з’яву, якая выспявае амаль у эпіцэнтры працэсаў (сама)ідэнтыфікацыі.

Нарастанне напружання паміж працэсамі глабалізацыі і лакалізацыі адным з наступстваў мае неабходнасць кадзіроўкі традыцыйных каштоўнасцей у новай сістэме [3]. У розных нацыянальных сістэмах каардынат абіраецца свой алгарытм (спосаб) кадзіравання. Паказальна, што ў ліку найбольш уплывовых тэндэнцый, якія вызначаюць характар літаратурнага працэсу ў краінах постсавецкай прасторы, згадваецца неаміфалагізацыя мастацкай свядомасці. На адпаведную сітуацыю ў беларускай літаратурнай прасторы накладваецца таксама панметафарызм як агульная метадалогія і «ўнутраная форма» новай інфармацыйнай рэальнасці: «…мы бачым… рэальнасць не такой, якой яна ёсць, а такой, якой нашы мовы дазваляюць нам яе бачыць. А нашы мовы — гэта нашы сродкі масавай інфармацыі. Нашы СМІ — гэта нашы метафары. Нашы метафары ствараюць змест нашай культуры» [цыт. па: 3].

Натуральнай рэакцыяй літаратуры класічнага тыпу на згаданы кантэкст ёсць заглыбленне ў традыцыйныя для яе каштоўнасці і сэнсы. Так, аксіялагічныя і змястоўна-сэнсавыя пошукі беларускай літаратуры і ў першыя дзесяцігоддзі ХХІ ст. цэнтруюцца вакол феномена беларушчыны. Найбольш натуральнымі структурамі для ўвасаблення згаданага зместу ёсць структуры неаміфалагічнай мастацкай свядомасці, якія ў сілу панметафарычнага характару новай інфармацыйнай рэальнасці таксама становяцца панміфалагічнымі. Выкарыстоўваючы паняцце панміфалагізму мастацкай свядомасці для апісання пагрозы, з якой можа сутыкнуцца беларуская літаратура, мы маем на ўвазе інвалюцыйныя наступствы з’явы, якая абсалютызуецца.

Зрэшты, аналіз беларускага літаратурнага працэсу канца ХІХ — пачатку ХХІ ст. у гісторыка-тыпалагічным ключы дазваляе гаварыць пра тое, што згаданая пагроза для нацыянальнай літаратуры можа застацца толькі прадчуваннем. Адна (але зноў-такі не адзіная) магчымасць пазбегнуць гэтай рызыкі закладзена, на наш погляд, у «рэгенератыўнай функцыі» (Г. Гарыпава) беларускага рамантызму як з’явы, здольнай да ўзаемадзеяння сінтэтычнага кшталту з іншымі мастацка-эстэтычнымі феноменамі і аднаўлення штораз у новай якасці. Так, эвалюцыйная лінія развіцця беларускага рамантызму, вехавыя феномены якога атаясамліваюцца з творчасцю Яна Баршчэўскага, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, у найноўшай літаратурнай прасторы набывае адметную (эвалюцыйую) рэалізацыю ў пісьменнікаў, чые мастацкія сусветы істотна адрозніваюцца паводле «мадальнасці»: згадаем творчасць А. Сыса, Л. Рублеўскай, П. Васючэнкі, А. Казлова, В. Чаропкі, Э. Акуліна, С. Балахонава і інш.

На наш погляд, паняцце рэгенератыўнай функцыі можа быць пашырана да самарэгенератыўнасці як агульнай уласцівасці беларускага нацыянальнага мастацтва слова. Гэтая ўласцівасць, з аднаго боку, вынікае з разумення мастацкай літаратуры як складанаарганізаванай сістэмы, здольнай да самаразвіцця. Але, з другога боку, эвалюцыя прыкметы ў сістэмную ўласцівасць у дачыненні да беларускай літаратуры звязана са спецыфікай яе гісторыка-культурнага развіцця: «Беларуская культура штораз, са сваіх патрэб зыходзячы, асвойваецца ў больш развітых культурных кантэкстах праз дынаміку арыгінальных мастацкіх структур. Так, наша класіка ХХ ст., ад Купалы і Гарэцкага да Танка і Быкава, наша выбітная літаратура ў кожным таленавітым творы вырашае адраджэнцкую задачу — задачу сцвярджэння беларуса, беларускага светабачання — як задачу кожны раз мадэрновую (сучасную)» [13, с. 398].

Цікава, што самарэгенератыўнасць як уласцівасць нацыянальнай літаратуры ў постіндустрыяльным грамадстве, выразна арыентаваным на інтэнсіўны рост разнастайнасці, патэнцыяльна ўтрымлівае пагрозу «рэтардацыйнасці». Маецца на ўвазе адмысловая паўтаральнасць праблемна-тэматычнага поля з наступнай стэрэатыпізацыяй яго складнікаў: згадаем, напрыклад, пра тыражуемы стэрэатып твораў беларускіх пісьменнікаў як «твораў пра вайну і вёску», самотна-журботных, звернутых у мінулае і г. д. На наш погляд, найбольш эфектыўным адказам для літаратуры класічнага тыпу на гэту рызыку з’яўляюцца пошукі новых кодаў (жанравага, сюжэтна-кампазіцыйнага, вобразна-выяўленчага), з дапамогай якіх анталагічна важная праблематыка занатоўвалася б у сучаснай сацыякультурнай прасторы як востра акутальная. Пра наяўнасць і разгортванне гэтых пошукаў на пачатку ХХІ ст. можна меркаваць на падставе твораў пісьменнікаў розных пакаленняў і эстэтычных зацікаўленняў: Р. Барадуліна і А. Дуброўскага-Сарочанкава, А. Разанава і В. Жыбуля, Ф. Сіўко і А. Аркуша, Р. Баравіковай і Т. Сівец, В. Казько і А. Федарэнкі, А. Бутэвіча і С. Балахонава, В. Мудрова і А. Брава ды інш.).

2.2. Характар трансфармацый жанрава-стылявога ўзроўню літаратуры як мастацкай сістэмы абумоўліваецца, з аднаго боку, радыкальнымі зменамі мысленчай сферы «чалавека інфармацыйнага», якія падрыхтоўваюцца імклівай інфарматызацыяй і тэхналагізацыяй усіх сфер грамадскага быцця, а з другога боку — спецыфікай постіндустрыяльнай вытворчасці.

Так, даследчыкі сучасных грамадска-культурных і эканамічных працэсаў указваюць на тое, што «грамадства перайшло ад дыскурсіўнага метаду асэнсавання да вобразнага» [7]. Сучасны культуролаг С. Лэш звязвае з гэтым феномен прынцыпова новага прадстаўлення культуры і істотных трансфармацый творчых метадаў: з аднаго боку, ключавым паняццем становіцца «вобраз», з другога — тэхналагічнасць і эканамічная эфектыўнасць.

Самае непасрэднае дачыненне да істотнага абнаўлення жанравай сістэмы беларускай літаратуры як літаратуры класічнага тыпу будуць мець, на наш погляд, дзве рэчы:

  • «мініяцюрызацыя» ўсіх сфер вытворчасці ў постіндустрыяльнай эканоміцы і гаспадарцы [2].
  • экспансія новага — электроннага — фармату чытання.

У кантэксце разгляду пагроз для літаратуры класічнага тыпу ў новай інфармацыйнай рэальнасці гэтыя моманты аказваюцца самым цесным чынам звязаныя. Справа ў тым, што ў 2000-х гг. падчас абмеркаванняў праблематыкі чытання было распаўсюджана меркаванне, што фармат прадстаўлення тэксту (на папяровым, электронным носьбітах) сутнасна не ўплывае на структуру, тып і якасць чытання. Аднак у другой палова 2010-х гг. ужо маецца дастаткова важкіх падстаў для таго, каб гаварыць пра істотныя трансфармацыі розных складнікаў чытання як сацыякультурнага феномена ў выніку імклівай інфарматызацыі прасторы чытання.

Так званае электроннае чытанне — гэта не проста змена носьбітаў «цела тэксту», а істотныя функцыянальныя змены чытацкіх стратэгій і культуры. Гэта пацвярджаецца вынікамі маштабных міжнародных сацыялагічных і педагагічных даследаванняў. Адной з самых рэзанансных з’яўляецца PISA3 — Міжнародная праграма па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў (Programme for International Student Assessment), якая ажыццяўляецца Арганізацыяй эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця АЭСР (OECD — Organization for Economic Cooperation and Development). У межах падрыхтоўкі да даследавання PISA 2018 г. быў падрыхтаваны праект новай канцэпцыі чытацкай граматнасці4 (PISA 2018 Draft Reading Literacy Framework, 40th meeting of the PISA Governing Board, 26—28 October 2015, Munich, Germany), дзе знайшло адлюстраванне ўсведамленне ўплыву электроннага тыпу тэкстаў на здольнасць юнага чытача ўспрымаць, асэнсоўваць, аналізаваць і інтэрпрэтаваць тэксты розных відаў (у тым ліку мастацкія).

 

3 Галоўным аб’ектам увагі PISA з’яўляюцца 15-гадовыя маладыя людзі. Даследаванне скіравана на ацэнку іх здольнасцей выкарыстоўваць атрыманыя ў школе веды і ўменні ў жыццёвых сітуацыях: ацэньваюцца прыродазнаўчая граматнасць, матэматычная граматнасць і граматнасць чытання (вывучэнне апошняй пазіцыі пачалося з 2000 г.).

4 У межах даследавання PISA граматнасць чытання разумеецца ў шырокім сэнсе — як «здольнасць вучняў да асэнсавання тэкстаў рознага зместу і фармату і рэфлексіі на іх, а таксама да выкарыстання прачытанага ў розных жыццёвых сітуацыях» [14].

 

Новыя фарматы чытання змяняюць не толькі само чытанне, але і істотным чынам уплываюць на фарматы бытавання тэксту.

Жанравая сістэма айчыннай літаратуры адмысловым чынам пачала рэагаваць на гэта яшчэ ў 1990-х гадах: ужо тады стала заўважнай перавага ў агульнай жанравай структуры мастацкай славеснасці малых і мініяцюрных форм, прычым не толькі ў прозе ды паэзіі, але і ў крытыцы.

У межах розных родаў літаратуры «мініяцюрызацыя» жанравай сістэмы мае свае асаблівасці. Так, у эпасе, дзе раман быў выцеснены на перыферыю аўтарскіх інтарэсаў жанрамі малой (апавяданне, навела) і мініпрозы (абразкі, імпрэсіі, зацемкі, фрэскі і г.д.), яна спалучалася з фрагментарызацыяй тэксту, што спарадзіла шэраг жанравых эксперыментаў (згадаем «Адама Клакоцкага і ягоныя цені. Раман у 10-ці эпізодах» (2001) І. Бабкова, «Рэканструкцыю неба. Раман у дэталях» (2002) В. Гапеевай, «Арфаграфію без правілаў. Караценькі раман-агапэ» (2008) Н. Старавойтавай і інш.).

У лірыцы тэндэнцыя да мініяцюрызацыі спалучана з празаізацыяй. На ўзроўні зместу апошняя выявілася ў легітымацыі рэчаў, з’яў, падзей, што ў нядаўнім часе ўспрымаліся як брутальныя альбо нават антыэстэтычныя (найбольш ярка гэта адлюстравана ў зборніках вершаў А. Хадановіча, З. Вішнёва, С. Прылуцкага, В. Жыбуля і інш.). У плане формы наступствам стала «вызваленне» паэтычнага тэксту ад рыфмы і агульная верлібрызацыя паэтычнага маўлення. Для ліраэпасу мініцюярызацыя азначае рэзкае скарачэнне прысутнасці жанру паэмы ў айчыннай літаратурнай прасторы, а таксама відавочнае сцяжэнне, рэдукцыю эпічнага складніка балады. Важкія наступствы мініяцюрызацыя мае і для для жанравага спектра беларускай крытыкі — у выглядзе фактычнага знікнення з бягучай крытыкі жанраў аналітычнага і аглядавага артыкула, а таксама рэдукцыі рэцэнзіі да інфармацыйнай нататкі ці анатацыі.

Наступствы мініяцюрызацыі жанравай сістэмы для літаратуры з дамінаваннем класічнага тыпу творчасці могуць быць больш важкімі, чым падаецца на першы погляд. Аднак здольнасць беларускага мастацтва слова да самаарганізацыіі і самарэгэнерацыі ўтрымлівае магчымасці для пераадолення згаданых наступстваў. Яскравым аргументам на карысць гэтага нам падаецца з’яўленне ў 2007 г. твора Л. Рублеўскай «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію». Гэты твор у змястоўна-сэнсавым плане ёсць мастацкім даследаваннем гісторыі выжывання беларушчыны як нацыянальнай ідэі падчас рэпрэсій 1920-х — 1930-х гг. Традыцыйная аксіялагічная важкасць згаданай праблематыкі ўвасабляецца аўтарам у жанры «рамана-інструкцыі». Кампазіцыйна ён выбудаваны як своеасаблівы квест, што складаецца з набораў нумараваных элементаў: «Удзельнік…» (іх 5), «Абсталяванне для гульні», «Гульня» (6 «версій»), «Па-за гульнёй» (8 «фрагментаў»), «Фінальная гульня» (2 «варыянты»), «Эпілог» (5 «камбінацый»). Героі-гульцы «фізічна» перамяшчаюцца з Мінска 2000-х у Менск 1933 г. праз своеасаблівы прагал у часепрасторы. Размешчаны ў інтэрнэце5, твор набывае ўласцівасці сапраўднага гіпертэксту, у межах якога карыстальнік можа абіраць сваю траекторыю «Гульні ў Альбарутэнію», канструяваць сюжэт з розных камбінацый фрагментаў, вызначаць фінал і г. д. Аўтар звяртаецца да гульнёвага арсенала постмадэрнісцкай літаратуры, актуалізуе асобныя жанрава-стылявыя кампаненты гатычнага рамана, скарыстоўвае некаторыя прыёмы з рэпертуару фэнтэзі, дэтэктыва, меладрамы. У выніку маем узор удалай трансфармацыі жанравай формы рамана ў адказ на выклікі новай інфармацыйнай рэальнасці. Пры гэтым аўтару ўдалося напоўніцу скарыстаць змястоўны патэнцыял рамана як формы вялікага эпасу і закадзіраваць анталагічна важныя для нацыянальнай традыцыі каштоўнасці, ідэі, канцэпты ў асобаснай мастацкай версіі агульнабеларускай гісторыі.

 

5 Гл., напрыклад, тэкст рамана, размешчаны на сайце «Родныя вобразы»: http://rv-blr.com/litaratura/view/2143.

 

2.3. Ацэначна-рэфлексійны ўзровень найноўшай літаратуры ў сэнсе кампанентнага складу больш разнастайны, чым два-тры дзесяцігоддзі таму: да літаратурнай крытыкі (прафесійнай і пісьменніцкай), чытацкіх водгукаў, публікацый у неспецыялізаваных СМІ ў ХХІ ст. далучаецца літаратурная журналістыка як адметная з’ява, пры гэтым пашыраецца спектр форм і суб’ектаў уласна крытычнай дзейнасці.

Як вядома, камп’ютарныя сеткі «індывідуалізуюць камунікацыю і робяць яе інтэрактыўнай» [1, с. 140]. Адной з відавочных тэндэнцый беларускага літаратурнага працэсу 2000-х — 2010-х гг. стала перамяшчэнне ў інтэрнэт і дыскусій пра беларускую крытыку, і аператыўнага крытычнага працэсу. Мы з’яўляемся сведкамі фарміравання не толькі сеціўнай крытыкі як новага складніка літаратурнага працэсу, але і карыстальніцкай крытыкі як новай сілы (суб’екта) гэтага працэсу.

Варта мець на ўвазе складаныя варункі, у якіх апынулася беларуская крытыка напачатаку ХХІ ст. У гэты час пануе спецыфічная (негатыўная) атмасфернасць успрымання айчыннай крытыкі ў літаратурнай і калялітаратурнай прасторы. Сувязі ўнутры тандэма «крытыка — літаратуразнаўства» відавочна аслабіліся, што яшчэ больш ускладняецца дэмаграфічным калапсам як вынікам  «міграцыі» крытыкаў у літаратуразнаўства. Крытыка перажывае рэпутацыйны крызіс на фоне агульнай функцыянальнай разгубленасці. Вышэй мы ўжо згадвалі пра неспрыяльныя для прафесійнай крытыкі трансфармацыі жанрава-стылявой сістэмы ў новай інфармацыйнай рэальнасці. Калі экспертная (прафесійная) крытыка аддае перавагу праблемным артыкулам (палемічнага, аналітычнага, аглядавага кшталту), літаратурным партрэтам, літаратурна-крытычным эсэ, рэцэнзіям, то літаратурная журналістыка рэалізуецца ў формах рэкламнай нататкі, эсэізаванай анатацыі, скетча па матывах калялітаратурнага жыцця. Новая інфармацыйная рэальнасць вымагае ад крытыкі да рэдукавання традыцыйных жанраў з адначасовым квантаваннем тэксту — падзелам яго на невялікія фрагменты. Пры гэтым крытычны дыскурс татальна эсэізуецца — на ўзроўні метадалогіі, інструментарыя, тэхнікі пісьма. Асобным жанрам крытычнай творчасці становіцца віртуальная асоба. Прычым калі гаварыць пра карыстальніцкую крытыку, то галоўнымі параметрамі гэтага «высокатэхналагічнага» жанру становяцца:

— імгненнасць (як версія аператыўнасці традыцыйнай крытыкі);

— інтэнсіўнасць (колькасная агрэсія);

— суб’ектывізм (адрозны ад суб’ектыўнасці як іманентнай уласцівасці любога меркавання ў гуманітарным дыскурсе);

— правакатыўнасць (у процівагу арыентаванасці экспертнай крытыкі на верагоднаснасць, аргументаванасць выказвання);

— інтэрактыўнасць (шматвектарная зваротная сувязь паміж іншымі крытыкамі-карыстальнікамі, пісьменнікамі, чытачамі інтэрнэт-допісаў).

Відавочна, што (у адрозненне ад прафесійнай крытыкі) ідэальна супадаюць з чаканнямі і прыярытэтымі новай інфармацыйнай рэальнасці якраз карыстальніцкая крытыка і літаратурная журналістыка (нацэленая на мінімальную аналітычнасць пры максімальнай суб’ектывізацыі ацэнкі).

З улікам згаданых абставін ужо зараз даволі выразна акрэсліваюцца пазіцыі, па якіх становішча крытыкі ў новай інфармацыйнай рэальнасці будзе толькі абвастрацца. Так, перанос інтарэсу з традыцыйных форм прадстаўлення літаратурнага твора як культурнага прадукта на эфектыўныя з пункту гледжання інфармацыйнай эканомікі абумоўлівае рызыку нефункцыянальнасці экспертнай (прафесійнай) крытыкі, а таксама звязаную з гэтай рызыкай пагрозу татальнай «прафанацыі» крытычных ацэнак — усталяванне дыктату прафаннай ацэнкі літаратурных з’яў.

Магчымасць пераадолення гэтых пагроз звязваецца намі, па-першае, з развіццём сеціўнай крытыкі; па другое, са стратыфікацыяй — пашырэннем відавой разнастайнасці. Побач з прафесійнай крытыкай будуць функцыянаваць карыстальніцкая крытыка і літаратурная журналістыка. Аднак неабходна забеспечыць належны ўзровень развіцця экспертнай крытыкі — як структураўтваральнага кампанента ацэначна-рэфлексійнага ўзроўню мастацкай літаратуры. Крытыка будзе змушана актывізаваць пошукі новых стратэгій уплывовасці. Напрыклад, у сітуацыі памнажэння культурнай (у тым ліку літаратурна-мастацкай) разнастайнасці можна звярнуцца да стратэгій так званага складанаснага мыслення (М. Кастэльс), здольнага выпрацаваць метадалогію разумення разнастайнасці і метамову для апісання гэтай разнастайнасці.

Такім чынам, асаблівасці развіцця беларускай літаратуры ў інфармацыйным грамадстве абумоўліваюцца як параметрамі новай інфармацыйнай рэальнасці, так і прыналежнасцю айчыннай мастацкай славеснасці да літаратур з дамінаваннем класічнага тыпу творчасці. Ужо напачатку ХХІ ст. найноўшае прыгожае пісьменства сутыкаецца з рознаўзроўневымі рызыкамі, пазалітаратурнага і ўнутрылітаратурнага кшталту. «Сімфанічны» характар іх узаемадзеянняў і ўзаемаўплываў прадвызначае міждысцыплінарную метадалогію апісання і аналізу праблемы. Пры даследаванні рызык экзагеннага кшталту асабліва плённым падаецца зварот да прац М. Маклюэна, М. Кастэльса, Э. Тофлера, іншых філосафаў, сацыёлагаў, культуролагаў, антраполагаў, што займаюцца даследаваннем постіндустрыяльнай цывілізацыі. Аналіз уплываў новай інфармацыйнай рэальнасці на розныя ўзроўні нацыянальнай літаратуры як мастацкай сістэмы (аксіялагічны, змястоўна-сэнсавы, жанрава-стылявы, ацэначна-рэфлексійны) вымагае звароту да шырокага спектра айчынных і замежных гісторыка- і тэарэтыка-літаратурных даследаванняў. Урэшце, ключавая пазіцыя пры разглядзе перспектыў развіцця нацыянальнай літаратуры ў інфармацыйным грамадстве звязана з разуменнем адпаведных рызык як «рэзервуара магчымасцей» для іх пераадолення.

 

 

Спіс літаратуры

 

1. Уэбстер, Ф. Теории информационного общества / Ф. Уэбстер; пер. с англ. М. В. Арапова, Н. В. Малыхиной; под ред. Е. Л. Вартановой. — М. : Аспект Пресс, 2004. — 400 с.

2. Иноземцев, В. Л. Современное постиндустриальное общество: природа, противоречия, перспективы: учеб. пособие для студентов вузов / В. Л. Иноземцев. — Москва: Логос, 2000 — 304 с. [Электронный ресурс] Электронная библиотека по философии http://filosof.historic.ru. — Режим доступа: http://filosof.historic.ru/books/item/f00/s00/z0000946/index.shtml. — Дата доступа: 22.09.2016.

3. Кастельс, М. Информационная эпоха: экономика, общество и культура; пер. с англ. под науч. ред. О. И. Шкаратана / М. Кастельс [Электронный ресурс] Библиотека Гумер: http://www.gumer.info. — Режим доступа: http://www.gumer.info/bibliotek_Buks/Polit/kastel/index.php. — Дата доступа: 23.09.2016.

4. Шаўлякова-Барзенка,  І. Л. «Утылітарная аксіялогія»: беларуская літаратура канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў у рэтраперспектыве тыпаў літаратурнай творчасці / І. Л. Шаўлякова-Барзенка // Науковий вісник Волинського національного універсітету імені Лесі Украïнки. Філологічні наукі. Літературознавство. — Луцьк, 2010. — № 11. — С. 280—284.

5. Шаўлякова-Барзенка, І. Л. Аксіялогія пераходнасці: парадокс як заканамернасць развіцця беларускай літаратуры пачатку ХХІ ст. / І. Л. Шаўлякова-Барзенка // Міжнародныя Шамякінскія чытанні «Пісьменнік — Асоба — Час» : матэрыялы ІІІ Міжнар. навук.-практ. канф., Мазыр, 27 верасня 2013 г. / УА МДПУ імя І. П. Шамякіна ; рэдкал.: А. У. Сузько (адк. рэд.) [і інш.]. — Мазыр, 2013. — С. 72—76.

6. Тоффлер, Э. Третья волна / Э. Тоффлер [Электронный ресурс] Библиотека Гумер: http://www.gumer.info. — Режим доступа: http://www.gumer.info/bibliotek_Buks/Culture/Toffler/_Index.php. — Дата доступа: 10.09.2016.

7. Андрианова, Т. В. Культура и технология / Т. В. Андрианова. — М. : ИНИОН, РАН. — 1998. — 120 с.

8 Черняк, М. А. Массовая литература конца ХХ — начала ХХI века: технология или поэтика? / М. А. Черняк // Филологический класс. — 2008. — № 20. — С. 4—11.

9. Гарипова, Г. Т. Логика и динамика развития русского литературного процесса конца ХХ — начала ХХI века: тенденции и перспективы / Г. Т. Гарипова // Вестник Челябинского государственного университета. — 2013. — № 20 (311). — Филология. Искусствоведение. — Вып. 79. — С. 36—40.

10. Кривохатько, Н. И. Ввертикальное мышление. Наброски к методологии системно-физического познания / Н. И. Кривохатько [Электронный ресурс] http://sfkm.inf.ua/wm_title.htm. — Режим доступа: http://sfkm.inf.ua/wm_glava6_flukt_razvit.htm.  — Дата доступа: 22.09.2016.

11. Черняк, М. А. Массовая литература ХХ века: учеб. пособие / М. А. Черняк. — 4-е изд., стер. — М. : Флинта, 2013 [Электронный ресурс] Электронная библиотека iknigi.net, 2013-2016. — Режим доступа: http://iknigi.net/avtor-mariya-chernyak/79914-massovaya-literatura-xx-veka-uchebnoe-posobie-mariya-chernyak.html. — Дата доступа: 23.09.2016.

12. Кучумова, Г. В. Роман в системе культурных парадигм (на материале немецкоязычного романа 1980 — 2000 гг. / Г. В. Кучумова [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://cheloveknauka.com/roman-v-sisteme-kulturnyh-paradigm. — Дата доступа: 20.02.2015.

13. Сінькова, Л. Д. Тэрміны «паскоранасць», «паскоранае развіццё» ў апісаннях славянскіх і неславянскіх літаратур / Л. Д. Сінькова // Мовазнаўства. Літаратура. Культуралогія. Фалькларыстыка: ХІІІ Міжнар. з’езд славістаў (Любляна, 2003): Дакл. бел. дэлегацыі / НАН Беларусі. Беларускі камітэт славістаў. — Мінск : Бел. навука, 2003. — С. 388—399.

14. Центр оценки качества образования ИСРО РАО. Programme for International Student Assessment: Monitoring Knowledge and Skills in the New Millennium PISA 2000 [Электронный ресурс]: Министерство образования и науки Российской Федерации. Институт стратегии развития образования Российской академии образования. Центр оценки качества образования. — Режим доступа: http://www.centeroko.ru/pisa/pisa_res.htm. — Дата доступа: 12.09.2016.

 

Артыкул паступіў у рэдакцыю 11 кастрычніка 2016 года.

 

Ірына ШАЎЛЯКОВА-БАРЗЕНКА

 

Беларуская літаратура ў інфармацыйным грамадстве: пагрозы як гарантыя перспектыў

 

Адным з ключавых параметраў інфармацыйнага грамадства з’яўляецца фарміраванне новай інфармацыйнай рэальнасці. Найноўшая беларуская літаратура ў гэтай сістэме каардынат сутыкаецца з рызыкамі (пагрозамі), якія могуць быць іерархізаваныя ў залежнасці ад характару і маштабу ўплывовасці. Экзагенныя рызыкі выяўляюцца ў кантэкстах глабальнага і лакальнага сацыякультурнага развіцця. Істотны ўплыў новай інфармацыйнай рэальнасці адчуваюць розныя ўзроўні нацыянальнай літаратуры як мастацкай сістэмы (аксіялагічны, змястоўна-сэнсавы, жанрава-стылявы, ацэначна-рэфлексійны). У артыкуле прапануецца разглядаць пазалітаратурныя і ўнутрылітаратурныя пагрозы як феномен, што ўтрымлівае і шырокія перспектывы для развіцця нацыянальнага мастацтва слова.

Ключавыя словы: беларуская літаратура, інфармацыйнае грамадства, новая інфармацыйная рэальнасць, рызыкі (пагрозы), мастацкая сістэма.

 

Iryna Shauliakova-Barzenka

 

The Belarusian literature in the information society: threats as a guarantee of the prospects

 

A key feature of the information society is the formation of new information reality. In this area contemporary Belarusian is faced with the complex of the risks (threats). These risks can be represented hierarchically, depending on the genesis and the scale of influence. Exogenous risks manifest themselves in the context of global and the context of local social and cultural development. If we consider the national literature as the art system, we will be able to notice a significant impact that the new information reality has on different levels of this system (axiological, conceptual, and semantic, genre and style, assessment and reflexive). External and internal threats are considered as a complicated phenomenon that contains broad prospects for development of the Belarusian literature.

Keywords: Belarusian literature, information society, new information reality, the risks (threats), art system.

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.