Вы тут

Мікаіл Мушвіг. Зіхацець бліскучай стралою


Зоркі

 

У нябесным кветніку агней жывых

Вы казачна гарыце, быццам макі.

Раманс вачэй спяваеце услых,

Кахання і пяшчоты дзіўнай знакі.

 

Гляджу з зямлі ў далеч туманоў,

А вы ў адказ глядзіце жарсна, палка.

І слёзы на вачах маіх ізноў —

Не разгадаць складаную загадку…

 

Што між каханай паўстае і мной.

Адно адному мы шчэ не знаёмы.

Ды сэрцы блізка. Ад мілосці стома.

 

Ды сэрцы блізка! То не ёсць гульнёй.

І хай адлегласць гэта застаецца —

Тваім святлом я буду вечна грэцца!

 

 

Лань

 

Не хадзі па вострых скалах, не хадзі —

На каменнях ногі зраніш, лань мая!

Закаханы я, не бойся, падыдзі.

З ясным позіркам дрыготкім, лань мая!

 

Ты пужліва аглядаешся вакол,

І душа мая ахоплена агнём.

Квет вачэй тваіх буяе з кожным днём.

Быццам смелыя струмені, лань мая!

 

Я вандроўнік. І захоплены красой.

Хай ніколі не хварэць табе журбой!

Я па скалах вострых за табой

У трывозе паімчуся, лань мая!

 

 

Сонца і позірк

 

Усюды снег і люты холад вечны,

Палохае пад лёдам чысціня.

І песня ветру кожны зімні вечар

Заглушыць зноў ўсе фарбы-гукі дня.

 

Ўсё сціхла і як быццам анямела —

Бліжэй, бліжэй залётная вясна.

Хачу, каб далеч гор зазелянела

І жменяй кветак сталася яна!

 

Рукою сонца скіне снег імгненна,

І запульсуюць хуткіх рэчак вены

Ў падзяку сонцу, небу, цеплыні.

 

Таксама ажываю я з табою

Пад ветлым позіркам пяшчотнаю вясною.

Як наша шчасце свеціцца, зірні!

 

 

* * *

Маўкліва мой тар вісіць на сцяне

І быццам бы чуе, як роспачна мне.

Няўжо яго струны зусім анямелі?

 

Як раней, аздоба на сонцы зіхціць,

Душа перламутравым бляскам дрыжыць,

Не веру, што песні яго адгрымелі.

 

Каханая позна з працы прыйшла

І тар у самоце ціхмянай знайшла.

Бярэ медыятар і кратае струны.

 

Жыццё наша — вернасць,

                            нам жыць ў барацьбе,

Маўчаць не да твару ні мне, ні табе,

Надзейны мой тар, старажытны і юны!

 

З азербайджанскай. Пераклад Юліі АЛЕЙЧАНКІ.

 

 

* * *

Я люблю вас, аблокі, калі нада мною

Вы павольнаю плывеце даўгой чарадою;

Нават неба, што мёртвым было да той хвілі,

Са з’яўленнем вы ў момант адзін ажывілі.

 

Я ніякай патрэбы, разліку не маю,

Але рукі чамусьці да вас выцягаю.

Што вам толку ў вандроўцы без ціхай мінуты?

Што вас гоніць кудысьці? Надзея? Пакуты?

 

Ах, аблокі, аблокі, аблокі, аблокі,

Крутагрывы сусвет ваш высокі, далёкі;

Быццам конніца на феерычным парадзе,

Вы ляціце, знікаючы на даляглядзе…

 

Саштурхоўвае вецер вас, зноў разганяе,

Серабрыстая ваша тканіна ліняе,

Распаўзаецца на шаўкавістыя ніткі —

І зноў вецер штурхае вас, рэзкі і брыдкі…

 

Пралятаюць над безданню гордыя крылы,

Цьмяна-ржавы метал нібы казачнай сілы…

Што чакае вас там, у далёкай краіне?

Але зноў калі смутак на вас так нахлыне

 

І саб’ецеся раптам з дарогі жаданай,

Аб маёй нагадаеце зноўку каханай.

Эх, юнацтва крыніца, запал сакаліны,

Ты не хочаш задумлівай слухаць быліны?

 

Дні ідуць — а я песні складаю заўзята…

Мае верныя будні працоўнага свята,

Калі ўсмешку аблокам я шлю на вітанне

І ў свой сшытак ізноў напішу пра каханне.

 

Я не воблака ў небе, не ветру забава!

Іншы лёс мой і іншая трэба мне слава:

Я хачу, як маланка, бліскучай стралою

Зіхацець над аблокаў вялізнай гурмою.

 

 

* * *

Высокі я абраў сабе маршрут —

Пад’ём і барацьба, не зацісканне ў кут.

І добра жыць і марыць мне тады,

Як бачу справе я сваёй адданасць.

Плён ў працы дорыць чалавеку радасць!

Я малады, я мару, што святло спаткаю.

Як месяц ясны, ты, паэзія світання!

Я толькі распускаю ветразь белы.

І хай імчыцца нескароны, смелы!

 

 

* * *

А без свабоды сэнс які ў жыцці?

Без зорак ноч — не бачна, як ісці.

Культура без свабоды — пустацвет,

І жыць не можа без яе паэт.

 

З азербайджанскай. Пераклад Адама ШОСТАКА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?