Вы тут

Каго ў Тамашоўскім сельсавеце вызвалілі ад збору па Дэкрэце №3?


Паведамленні аб неабходнасці заплаціць збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў былі накіраваны 130 жыхарам Тамашоўскага сельсавета Брэсцкага раёна. Як паведаміла старшыня сельвыканкама Алена БУРАК, з іх паўдзясятка былі памылковымі. Напрыклад, дакумент атрымала дзяўчына, якая вучыцца на шостым курсе медыцынскага ўніверсітэта, таксама хлопец, які служыў у арміі, і жанчына, што некалькі гадоў бесперапынна працуе. Механічныя памылкі былі выпраўлены лёгка, пра агрэхі паведамілі ў падатковую інспекцыю.


Мясцовы орган улады не можа вызваліць ад плацяжу, а вось парэкамендаваць гэта зрабіць раённай камісіі, дапамагчы грамадзяніну сабраць дакументы, падказаць чалавеку, куды звярнуцца, — у кампетэнцыі сельскага Савета. У Тамашоўцы знайшліся людзі, якія працяглы час даглядалі хворых сваякоў, таму не маглі працаваць ва ўказаны тэрмін.

— Стан здароўя хворых альбо інвалідаў таксама бывае розным. У адным выпадку догляд можна сумяшчаць з працай, у другім — не, — разважае Алена Іванаўна. — Пасля кожнага звароту мы выязджалі і разбіраліся на месцы. Так, напрыклад, унук даглядаў бабулю з анкалагічным захворваннем. Там склалася сітуацыя, калі пры хворай трэба было знаходзіцца ўвесь час. І гэты прыклад не адзінкавы. У асноўным з прычыны догляду хворых родных раённая камісія ўжо вызваліла ад аплаты поўнасцю ці часткова 13 чалавек з вёсак нашага сельсавета.

У ходзе праверак спецыялісты сельвыканкама выявілі і такія прыклады, якія патрабуюць умяшання заканадаўцаў. Скажам, жонка афіцэра-пагранічніка, знаходзячыся фактычна ў лесе, аб'ектыўна не можа знайсці сабе работу. А паводле цяперашніх нормаў, няма падстаў вызваліць яе ад аплаты. Такі радок варта дапісаць у нарматыўныя дакументы, лічаць у сельсавеце. Ды і некаторыя вясковыя жыхары ў пэўны перыяд не маглі знайсці работу. Да падобных зваротаў таксама трэба паставіцца ўважліва.

А вось большасць з тых, хто атрымаў лісты з падатковай, павінны плаціць збор. Рэч у тым, што Тамашоўскі сельсавет знаходзіцца на мяжы з дзвюма дзяржавамі — Украіны і Польшчы. Раней, калі ва Украіну доступ па лясных дарогах быў фактычна бесперашкодным, тут сфарміравалася праслойка вяскоўцаў, якія ніколі не працавалі, а жылі вельмі нават прыстойна. У іх адбудаваны добрыя дамы, ёсць нятанныя машыны, стабільны дабрабыт у сям'і. Можна толькі здагадвацца пра крыніцы. Зараз, пасля дэмаркацыі мяжы, гэтыя людзі пераключыліся на легальныя паездкі ў суседнія краіны і займаюцца малым бізнесам. Яны карыстаюцца ўсімі сацыяльнымі выгодамі, атрымліваюць даход, яны і павінны плаціць падаткі. Некаторыя ўжо і заплацілі, — паведамілі ў мясцовым органе ўлады.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda@by

Загаловак у газеце: Адны не маглі працаваць, другія не хацелі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.