Вы тут

За кошт чаго выжывае прыдарожны сэрвіс?


Сёння прыдарожная сетка развіваецца згодна з Указам «Аб мерах па развіцці прыдарожнага сэрвісу» ад 2008 года, а таксама адпаведна генеральнай схеме развіцця на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах. З моманту падпісання ўказа прайшло ўжо дзевяць гадоў. І побач з абласнымі цэнтрамі прыдарожны сэрвіс цяпер развіты на высокім узроўні. Аднак як ідуць справы ў раёнах, далёкіх ад буйных гарадоў? Наш карэспандэнт паспрабаваў высветліць гэта на прыкладзе трасы М1, вядомай у народзе як «Алімпійка».


Сакрэт фірмы

Баранавіцкі раён знаходзіцца практычна пасярэдзіне паміж беларускай сталіцай і Брэстам. Участак трасы М1 тут складае 71 кіламетр. Усяго на ім размяшчаецца 8 аб'ектаў грамадскага харчавання — прыкладна адна ўстанова на кожныя 9 кіламетраў. Кіраўнік аддзела эканомікі Баранавіцкага раённага выканаўчага камітэта Алена БЯГЕЗА лічыць, што сітуацыя з прыдарожным сэрвісам у рэгіёне стабільная, і кіроўцы на працягу гэтага адрэзку маюць дастатковую колькасць кафэ.

«Яшчэ ў 2007 годзе мы праехалі па трасе і вызначылі месцы, дзе неабходна пабудаваць пункты харчавання, запраўкі. І на сённяшні дзень усе выдзеленыя тады пляцоўкі выкарыстоўваюцца па прызначэнні — гэта значыць, аб'екты на іх пабудаваны і функцыянуюць. Сёння ў нас ёсць толькі адна свабодная пляцоўка, якая знаходзіцца каля зубра (скульптура недалёка ад вёскі Петкавічы), і мы прапануем яе інвестару. Пакуль на яе няма пакупніка, аднак калі ўзнікне зацікаўленасць, то гэтую зямлю можна будзе атрымаць без аўкцыёну. Патэнцыяльнаму інвестару мы растлумачым усе магчымыя льготы і дапаможам выбраць найлепшы варыянт для рэалізацыі бізнесу».

На думку Алены Бягезы, паспяховасць работы прыдарожнай сеткі раёна звязана з блізкім размяшчэннем ад Баранавіч. «Мала таго, што аб'екты выкарыстоўваюцца як прыдарожны сэрвіс, таксама яны запатрабаваныя ў выхадныя і гараджанамі. У нас сапраўды прыгожыя пляцоўкі, на якіх можна добра адпачыць». Яшчэ адна прычына поспеху — гэта шматфункцыянальнасць такіх аб'ектаў. Заснавальнікі размяшчаюць іх побач, дзякуючы чаму наведвальнік можа атрымаць самыя розныя паслугі ў адным месцы. «Адзінкавы аб'ект, напрыклад, грамадскага харчавання не дае такой эфектыўнасці. У гэтым і заключаецца сакрэт: менавіта комплекс дапамагае зацікавіць вандроўніка. Каб побач былі СТА і гасцініца, крама і кафэ».

Мала турыстаў, шмат гараджан

Дырэктар прыдарожнай карчмы «Замак зубра» Наталля СЕРГЕЛЬ кажа, што грошы дазваляюць зарабляць буйныя мерапрыемствы, якія заказваюць жыхары Баранавіч, а таксама людзі з навакольных вёсак. Кафэ ратуюць банкеты і вяселлі, на якіх могуць замовіць каля 100 пасадачных месцаў. «Людзі, што праязджаюць міма, не далі б нам вялікай выручкі, — упэўнена Наталля. — Менавіта ўрачыстасці прыносяць асноўны даход». Таму блізкасць да населеных пунктаў сапраўды мае значэнне.

А колькасць падарожнікаў залежыць ад сезона, упэўнена Наталля. «Улетку, вядома, прыязджае значна больш людзей. А ў студзені спыняецца шмат расіян, якія едуць за мяжу. Цяпер бывае дваццаць, бывае трыццаць, а то і пятнаццаць кліентаў у дзень».

Абарот у звычайныя дні, калі ніякіх мерапрыемстваў няма, невялікі. На думку дырэктара карчмы, складана назваць нейкую адну прычыну, чаму выручка так моцна вагаецца. «Па-першае, у сувязі з складаным фінансавым становішчам у краіне пакупніцкая здольнасць падае і ў звычайнай краме, а што гаварыць пра рэстараны? Па-другое, мы знаходзімся ўсё-такі далёка ад горада». Але, нягледзячы на тое, што кафэ змяшчаецца наводшыбе і ўдалечыні ад заправак і крам, нават тут наведвальнікам прапаноўваюцца розныя паслугі. У будынку, напрыклад, месціцца міні-гатэль, у якім перыядычна спыняюцца вандроўнікі.

У адрозненне ад папярэдняга месца, побач з якім няма іншых прыдарожных пунктаў, насупраць кафэ «Стары сябар» ёсць яшчэ адно, а таксама аўтасэрвіс і магазін. «Вядома, тое, што мы размяшчаемся як бы ў комплексе, дапамагае прыцягнуць кліентаў, — кажа дырэктар «Старога сябра» Наталля ЛАТЫШАВА. — Таксама ў нас размяшчаецца турыстычна-інфармацыйны цэнтр, у якім можна набыць буклеты з інфармацыяй аб рэгіёне. Гэта прываблівае падарожнікаў». Акрамя таго, для прыцягнення кліентаў у кафэ актыўна выкарыстоўваюць прыемныя дробязі накшталт бясплатнага інтэрнэту.

«Найбольш прыбытковыя дні для нас — панядзелак, пятніца і субота», — адзначыла Наталля Латышава. На яе думку, найбольшая праблема прыдарожнага сэрвісу сёння — гэта малая колькасць кліентаў з ліку кіроўцаў і падарожнікаў, хоць траса М1 з'яўляецца дастаткова загружанай. Таму Наталля згодная з тым, што без банкетаў прыдарожным кафэ прыйшлося б вельмі цяжка. «Выключна ў якасці прыдарожнага сэрвісу зарабляць практычна немагчыма. Ратуе лета, бо ў нас у гэты час адкрываецца тэраса».

Уражанні падарожнікаў

А як ацэньваюць узровень прыдарожнага сэрвісу яго спажыўцы? Студэнтка Ганна ЯНКОВІЧ рэгулярна ездзіць з Мінска ў Пінск. Кіроўцы аўтобусаў пастаянна робяць санітарныя прыпынкі ў Баранавіцкім раёне. «Звычайна мы спыняемся побач з запраўкай за некалькі кіламетраў ад горада. Там жа ёсць кафэ-бар, у якім можна купіць усё неабходнае для дарогі, — ежу і сродкі гігіены». Прыпынкі недалёка ад Баранавіч робяцца таму, што горад знаходзіцца на паўдарозе ад Мінска.

На думку Ганны, мінусы прыдарожнага сэрвісу ў Баранавіцкім раёне сёння адсутнічаюць. «Мне камфортна ездзіць па гэтым маршруце. Хацелася б хіба пабольш крам уздоўж трасы, бо цэны ў кавярнях усё ж вышэйшыя, ды і асартымент меншы».

У цэлым узроўнем прыдарожнага сэрвісу на гэтым участку трасы задаволены і дальнабойшчыкі, аднак іх таксама турбуюць цэны. «Колькасць кафэ ўздоўж трасы М1 не выклікае пытанняў, — падкрэслівае дырэктар кампаніі-грузаперавозчыка «Гранд-Алвад» Аляксандр ГУЗАРЭВІЧ. — Але праблема ў тым, што для беларускіх дальнабойшчыкаў яны дарагія. Можа, для кіроўцаў-замежнікаў ці турыстаў цэны прымальныя».

Па словах Аляксандра, дальнабойшчыкі часцей спыняюцца на запраўках, дзе сёння таксама можна перакусіць і выпіць кавы. «Людзі жадаюць хутка заправіцца, падсілкавацца чым-небудзь — і паехаць далей. І цэны там больш даступныя», — кажа ён.

Сёння прыдарожны сэрвіс найбольш развіты каля адносна вялікіх гарадоў. Затое, напрыклад, у Стаўбцоўскім раёне, які знаходзіцца следам за Баранавіцкім у мінскім напрамку, уздоўж трасы практычна не засталося кафэ, якія працуюць. У мясцовым выканаўчым камітэце адказалі, што амаль усе прыдарожныя ўстановы, дзе можна было паесці, больш не функцыянуюць або «знаходзяцца на пераафармленні». Гэта значыць, што на ўчастку ў 38 кіламетраў кіроўцам няма дзе падсілкавацца, акрамя як на заправачных станцыях. Для параўнання: у Баранавічах жыве амаль 180 тысяч чалавек — гэта ў дзесяць разоў больш, чым насельніцтва Стоўбцаў. Выходзіць, што менавіта колькасць жыхароў найбліжэйшага горада, а не загружанасць трасы, вызначае прыбытковасць прыдарожнага кафэ.

Вось такі парадокс: установы адкрываліся для падарожнікаў, але рэальна трымаюцца за кошт гараджан. Кафэ працуюць, аднак без буйных мерапрыемстваў яны наўрад ці былі б рэнтабельнымі. Дый банкетаў не было б зусім, калі б пункты харчавання знаходзіліся далёка ад Баранавіч. А сапраўдны наплыў «падарожных кліентаў» бывае толькі летам.

Становішча звычайных кафэ ўскладняюць запраўкі, на якіх перакусіць можна танней. А менавіта на цэны ў першую чаргу звяртаюць увагу і кіроўцы, і пасажыры. Каб выйграваць канкурэнтную барацьбу, прыдарожным кафэ неабходна памяншаць кошт. Аднак ці гатовы ўласнікі пайсці на зніжэнне прыбыткаў? І ці застануцца іх установы пасля гэтага рэнтабельнымі? Што да заправак, то для іх грамадскае харчаванне — пабочны від дзейнасці, без якога яны ўсё адно мелі б грошы. Але ў любым выпадку неабходна прымаць нейкія захады, бо прыклад Стаўбцоўскага раёна паказвае, што цэлыя ўчасткі магістралі могуць застацца без аб'ектаў грамадскага харчавання наогул.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фо­та Ана­то­ля КЛЕ­ШЧУ­КА

Загаловак у газеце: Банкеты, турысты і дальнабойшчыкі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.