Вы тут

Як дапамагчы людзям з псіхічнымі захворваннямі перамагчы ізаляцыю?


Даследаванні паказваюць, што амаль палова апытаных кафедрай псіхалогіі БДУ рэспандэнтаў згодныя з тым, што псіхічна хворыя часцей учыняюць злачынствы, чым звычайныя людзі. 60 працэнтаў перакананыя, што хворыя часцей здзяйсняюць самазабойства, 90 працэнтаў ухваляюць прымусовую шпіталізацыю, 40 — абмежаванне правоў хворых, а 55 выказваюцца за прымусовы кантроль над нараджальнасцю сярод хворых. Пры гэтым мала хто знаёмы з галоўнымі сімптомамі душэўных хвароб, тым больш, ніхто не задумваецца, як жывецца людзям з псіхічнымі захворваннямі ў грамадстве, дзе адсутнічае паўнацэнная сістэма сацыяльнага суправаджэння.


У свеце адзначаецца рост колькасці людзей з псіхічнымі захворваннямі. Па прагнозах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, да 2020 года псіхічныя расстройствы акажуцца ў першай пяцёрцы хвароб, якія прыводзяць да страты працаздольнасці. На ўліку ў псіханеўралагічных арганізацыях Беларусі з дыягназамі псіхозу, шызафрэніі, разумовай адсталасці і іншымі — 107 тысяч чалавек, і гэта лічба таксама прырастае. Сучасная фармакатэрапія дазваляе хутка зняць прыступ, скараціць тэрмін шпіталізацыі, але... што далей? Добра, калі дома чакае хоць бы сваяк, які падтрымае, а калі раптам акажашся адзін? Значыць, поўная бездапаможнасць і ізаляцыя?

Якасць жыцця гэтых людзей застаецца вельмі нізкай, а прычына ў тым, што рэабілітацыя ў іх выпадку доўгі час была магчымай толькі ў межах псіхіятрычных устаноў Міністэрства аховы здароўя, крыху пазней — у аддзяленнях дзённага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дый тое — для тых, у каго ёсць інваліднасць. Але далёка не ўсе людзі з псіхічнымі захворваннямі атрымліваюць групу. Больш за тое, самі такія аддзяленні не маюць дастаткова рэсурсаў і не валодаюць рэабілітацыйнымі тэхналогіямі, якія адновяць здольнасць жыць і быць паўнавартаснымі членамі грамадства. Мясцовая, па месцы жыхарства, нефармальная падтрымка (праз сяброў, групы самадапамогі, валанцёраў, сацыяльныя сеткі) з'яўляецца, на думку замежных экспертаў, больш значнай і неабходнай, чым паслугі псіхіятрычных бальніц і ўстаноў закрытага тыпу. І затраты пры гэтым — істотна ніжэйшыя. Колькасць псіхіятрычных бальніц павінна скарачацца, а больш шырока трэба развіваць службу аховы псіхічнага здароўя па месцы жыхарства, у бальніцах агульнага профілю, ствараць невялікія таварыствы і абшчыны. Каб пасля выпіскі са стацыянара хворы не аказваўся сам-насам з адзінотай.

Псіхасацыяльная работа даўно атрымала ў свеце альтэрнатыўныя формы. Яе зачаткі ёсць ужо і ў нас. Напрыклад, такая міжнародная мадэль сацыяльнай службы, як Клубны дом. Гэтай мадэлі ўжо амаль 70 гадоў. Членства даступнае любому чалавеку з псіхічным захворваннем. Паспяховая апрабацыя мадэлі адбылася яшчэ ў 2011-м у Мінску пры фінансавай падтрымцы фонду «Акцыя-Чалавек» (Германія), што дазволіла Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў прыступіць да стварэння сеткі такіх дамоў па краіне.

У 2015-м асацыяцыі сацработнікаў і псіхатэрапеўтаў прыступілі да рэалізацыі праекта «Сацыяльная прастора для людзей з псіхічнымі праблемамі: грамадскі дыялог на рэспубліканскім узроўні і ў мясцовых таварыствах» (пры фінансавай падтрымцы Праграмы малых грантаў пасольства ЗША). Першай пляцоўкай у рэгіёнах быў абраны Брэст. Дзяржзаказчык — упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага гарвыканкама — за кошт сродкаў бюджэту дало субсідыі на вяртанне расходаў на заработную плату супрацоўнікаў, якія ажыццяўляюць сацыяльна-псіхалагічную падтрымку. Спецыялісты прайшлі стажыроўку ў сталіцы, адабралі для пачатку 7 чалавек з псіхічнымі захворваннямі, прыдумалі назву — «Калейдаскоп». Сёння членамі гэтага клуба з'яўляюцца ўжо 34 чалавекі (16 мужчын і 18 жанчын ва ўзросце 19—41 гадоў), 2 супрацоўнікі і 4 пастаянныя валанцёры.

— Клубны дом імкнецца дапамагчы членам уладкавацца на пасільную работу, удзельнічаць у адукацыйным працэсе, вырашыць пытанні з жыллём, палепшыць здароўе, атрымаць доступ да лепшых медпаслуг, скараціць колькасць шпіталізацый, а ў якасці дадатковага кампанента прадугледжана арганізацыя вольнага часу, — расказвае кіраўнік Клубнага дома «Калейдаскоп» Крысціна ХАВАНСКАЯ. — Дзень пачынаецца з рабочага сходу членаў клуба, на якім вырашаецца, хто ў якой секцыі і якую работу будзе выконваць. Кожны сам вырашае, ці будзе ён наогул што-небудзь сёння рабіць. За першы год работы мы садзейнічалі працаўладкаванню трох чалавек. Адзін з трэцяй групай інваліднасці быў уладкаваны адміністратарам у цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Ленінскага раёна Брэста, другі — без групы інваліднасці — стаў кур'ерам па раздачы лістовак у кантактным заапарку, трэці — з другой групай — падсобным рабочым на швейным прадпрыемстве. Аказваем інфармацыйную, псіхалагічную падтрымку сваякам...

«Калейдаскоп» — адзіная ў Брэсце ўстанова сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі людзей з псіхічнымі расстройствамі, якая знаходзіцца па-за межамі лячэбнай установы. А водгукі членаў клуба кажуць самі за сябе. Вось што кажа Таццяна: «Мне вельмі падабаецца Клубны дом «Калейдаскоп». Там вельмі весела. Знайшла сабе сяброў, сябровак, шмат чаму навучылася. Характар змяніўся. Шмат што робім. Ходзім у тэатры, кінатэатры, на выставы. Наведваем іншыя месцы і ўстановы. Арганізуем мерапрыемствы, гуляем. Я не шкадую аб тым, што прыйшла сюды».

Клубныя дамы паспяхова працуюць у 40 краінах свету. У нас яны паступова з'явяцца ва ўсіх абласных гарадах. На чарзе — Віцебск і Гродна. Хоць у ідэале, зразумела, такія структуры павінны быць як мінімум у кожным горадзе.

— Сёння мы кажам аб неабходнасці распрацоўкі Дзяржаўнай праграмы сацыяльнай падтрымкі людзей, якія пакутуюць ад псіхічных захворванняў, і вельмі важна, каб самі гэтыя людзі мелі магчымасць стаць экспертамі падчас распрацоўкі тых ці іншых мер, — зазначае выканаўчы дырэктар Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў Алена СТАНІСЛАЎЧЫК. — Акрамя таго, мы павінны больш актыўна прыцягваць да рэалізацыі рэабілітацыйных мер, развіцця сацыяльнай сферы наш прыватны сектар. Вядома, што ў Германіі работадаўцы зацікаўлены ў тым, каб браць на работу людзей з інваліднасцю, у процілеглым выпадку яны выплачваюць падатак, які ў сваю чаргу накіроўваецца на патрэбы такіх людзей. Нам гэта здаецца недасягальным, але варта ісці менавіта па такім шляху. Бо калі не прымаць дастатковых рэальных мер па арганізацыі сацыяльна-псіхалагічнай і працоўнай рэабілітацыі людзей з псіхічнымі захворваннямі, то мы рызыкуем вярнуцца ў той час, калі псіхічнае захворванне было праклёнам і пакараннем.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Работа для чалавека з псіхозам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?