Вы тут

Як правільна сеяць памідоры


У нашых кліматычных умовах залогам атрымання добрага ўраджаю таматаў з'яўляецца правільна вырашчаная расада

Пасеў насення і вырошчванне хатняй расады здаецца справай простай. Да першага няўдалага вопыту... Выгадаваць здаровую расаду сваімі рукамі даволі клапотна, але цалкам магчыма, калі ведаць некалькі сакрэтаў, выконваць асноўныя правілы і пазбягаць распаўсюджаных памылак.


У якую глебу?

Таматы да глебы пры іх пасеве зусім не патрабавальныя. Акрамя гэтага, расада, якая з'явіцца з насення, здольная перажыць нават нязначную засуху. Да таго ж яна не надта «пражэрлівая», ды і глеба з падвышанай кіслотнасцю ёй не страшная. Расада выдатна расце і ў грунце «хатняй вытворчасці» (звычайна з даданнем перагною, а таксама кампосту і суглінку), і ў пакупных варыянтах грунту (звычайна тарфяным), калі, вядома, зрабілі іх добрасумленна.

Звычайна прынята грунт, які рыхтуецца сваімі рукамі, прапарваць, а той, што з крамы, — не. Магчыма, так і варта паступаць, але толькі калі складаную тэхналогію вырошчвання расады памідораў вы будзеце выконваць на ўсе 100. І ў плане тэмпературы, правядзення падкормкі і асветленасці. Але ўсё гэта выканаць ідэальна ў рэальнасці складана, часам нават немагчыма. Дома расада звычайна пераносіць стрэс і, акрамя гэтага, можа падвяргацца нападкам нават даволі бяскрыўдных грыбкоў. Так што заўсёды прапарвайце любы грунт, няхай гэта будзе свой ці крамны. Горш ад такога прапарвання дакладна не будзе.

Як сеяць?

Сеяць памідоры на расаду можна з 10 па 25 лютага. У гэтыя тэрміны робяць пасеў сярэднярослых (120—180 см) і высакарослых сартоў для зашклёных і плёначных цяпліц. Насенне таматаў нізкарослых сартоў (50—70 см) для адкрытага грунту высейваюць на расаду пазней, з 1 па 20 сакавіка.

Перад пасевам насенне трэба на суткі замачыць у стымулятары росту, пасля гэтага высеяць у скрыначкі вышынёй 5—6 см. Зямлю перад пасевам неабходна праліць гарачым растворам марганцоўкі ружовага колеру.

Насенне сеем на глыбіню 1 см, адлегласць паміж разоркамі павінна быць 5 см.

Калі насенне памідораў досыць буйнае, то лепш за ўсё (ды і зручней) рабіць гэта з дапамогай пінцэта паштучна. Для гэтага насенне проста раскладваецца на папярэдне ўшчыльненую глебу (зноў жа з дапамогай пінцэта) дзесьці праз сантыметр. Прыгатуйце біркі, дзе будзе пазначана назва гатунку. Гэтымі біркамі трэба будзе пазначыць кожную з разорак. Калі насенне акуратна раскладзена ў разоркі, прысыпце іх глебай зверху. Гэты верхні пласт глебы пасля падсыпкі павінен быць 0,5—1 см. Пасля гэтага разоркі паліваюцца і накрываюцца плёнкай. Посуд, у які пасеялі насенне, павінен стаяць пры тэмпературы каля 20 градусаў. Калі ж усходы з'явяцца, то яго трэба будзе выставіць на падаконнік, а вось плёнку абавязкова зняць.

Што датычыцца працэсу пратручвання насення з мэтай пазбаўлення ад розных узбуджальнікаў раслінных хвароб, з пакупным гэта рабіць не варта, бо яно ўжо пратручана вытворцам. Калі ж вы вырошчваеце таматы, насенне якіх сабралі на сваім участку, то тады пратруціць яго трэба абавязкова. Робіцца гэта ў звычайнай марганцоўцы.

Раствор пры яе развядзенні павінен атрымацца цёмна-ружовы. Па часе працэс гэты працягваецца хвілін 30, пры гэтым насенне заварочваецца ў ватныя дыскі. Калі ж пратручванне завершыцца, то насенне трэба абавязкова старанна прамыць, і не ў адной вадзе, а ў некалькіх. Толькі тады яго можна будзе сеяць.

Да пікіроўкі не варта праводзіць ніякіх падкормак сеянцаў. Іх трэба толькі паліваць цёплай вадой праз кожныя 3—4 дні. Чакаем, калі яны падрастуць і дадуць 2 сапраўдныя лісточкі. Вось тады ўжо іх трэба будзе пікіраваць.

Як пікіраваць?

Нарэшце 2 лісточкаў на сеянцах дачакаліся — прыступаем да пікіроўкі. Пікіруем па адным і толькі ў індывідуальнае «жыллё». Пры гэтым заглыбляць іх трэба да ўзроўню семядольных лісточкаў. Пры правядзенні пікіроўкі ў глебу трэба будзе дадаць комплекснае мінеральнае ўгнаенне. Сталовую лыжку гэтай разнавіднасці ўгнаення на 5 літраў глебы. Альбо 3 сталовыя лыжкі спецыяльнага ўгнаення з прыгожай назвай «Сіньёр Памідор», якое прымяняецца пры пікіраванні таматаў.

Расада павінна знаходзіцца на самым халаднаватым і светлым месцы, дзе тэмпература днём складае 15—17 градусаў, а ўначы — 13—14 градусаў.

Рэгулярна паварочвайце расліны, каб яны выраслі роўнымі. Дужыя ўсходы пажадана паліваць як мага радзей для таго, каб расада не выцягвалася.

Ірына ТАМКОВІЧ

Загаловак у газеце: Сеем памідоры

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.