Вы тут

У мінскі пракат выйшаў "Рай" Канчалоўскага


Няма лепшай рэкамендацыі для прагляду фільма, чым узнагарода аднаго з найважнейшых міжнародных кінафестываляў. Таму я нагадаю, што ў мінскім пракаце да 1 сакавіка можна ўбачыць уладальніка “Сярэбранага льва” Венецыянскага кінафестывалю за найлепшую рэжысёрскую работу – фільм “Рай” Андрэя Канчалоўскага.


Чорна-белая карціна, у якой галоўная гераіня – руская эмігрантка з Парыжа – трапляе ў канцлагер. Можа, гэта прагучыць крамольна, але нямецкія канцлагеры – жыватворная тэма для кіно, і ў разумных руках канва апавядання можа вывесціся на неверагодныя ўзроўні. Тут фізічныя і душэўныя пакуты, пагадненні з сумленнем, мера чалавечай жорсткасці, пажыццёвыя “шрамы”, геройства і, нарэшце, як у фільме Канчалоўскага, дасягненне раю.

Звычайна такія карціны глядзіш з надрывам ці нават адчуваеш іх фізічнае ўздзеянне. “Выбар Сафі” Алана Пакулы, “Спіс Шындлера” Стывена Спілберга або “Сын Саула” Ласла Немеша – фільмы, якія не абмяжоўваюцца сценамі канцлагера, не спекулююць на знясіленых арыштантах і прымушаюць сэнсы разрастацца ўшыр і ўглыб. Прыкладна так і “Рай” – гэта фільм не пра жорсткую нацысцкую сістэму знішчэння. Наадварот, СС, у жорнах якога абвастраюцца праявы чалавечага, – толькі мерка. У “Раі” вы не адчуеце шчымлівага надрыву, не знойдзеце ўражальных для сытага грамадства жудасцяў, не ўбачыце гульні на жорсткасці. Карціна, хоць тут і фігуруе канцэнтрацыйны лагер і ўсё, што за ім стаіць, пераварочвае ўсе азначэнні і становіцца ў пэўным сэнсе філасофскай прытчай.

Героі Андрэя Канчалоўскага адрозніваюцца сваім разуменнем раю, але вынік з гэтага адзін: спрабуючы увасобіць рай на зямлі можна забыцца паклапаціцца пра рай божы. Тры персанажы – паліцэйскі, галоўная гераіня Вольга і закаханы ў яе афіцэр СС – паўстаюць на экране, простыя, у кашулях, без прыкрас. Для першага рай заключаны ў трывіяльных, збольшага эгаістычных, жаданнях. Для рускай арыстакраткі ён – у здольнасці ахвяраваць дзеля бліжняга. Трэці ў сваім вызначэнні следуе нацысцкім дактрынам і летуценна разважае пра стварэнне нямецкага раю на зямлі, апраўдваючы знішчэнне людзей.

У галоўнай ролі Андрэй Канчалоўскі зняў сваю жонку Юлію Высоцкую. Яе гераіню Вольгу, якая жыве ў Парыжы, арыштоўваюць за тое, што тая дапамагала хаваць яўрэйскіх дзяцей. Баючыся катаванняў, руская арыстакратка намякнула паліцэйскаму Жулю на магчымасць спаткання. Той зацікавіўся прапановай і здаецца, будучыня Вольгі можа быць вырашана найлепшым чынам. Толькі кожны з іх у выніку трапіў у сваё ўласнае пекла. Галоўная гераіня – у канцлагер. Тут яна сустрэла даўно закаханага ў яе нямецкага афіцэра Хельмута, які зноў жа можа выратаваць яе.

Галоўную цікавасць фільма выяўляе не шлях, якім гераіня можа аказацца на волі: гэта як раз становіцца фальшывай інтрыгай. Рэжысёр паказвае, як кардынальна ў нечалавечых умовах пераварочваюцца ролі і прыярытэты. На па вызначэнні адмоўных герояў дастаткова паглядзець пад іншым вуглом і акажацца, што адмоўнасць абумоўлена слабасцю альбо надзвычайнай перакананасцю, а станоўчая пакутніца Вольга ў пэўны момант можа “звар’яцець” і згадзіцца з нацысцкай ідэалогіяй. Паўсюль полюсы, нявызначанасць, супярэчлівасць, але ўсё гэта вядзе да іншага вымярэння.

Нехта вырашыў стварыць рай на зямлі, а пабудаваў пекла. Гэтае пекла заглушыла ў чалавеку нават інстынкты, што вымусіла рабіць дзіўныя – з пункту гледжання вызначэння героя – учынкі. Усё перавярнулася ў той час як рай толькі адзін і яму ў гэтым фільме таксама знойдзецца месца.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.