Вы тут

Мова ў бізнесе, рэкламе і царкве: што змянілася ў апошні час?


Якое месца рэальна займае беларуская мова ў сітуацыі дзяржаўнага дзвухмоўя? Ці трэба пашырыць яе выкарыстанне і ці ўсюды рэальна забяспечана выкананне нормаў дзяржаўнага двухмоўя, прапісанага ў Канстытуцыі?.. Над гэтымі і іншымі пытаннямі разважаюць навукоўцы з Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сёння, у Міжнародны дзень роднай мовы.


- Сёлета мы адзначаем 500-гадовы юбілей беларускага кнігадрукавання. Гэта вельмі важная падзея ў жыцці беларускага народа, бо наша пісьмовая традыцыя, як і дзяржаўнасць, бярэ свае вытокі яшчэ з X стагоддзя, з Полацкага княства, – адзначыў дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар КАПЫЛОЎ. – Так гістарычна склалася, што Беларусь стала незалежнай дзяржавай толькі ў канцы XX стагоддзя. На працягу 25-ці гадоў ідзе актыўнае будаўніцтва краіны, пошук эканамічнай мадэлі развіцця, нацыянальнай ідэі. Я лічу, што ў гэтых працэсах беларуская мова адыгрывае выключна важную ролю. Сусветны вопыт, асабліва вопыт Еўропы XX - пачатку ХХІ стагоддзя, паказвае, што ні адна дзяржава, якая набыла незалежнасць, не страціла сваю нацыянальную мову – больш за тое, нацыянальная мова стымулюе дзяржаўнасць і кансалідацыю грамадства... Сённяшняя моўная сітуацыя ў Беларусі змянілася. Калі раней вёска заставалася галоўнай захавальніцай мовы, то цяпер сельскае насельніцтва складае толькі 22% ад усёй колькасці. Вялікую надзею ў справе захавання мовы ўскладаем на моладзь: вырасла новае пакаленне, якое сталела ўжо ў незалежнай дзяржаве. Маладыя людзі ўсведамляюць не толькі неабходнасць вывучэння замежных моў, але і нацыянальнай. Варта адзначыць і ролю бізнэсу: становіцца не толькі модным, але і прэстыжным весці справы па-беларуску. Пашыраецца доля рэкламы на нацыянальнай мове. Мова прысутнічае і ў царкве, як у каталіцкай, так і ў праваслаўнай.

Важным у сённяшняй моўнай сітуацыі з’яўляецца і міжнародны аспект. Фактычна кожны год за межамі нашай краіны адкрываюцца цэнтры беларускай мовы і культуры.

Як адзначыў дырэктар Інстытута мовазнаўства, гэта адбываецца не толькі ў суседніх славянскіх краінах, такіх як Сербія, Польшча, не толькі на постсавецкай прасторы, напрыклад, у Азербайджане, але і ў далёкім замежжы – Германіі, Кітаі, Японіі. Сёння іспанскія студэнты пішуць вершы па-беларуску, баск працуе над доктарскай дысертацыяй па заходнепалескіх гаворках, японцы спяваюць беларускія песні. Кітай афармляе тавары, якія паступаюць у нашу краіну, на дзвюх дзяржаўных мовах (беларускай і рускай) – гэтак жа робяць Польшча і Украіна. Усё гэта сведчыць пра тое, што нашу краіну і нацыянальную мову паважаюць у свеце.

- Вопыт 25-гадовага існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь і практыка дзяржаўнага будаўніцтва паказваюць, што пашырэнне беларускай мовы ў асноўныя сферы ўжытку павінна грунтавацца на канстытуцыйным палажэнні аб дзяржаўным двухмоўі ў краіне і строгім выканнанні яго прынцыпаў, – адзначыў першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Аляксандр ЛУКАШАНЕЦ. – Сутнасць дзяржаўнага двухмоўя заключаецца, з аднаго боку, у безумоўным праве кожнага грамадзяніна карыстацца ў сваёй дзейнасці любой дзяржаўнай мовай, магчымасці атрымліваць любую інфармацыю (прававую, культурную, паўсядённую і г.д.) на любой дзяржаўнай мове. З другога боку, дзяржава ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь павінна рэальна забяспечыць гэтае права грамадзяніну. Менавіта таму ў сённяшніх умовах асаблівую актуальнасць набывае неабходнасць ажыццяўлення комплексу практычных мер, якія забяспечаць рэальнае пашырэнне беларускай мовы ў тыя сферы афіцыйнага ўжытку, дзе яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова краіны і мова тытульнай нацыі. Важнейшымі і надзённымі, безумоўна, трэба лічыць наступныя.

  • Падрыхтоўку, абмеркаванне і прыняцце ўсіх законаў Рэспублікі Беларусь, указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і іншых заканадаўчых актаў на абедзвюх дзяржаўных мовах і наданне ім аднолькавай законнай сілы. Ажыццяўленне гэтага палажэння дасць магчымасць кожнаму грамадзяніну атрымліваць неабходную прававую інфармацыю на прымальнай для яго мове.
  • Забеспячэнне дзяржаўных і іншых устаноў поўным камплектам афіцыйных бланкаў і форм, у тым ліку фінансавых, на абедзвюх дзяржаўных мовах. Практычнае ажыццяўленне гэтай умовы дае магчымасць кожнаму грамадзяніну карыстацца пісьмовай мовай ва ўсіх сферах сваёй дзейнасці.
  • Абавязковую наяўнасць неабходнай інфармацыі на харчовых, спажывецкіх і прамысловых таварах, лекавых прэпаратах, якія распаўсюджваюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, на дзяржаўных беларускай і рускай мовах. Гэты аспект сёння павінен разглядацца таксама і з пазіцый забеспячэння бяспекі жыцця грамадзяніна.

Аасаблівую актульнасць названай праблемы пацвярджае і абмеркаванне праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў" падчас "круглага стала" ў Палаце прадстаўнікоў (БелаПАН , 15.02.2017). У гэтай сувязі выклікае здзіўленне пазіцыя па гэтым пытанні начальніка ўпраўлення абароны права спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірыны Барышнікавай, якая лічыць, што "давядзенне інфармацыі аб тавары не толькі на рускай мове, але і на беларускай" з’яўляецца несвоечасовым. Узнікае пытанне, чаму дзяржаўны чыноўнік такога ўзроўню прысвойвае права вызначаць, якой мовай павінны карыстацца спажыўцы?

Яшчэ больш незразумелай з’яўляецца пазіцыя старшыні парламенцкай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Юрыя Дарагакупца, які лічыць, што нельга навязваць людзям, на якой мове размаўляць.

Згодна з такой логікай атрымліваецца, што выкарыстанне ў інфармацыі аб таварах дзвюх дзяржаўных моў (рускай і беларускай) з’яўляецца навязваннем мовы, а выкарыстанне толькі адной рускай – не? Відаць, у вырашэнні такіх важных пытанняў моўнага жыцця краіны неабходна кіравацца не асабістымі меркаваннямі, а строга прытрымлівацца заканадаўства краіны, прынцыпаў дзяржаўнага двухмоўя і палажэнняў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.

  • Забеспячэнне рэальнай двухмоўнай кампетэнцыі службовых асоб усіх узроўняў. Веданне дзяржаўных беларускай і рускай моў павінна стаць асноўным крытэрыем прафесійнай адпаведнасці займаемай пасадзе.
  • Забеспячэнне ў працэсе атрымання вышэйшай і спецыяльнай адукацыі дастатковай беларускамоўнай кампетэнцыі спецыялістаў, што будзе спрыяць выкарыстанню беларускай мовы ў прафесійнай дзейнасці. Асаблівую актуальнасць праблема набывае ў сферы падрыхтоўкі педагагічных кадраў, паколькі кожны настаўнік павінен быць падрыхтаваны да выкладання свайго вучэбнага прадмета на любой дзяржаўнай мове.
  • Увядзенне абавязковага тэсціравання па абедзвюх дзяржаўных мовах на выпускных выпрабаваннях для школьнікаў і ўступных экзаменах для абітурыентаў. Гэтая мера дазволіць істотна павысіць моўную (у тым ліку беларускамоўную) кампетэнцыю выпускнікоў школ і будзе садзейнічаць псіхалагічнаму камфорту асобы ў двухмоўным грамадстве.

Рэалізацыя гэтых і комплексу іншых мер дазволіць: а) забяспечыць выкананне прынцыпаў дзяржаўнага двухмоўя ў нашай краіне; б) рэалізаваць на практыцы права грамадзяніна на атрыманне інфармацыі на любой дзяржаўнай мове ў двухмоўным грамадстве; в) ажыццявіць магчымасць атрымання адукацыі на любой дзяржаўнай мове; г) павысіць беларукамоўную кампетэнцыю сучаснага беларускага грамадства; д) забяспечыць псіхалагічны камфорт грамадзяніна ў двухмоўным грамадстве; е) сфарміраваць пачуццё гонару асобы і годнасці нацыі; ж) умацаваць прэстыж Рэспублікі Беларусь як прававой дэмакратычнай дзяржавы, якая паважае свае нацыянальныя каштоўнасці і паспяхова інтэгруецца ў еўрапейскую і сусветную супольнасць, захоўваючы нацыянальную адметнасць.

Таксама навукоўцы звярнулі ўвагу на важнасць выкладання па-беларуску ў вышэйшых навучальных установах.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?