Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем аб завяршэнні рэгулярнага сезона чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі, трапляння БГК у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў і аб прэстыжнай прэміі, якую атрымала юная беларуская спартсменка.


1. Хакеісты мінскага «Дынама» завяршылі рэгулярны сезон КХЛ пройгрышам казанскаму «Ак Барсу» — 3:4. Па выніках 60 матчаў «зубры»набралі 105 ачкоў і занялі 5-е месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. У першым раўндзе плэй-оф Кубка Гагарына яны сустрэнуцца з яраслаўскім «Лакаматывам», які заняў 4-е месца. Першыя два паядынкі серыі да чатырох перамог мінчане правядуць 21 і 23 лютага ў Яраслаўлі, затым 25 і 27 лютага — на лёдзе «Мінск-Арэны». Калі пасля чатырох сустрэч не будзе вызначаны пераможца, то каманды 1 сакавіка зноў згуляюць у Яраслаўлі, затым, калі спатрэбіцца, 3 сакавіка — у Мінску, а 5 сакавіка — зноў у Яраслаўлі.

Нагадаем, «Дынама» і «Лакаматыў» сустракаліся ў першым крузе плэй-оф у 2011 годзе і тады ва ўпартай барацьбе серыю выйгралі яраслаўцы — 4:3.

Пераможцам рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі трэці раз запар стаў маскоўскі ЦСКА, сапернікам якога ў першым раўндзе плэй-оф будзе «Ёкерыт». Склады астатніх пар Заходняй канферэнцыі: СКА (Санкт-Пецярбург) — «Віцязь» (Падольск), «Дынама» (Масква) — «Тарпеда» (Ніжні Ноўгарад).

Матчы плэй-оф з удзелам мінскага «Дынама» ў прамым эфіры пакажа тэлеканал «Беларусь 5». Сёння гульня пачнецца ў 19.00, а ў чацвер матч адбудзецца ў 17.00.


2. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў згуляў унічыю з харвацкім «Загрэбам» — 21:21. Свой наступны паядынак падапечныя Сяргея Бябешкі правядуць заўтра ў Франкфурце супраць нямецкага клуба «Райн Лявен», але адзначым, што прадстаўнікі беларускага клуба ўжо забяспечылі сабе траплянне ў плэй-оф прэстыжнага турніру (гэтаму дапамагло паражэнне шведскага клуба «Крысціянстад» ад нямецкага «Райн Лявен» — 29:31). Уладальнікі ўсіх пропускаў вызначацца пасля заканчэння групавога этапу.


3. Канаістка Надзея Макарчанка ўдастоена прэміі Wоrld Раddlе Аwаrds (WРА) у катэгорыі «найбольш перспектыўны малады спартсмен». Гэтая прэмія праводзіцца штогод і ўручаецца ў галіне вяслярных відаў спорту. Выбар пераможцаў Wоrld Раddlе Аwаrds у сямі катэгорыях ажыццяўляўся таемным галасаваннем членаў WРА, а таксама па ліку адзначаных і ўпадабаных атлетаў на адмысловай старонцы ў інтэрнэце. Акрамя беларускі Надзеі Макарчанкі, на прэстыжную ўзнагароду ў юніёрскай катэгорыі прэтэндавалі яшчэ чатыры атлеты: з ЗША, Чэхіі, ПАР і Польшчы.

Прэмія Надзеі ўручана за высокія дасягненні на працягу двух апошніх гадоў. На юніёрскіх чэмпіянатах свету па веславанні на байдарках і каноэ ў 2015 і 2016 гадах Надзея Макарчанка заваявала пяць залатых узнагарод: у каноэ-адзіночцы на 200 м (двойчы), у каноэ-двойцы на 200 м (двойчы) і 500 м.


4. Чэмпіянат свету па біятлоне ў аўстрыйскім Хохфільцэне завяршыўся гонкамі з масавага старту. Залаты медаль сярод мужчын заваяваў немец Сымон Шэмп, у жаночым мас-старце чэмпіёнкай свету стала нямецкая біятланістка Лаура Дальмайер. Надзея Скардзіна фінішавала 16-й, Дар'я Домрачава аказалася на 19-м радку.

Нагадаем, адзіны медаль на гэтым чэмпіянаце планеты зборнай Беларусі прынесла Дар'я Домрачава, якая заваявала «серабро» ў гонцы пераследу.


5. У наймацнейшым дывізіёне чэмпіянату Беларусі па хакеі (экстралізе) вызначаны пары плэй-оф. У 1/4 фіналу згуляюць: «Юнацтва-Мінск» — «Беларусь-U20», «Нёман» — «Ліда», «Гомель» — «Металург-Жлобін». У пары «Шахцёр» (Салігорск) — «Дынама-Маладзечна» ў заключным туры, 21 лютага, вызначыцца, якая з камандаў стартуе ў плэй-оф на дамашняй пляцоўцы. На цяперашні момант у абодвух клубаў па 70 ачкоў у турнірнай табліцы.

Матчы плэй-оф, да чатырох перамог адной з камандаў, пачнуцца 25 лютага.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Гульні «на вылет»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».