Вы тут

Прыглядацца = углядацца


Сербія «прымярала» ролю ганаровага госця налета.


У Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы Сербія ўдзельнічае даўно. Але ў наступным годзе блізкая нам краіна распавядзе пра сябе больш падрабязна — праз кнігі, сустрэчы і культурныя імпрэзы. Прапанова стаць ганаровым госцем на 25-м кніжным кірмашы ў Мінску стала лагічным працягам сяброўскіх стасункаў, што склаліся паміж нашымі краінамі. І падштурхнула да падрыхтоўкі загадзя.

У двухбаковых абмеркаваннях усіх акалічнасцяў па арганізацыі стэнда ганаровага госця ад Міністэрства культуры Сербіі ўзяў удзел Младэн Вескавіч, старшы дарадца па міжнародным супрацоўніцтве, мове, літаратуры і культуры сербаў за мяжой. Спадар Вескавіч адзначыў:

— Стасункі паміж нашымі краінамі добрыя на самым высокім узроўні — палітычным, эканамічным, культурным. Але мы павінны лепш пазнаёміцца адзін з адным на ўзроўні больш шырокіх колаў грамадства. Ведаю, што з мінулых часоў захаваліся кантакты паміж літаратарамі і іншымі творцамі, але гэта сталае пака- ленне, а моладзь нашых краін кантактуе ўжо меней. У

нас вядомыя некалькі імёнаў беларускіх пісьменнікаў, па якіх мы разумеем беларускую літаратуру. Але мала ведаюць, якія ў вас з’яўляюцца новыя аўтары, пра што яны пішуць. Таму калі Сербія будзе ганаровым госцем на кніжным кірмашы ў Мінску, то гэта найперш шанец для нашых маладых пісьменнікаў прадставіць свае кнігі і распавесці пра сябе. Важна, каб кантакт з’явіўся, але і працягваўся далей, не толькі ў межах кірмашоў, каб абудзілася цікавасць выдавецтваў і публікі, якая б разумела, што наша сяброўства грунтуецца на адным тыпе культуры, пры тым, што ёсць незалежная Сербія і незалежная Беларусь. На гэтым узроўні трэба выбудоўваць адносіны. Таму што ў мінулым стагоддзі нашы народы маглі адчуваць сваю блізкасць праз драматычныя падзеі: гэта Першая сусветная вайна і Другая сусветная вайна, падчас якіх мы былі на адным баку.

— У нас пра гэта шмат літаратуры. А ў вас?

— У апошнія часы — так. Але раней не было шмат літаратуры, асабліва пра Першую сусветную вайну. У Першай сусветнай вайне Сербія ваявала на баку пераможцаў, але некаторыя часткі Югаславіі (як Боснія і Герцагавіна, Харватыя і інш.) былі з Аўстрыяй. Таму гэтую тэму ў адзінай Югаславіі не імкнуліся ўзнімаць. Цяпер мы можам гаварыць свабодна пра тую вайну, пра вялікую колькасць ахвяр, і не толькі вайскоўцаў, але і мірных жыхароў. Таму з’яўляецца больш літаратуры пра Першую сусветную вайну, Другую сусветную вайну, і яшчэ ёсць вялікае кола літаратараў, якія пішуць пра тое, што адбывалася падчас грамадзянскай вайны ў былой Югаславіі. Але дыстанцыя яшчэ невялікая для глыбокага асэнсавання. Тым не менш ужо можна знайсці творы добрыя, цікавыя, якія распавядаюць пра гэтую драму. Магчыма, некаторыя з іх будуць перакладзены на беларускую ці рускую мову.

— Ці ёсць цікавасць у сербскага чытача да сваёй сучаснай літаратуры?

— У Сербіі ладзіцца Бялградскі кніжны кірмаш, які славіцца даўняй традыцыяй: яна складвалася цягам 63 гадоў. Гэта самы буйны кніжны кірмаш з усіх, што адбываюцца ў нашай краіне. У кастрычніку мінулага года яго наведалі больш за 180 тысяч чалавек, якія набылі квіткі. Гэта самая вялікая колькасць наведвальнікаў за ўсю гісторыю Бялградскага кніжнага кірмашу, на якім былі прадстаўленыя каля 30 выдавецтваў ад Сербіі і каля 30 экспанентаў ад замежных гасцей. Гэта важнае мерапрыемства для выдавецтваў Сербіі, але яно прыцягвае і прадстаўнікоў Рэспублікі Сербскай, Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі, Харватыі і інш. Шмат людзей прыязджае не толькі з Бялграда, але і з усіх куткоў Сербіі, з іншых земляў, дзе гавораць на сербскай мове. Так, кніжны кірмаш цікавы для людзей. Але як і ў іншых краінах Еўропы і свету, нашы чытачы ў большасці, на жаль, аддаюць перавагу літаратуры лёгкай, чытву. Шмат маладых людзей любяць коміксы, у нас вялікая колькасць ілюстратараў, якія займаюцца коміксамі. Таксама карыстаюцца попытам камерцыйныя выданні, але сярод іх ёсць і такія, што маюць добрую якасць.

— Што сабой уяўляе кнігавыдавецкая галіна Сербіі, як яна працуе ў рынкавых умовах? Які сегмент выданняў падтрымліваецца дзяржавай?

— У нашай краіне зарэгістравана каля 400 выдавецтваў. Але калі вы паглядзіце ў Нацыянальнай бібліятэцы Сербіі, колькі там кніг і хто іх выдаў, то можна сказаць, што выдавецтваў, якія працуюць на рынку стала і метанакіравана, каля 50. Іх кнігі складаюць каля 70 працэнтаў ад усёй колькасці выдадзенай прадукцыі. Ёсць некалькі дзяржаўных выдавецтваў (яны як вялікія грамадскія вытворцы), якія друкуюць законы, падручнікі, тую выдавецкую прадукцыю, якая патрэбна ў дзяржаве.

Іх удзел у кніжным рынку не такі вялікі. Большасць кніг, якія трапляюць на кніжны рынак, выдаецца прыватнымі выдавецтвамі. Так, Міністэрства культуры ў нас дае падтрымку выдавецтвам праз конкурсы, падтрымлівае дзейнасць па перакладах, купляе кнігі для публічных бібліятэк.

На жаль, сур’ёзнай літаратуры Сербіі прыходзіць да чытача няпроста. Праўда, і кошт такіх кніг не маленькі. Так, ёсць пісьменнікі, якія ўзнімаюць сур’ёзныя для сербскай літаратуры тэмы, пра іх пішуць крытыкі і літаратуразнаўцы ў літаратурных часопісах (але іх тыражы невялікія, каля 930 экзэмпляраў). У Сербіі каля 45 — 50 літаратурных часопісаў і газет, якія атрымліваюць падтрымку Міністэрства культуры. Таксама на некалькіх інтэрнэт-форумах вядуцца літаратурныя дыскусіі. Многія камерцыйныя медыя цяпер не знаходзяць шмат прасторы для культуры, але на акадэмічным узроўні, ва ўніверсітэтах ёсць прафесары і студэнты, якія цікавяцца пытаннямі сучаснай літаратуры. Цяжка быць пісьменнікам цяпер не толькі ў Сербіі, але і наогул. Калі пісаць сур’ёзную літаратуру, то тыраж кніг не будзе вялікі. Ёсць праблема, як прыцягнуць чытача. Час, у які мы жывём, мяняе камунікацыю паміж пісьменнікам і чытачом. Ужо шмат людзей чытаюць кнігі ў інтэрнэце. Праўда, у нас няма вялікай колькасці электронных кніг, іх доля меней за 5 працэнтаў. Але людзі, што займаюцца сур’ёзнай літаратурай, кансерватыўныя, яны любяць паперу, пачытаць часопіс, газету, якую можна трымаць у руках. Для іх важная і кніга. Мне цяжка ўявіць, які тып літаратуры будзе запатрабаваны, як яна будзе развівацца далей. Новы час — новы тып камунікацыі. І калі раман ці паэма вартыя, то форма прыходу да чытача можа быць рознай. Але змест самаісны. Мне здаецца, гэта справядліва і для нас, і для вас.

Размаўляла Ларыса ЦІМОШЫК

Драган Лакічавіч

У самалёце

«Мінск —

Бялград»

Мінск нагадвае вялікі лега-

горад,

Па якім лега-людзі гуляюць,

Спяшаюцца ў лега-цэрквы

і лега-школы.

Гэтак, відаць, Бог забаўляўся,

Калі быў дзіцяткам, —

з малога краю,

Каб неяк аднойчы

З лега-кубікаў і цацак

Скласці краіну вялікую,

А вакол яе — свет астатні.

Людзі-постаці ў горадзе Мінску

Здаліся Богу надта спакойнымі,

добрымі,

І Ён пасяліў побач не такіх

добрых —

Каб горшыя вучыліся ў лепшых,

Каб лепшыя ад горшых цярпелі.

Горшыя ў лепшых не вучыліся,

І лепшыя хрысціянамі сталі,

каб прабачаць

Правіны горшых.

Мінск стаў школай-царквой

У акружэнні плошчаў і паркаў.

Таму ён нагадвае лега-горад

Пасярод вялікага зялёнага поля

Незабыўнай Беларусі.

Райка Петраў Нога

* * *

Ангелам падрэзалі крылы

Архангела скруцілі дротам

А свечка яшчэ не пагасла

І першай літарай не стала

іжыца

Змарнеў краявід камяністы

Перасохла ў Астрогу крыніца

Калі марнаслоўная лжэзорка

Агаварыла ягня за спінай у Бога

Мація Бечкавіч

Кінжал

Ёсць такая цікавая прытча,

Што да нас дайшла з поўначы,

Пра паляванне на хіжых

ваўкоў:

Бяруць кінжал

двухбаковавостры,

Абмакваюць лязо ў свежую

кроў і,

Уткнуўшы ў лёд дзержаком,

Пакідаюць на снежнай

прасторы.

Воўк, у тую пару згаладалы,

Пах крыві здалёк адчувае,

Асабліва ў паветры марозным

Ноччу, пад высокімі зорамі,

Так што лёгка знаходзіць

прынаду тую.

А мерзлую сукравіцу ліжучы,

Адразу рэжа язык сабе

І тады цёплую кроў сваю

З халоднага ляза сёрбае.

Прычым супыніцца не можа,

Ажно пакуль не ўпадзе,

Сваёй крывёю здаволіўшыся.

Калі ж так адбываецца

з ваўкамі,

Якіх упаляваць найцяжэй,

То што казаць пра людзей

Ды і пра народы ўвогуле,

А пра наш тым болей,

Бо ён жа сваёй крывёю

Ніяк не спатоліцца.

І ўперш прападзе,

Чым спасцігнуць здолее,

Што можа над намі

Толькі крывавы кінжал

Застацца

Адзіным помнікам

І крыжом.

Адам Пуслаіч

І крыж, і сорам

Крыж свой трымаю

ў руцэ

і мы існуем разам

як кажуць

зноў усё

тое што не стала

жыццёвай звычкай

сорамна мне

перад Богам

што Ім створанае

для мяне стала звыклым

але яшчэ ж

паглядзім

і падправім

і дапоўнім

абы толькі

засталося здароўе

і многа спраў

Пераклад Івана Чароты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?